Оды ў стылі постсімвалізму

№ 43 (963) 23.10.2010 - 29.10.2010 г

Яго жыццё на вастрыі пэндзля

/i/content/pi/cult/293/4848/7-2.jpg

"Маё жыццё" - менавіта так назваў выстаўку ў Нацыянальным мастацкім музеі краіны заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, таленавіты жывапісец Леанід Дударэнка, прысвяціўшы яе свайму 80-годдзю. Экспазіцыя - вялікая, шматгранная, уражальная - стала пэўным пацвярджэннем не толькі сталасці мастака, але і вынікам яго складаных, размаітых і востраарыгінальных, часам супярэчлівых, вобразна-пластычных пошукаў. Пошукаў, не запазычаных у Вялікай сусветнай "рэпрадукцыйнаальбомнай" спадчыны, як гэта часам адбываецца на нашых творчых "кухнях", а асабіста выпакутаваных і перажытых на складаных шляхах Яго Вялікасці Мастацтва.

Жывапіс Дударэнкі - гэта лад яго мыслення, тут - усе ягоныя думкі і пачуцці. Тут- яго перамогі і паражэнні, ягоныя адносіны да свету, да людзей, да каханай жанчыны, да прыроды, да дня сённяшняга, мінулага і будучага... У чым жа сутнасць жывапісу Дударэнкі, які прадстаўлены ў юбілейнай экспазіцыі? Перадусім, гэта - драматызм светаўспрыняцця. Не, не змрочнасць, не прыгнечанасць пачуццяў, але пастаяннае сардэчнае напружанне, энергія вялікага проціборства. Менавіта драматычная ўнутраная дынаміка часцей за ўсё аказваецца лейтматывам твораў мастака. Дастаткова ўзгадаць яго складана-філасофскія кампазіцыі "Жыццё - гэта тэатр", "Памяць паэта", "Кніга гэта - народу майму", "Дзень Перамогі", "Аляксандр Салжаніцын", "За вас, сябры!", а таксама грандыёзную серыю, прысвечаную праваслаўным храмам і манастырам.

 У Дударэнкі на рэдкасць абвостранае пачуццё гістарызму, пастаянныя і шматзначныя дыялогі з мінулым, пачынаючы з ранніх "П'еты" і "Вызвалення" і заканчваючы "прытчавымі" карцінамі "Чалавек - гаспадар Зямлі", "Эпілог", "Гібель на шляху да камунізму", "Мая шматпакутная Беларусь", "Юдзіф", "На парозе XXI стагоддзя", "Людзі і манекены"... Вельмі няпроста вызначыць паходжанне гэтых і іншых аналагічных твораў. Можна праводзіць паралелі з "неаакадэмізмам", "гіперрэалізмам", /i/content/pi/cult/293/4848/7-1.jpg"суперрэалізмам" і нават з "фотарэалізмам" з элементамі сюррэалізму,- вось ужо гэтыя "-ізмы"! Можна нават сказаць, што некаторыя карціны мастака ператвараюцца ў алегарычныя оды ў стылі постсімвалізму, які немагчыма расшыфраваць. Але Дударэнка не заглыбляецца ў гэтыя джунглі, а піша так, як загадаў яму Бог, узнагародзіўшы талентам і душою сумленнага і чулага чалавека. Боль за людзей, боль за краіну, боль за лёс планеты заўсёды быў уласцівы мастаку, хаця ён і не любіць усё гэта выказваць гучна. Аднак, мабыць, прыспеў час, і творца не вытрываў, вывеўшы на палотны ўсё, што яго хвалявала, ад чаго ён пакутаваў, чым гарэла ягоная душа. У гэтым сэнсе карціна "Хрыстос і людзі", на мой погляд, і ёсць квінтэсэнцыя яго творчых пошукоў апошніх двух дзесяткаў гадоў.

 Пра Дударэнку як майстра пейзажа, партрэта і нацюрморта можна казаць многа. У гэтых жанрах Леанід знайшоў сябе даволі хутка. І чарадзейства мастакоўскага пераасэнсавання жыцця, прыроды набыло вольны палёт яшчэ ў тыя даўнія 1960 - 70я гады. У творчых вандроўках па роднай Беларусі, па Савецкім Саюзе і замежжы (аж да Афганістана і Манголіі) Дударэнка авалодаў усім "рэпертуарам" тэхнічных сродкаў жывапісу і асновамі "еўрапейскага" кампазіцыйнага мыслення, дасягнуў найвышэйшай свабоды пейзажных і партрэтных характарыстык. Вялікім дасягненнем ягоных паэтычных, урбаністычных і мемарыяльных пейзажаў з'яўляецца "аб'ектыўнасць" вобраза прыроды: асабіста адчутае, перажытае мастаком выступае ў іх як агульназначнае; паэзія прыроды - як існуючая рэальнасць, а не толькі нейкі імгненны "імпрэсіяністычны" настрой аўтара. І ў лепшых партрэтах таксама - выразнасць, дакладнасць і закончанасць вобраза і тая лагічна выбудаваная структура твораў, якая надае ім карцінны характар...

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"