Свая — Нацыянальная!

№ 43 (963) 23.10.2010 - 29.10.2010 г

З’яўленне на Беларусі сваёй Нацыянальнай тэатральнай прэміі цягам апошняга года было, бадай, адной з самых гарачых тэм для абмеркавання ў колах прафесіяналаў і ўсіх зацікаўленых. Ініцыятыва творцаў, падтрыманая міністрам культуры краіны Паўлам Латушкам і агучаная ім на жнівеньскай сустрэчы з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам, была адобрана Кіраўніком дзяржавы.

 

Звярталася да абмеркавання гэтай тэмы і "Культура" (№№ 22, 34 за 2010 г.), разглядаючы на сваіх старонках магчымыя варыянты арганізацыі і ажыццяўлення такога важнага мерапрыемства, якое магло б не толькі выявіць яркія пастаноўкі айчынных калектываў, але і ўбачыць перспектыўны патэнцыял тэатральнага мастацтва краіны, кансалідаваць творчыя сілы, скіраваўшы іх на стварэнне новых высокамастацкіх спектакляў. І гэтым самым - узняць прэстыж тэатральнага мастацтва ў краіне, падштурхоўваючы яго да больш смелага выхаду і на міжнародную арэну.

І вось напрыканцы верасня пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь "матэрыялізавала" тэатральную прэмію, даючы айчынным тэатрам "каманду" выхаду на старт. Конкурсная дыстанцыя вызначана, тэрміны і кола ўдзельнікаў - таксама. Так што, час - распачынаць

ПАСТАНОВА           

САВЕТА МІНІСТРАЎ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

 Аб зацвярджэнні Палажэння аб правядзенні рэспубліканскага конкурсу тэатральнага мастацтва "Нацыянальная тэатральная прэмія"

У мэтах далейшага развіцця нацыянальнага тэатральнага мастацтва, стымулявання творчай дзейнасці прафесійных тэатраў Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:

1. Зацвердзіць прыкладзенае Палажэнне аб правядзенні рэспубліканскага конкурсу тэатральнага мастацтва "Нацыянальная тэатральная прэмія".

 2. Дадзеная пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.

Прэм'ер-міністр Рэспублікі Беларусь С.Сідорскі

 ЗАЦВЕРДЖАНА

 ПАСТАНОВА САВЕТА МІНІСТРАЎ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

 29.09.2010 № 1404

 ПАЛАЖЭННЕ

 аб правядзенні рэспубліканскага конкурсу тэатральнага мастацтва

"Нацыянальная тэатральная прэмія"

 1. Дадзеным Палажэннем вызначаецца парадак арганізацыі і правядзення рэспубліканскага конкурсу тэатральнага мастацтва "Нацыянальная тэатральная прэмія" (далей - конкурс).

2. Конкурс праводзіцца ў мэтах падтрымкі тэатральнага мастацтва Рэспублікі Беларусь, заахвочвання дзеячаў тэатральнага мастацтва краіны да стварэння высокамастацкіх спектакляў і акцёрскіх работ, выяўлення лепшых сцэнічных работ і дзеячаў тэатральнага мастацтва, якія паказалі найбольш яркія вынікі сваёй творчай працы.

 3. Конкурс праводзіцца Міністэрствам культуры сумесна з рэспубліканскім грамадскім аб'яднаннем "Беларускі саюз літаратурна-мастацкіх крытыкаў", грамадскімі аб'яднаннямі "Беларускі саюз тэатральных дзеячаў" і "Беларускі саюз кампазітараў" у тэрміны, вызначаныя дадзеным Міністэрствам.

4. Удзел у конкурсе прымаюць прафесійныя тэатры Рэспублікі Беларусь розных накірункаў і жанраў. Ад аднаго тэатра для ўдзелу ў конкурсе можа быць вылучаны адзін спектакль.

 5. Конкурс праводзіцца па наступных намінацыях:

"Лепшы спектакль";

"Лепшая рэжысёрская работа";

"Лепшая мужчынская роля";

"Лепшая жаночая роля";

 "Лепшая работа мастака-пастаноўшчыка" (сцэнаграфія і касцюмы);

 "Лепшае музычнае афармленне спектакля";

 "Лепшая сучасная беларуская пастаноўка" (для сучасных драматургаў і (ці) рэжысёраў, якія зрабілі пастаноўку па творы сучаснага беларускага аўтара).

6. Конкурс праводзіцца ў два этапы. На першым этапе конкурсу ствараецца адборачная камісія, склад якой зацвярджаецца Міністэрствам культуры.

7. Тэатры накіроўваюць у адборачную камісію заяўку, да якой прыкладаюцца інфармацыя з указаннем назвы спектакля і года яго стварэння, кароткая анатацыя спектакля, звесткі аб рэжысёрска-пастановачнай групе, матэрыялы з водгукамі прэсы, DVD-дыск з відэазапісам спектакля.

 8. Адборачная камісія з улікам заявак тэатраў пасля прагляду відэаматэрыялаў (або прагляду спектакляў у тэатрах) прымае рашэнне аб вылучэнні кандыдатаў для ўдзелу ў другім этапе конкурсу ў адной або ў некалькіх намінацыях. Рашэнні адборачнай камісіі прымаюцца шляхам адкрытага галасавання на падставе большасці галасоў. Рашэнні лічацца правамоцнымі, калі на пасяджэнні прысутнічала не менш за дзве трэція агульнага складу адборачнай камісіі. Рашэнне адборачнай камісіі афармляецца пратаколам.

Спіс спектакляў, якія вылучаны для ўдзелу ў другім этапе конкурсу, публікуецца ў сродках масавай інфармацыі.

9. На другім этапе конкурсу фарміруецца журы конкурсу з ліку прадстаўнікоў грамадскіх аб'яднанняў, названых у пункце 3 дадзенага Палажэння, і Міністэрства культуры, вядучых дзеячаў тэатральнага мастацтва рэспублікі. Персанальны склад журы зацвярджаецца Міністэрствам культуры ў складзе старшыні, яго намеснікаў, сакратара і іншых членаў журы.

Журы конкурсу робіць прагляд у тэатрах спектакляў, якія вылучаны для ўдзелу ў другім этапе конкурсу, абмяркоўвае іх і прымае рашэнне аб пераможцах. Пры вызначэнні пераможцаў конкурсу асноўнымі крытэрыямі з'яўляюцца высокі мастацкі ўзровень работ, наяўнасць арыгінальных творчых ідэй і здабыткаў, якія садзейнічаюць развіццю нацыянальнага тэатральнага мастацтва.

Пераможцам у намінацыі "Лепшы спектакль" лічыцца спектакль па сукупнасці творчай работы ўсіх яго стваральнікаў: рэжысёра, акцёраў - выканаўцаў галоўных роляў, мастака, балетмайстра, кампазітара.

10. Рашэнне журы прымаецца шляхам тайнага галасавання на падставе большасці галасоў. Рашэнне журы лічыцца правамоцным, калі на пасяджэнні прысутнічала не менш за дзве трэція яго агульнага складу. Рашэнне журы афармляецца пратаколам, лічыцца канчатковым і перагляду не падлягае.

11. Па выніках конкурсу пераможцы кожнай з намінацый, акрамя пераможцаў у намінацыі "Лепшы спектакль", атрымліваюць грашовую прэмію ў памеры 58 базавых велічынь.

Пераможцы ў намінацыі "Лепшы спектакль" атрымліваюць грашовую прэмію ў памеры 286 базавых велічынь. Грашовая прэмія ў дадзенай намінацыі падзяляецца на роўныя часткі паміж стваральнікамі спектакля.

 Арганізацыямі, грамадскімі аб'яднаннямі для пераможцаў могуць быць устаноўлены іншыя ўзнагароды і заахвочванні.

 12. Вынікі конкурсу абвяшчаюцца на ўрачыстай цырымоніі, дзе пераможцам уручаюцца грашовыя прэміі, узнагароды (статуэткі, якія сімвалізуюць конкурс), дыпломы.

13. Аплата расходаў, звязаных з работай адборачнай камісіі і журы конкурсу, вырабам дыпломаў і прызоў, правядзеннем урачыстай цырымоніі ўручэння ўзнагарод, выплата грашовых прэмій пераможцам ажыццяўляюцца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, прадугледжаных Міністэрству культуры на правядзенне цэнтралізаваных мерапрыемстваў, а таксама за кошт сродкаў іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

 Каментарый з нагоды

 На "старт" - тры месяцы

Па каментарыі мы звярнуліся да галоўнага спецыяліста ўпраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Вікторыі КУКСЯНКОВАЙ.

- Як хутка тэатры змогуць пачаць дасылаць свае заяўкі на конкурс?

 - Думаю, ім варта пачаць клапаціцца пра гэта ўжо цяпер. Падвядзенне вынікаў Першага Рэспубліканскага конкурсу тэатральнага мастацтва "Нацыянальная тэатральная прэмія" запланавана і прымеркавана да Міжнароднага дня тэатра, што, як вядома, адзначаецца 27 сакавіка. Адпаведна, для таго, каб экспертная камісія магла зрабіць сваё заключэнне, неабходна, каб усе матэрыялы былі дасланы не пазней чым да канца студзеня наступнага года. Тры месяцы - не такі вялікі тэрмін, так што пачынаць збор дасье на спектаклі я параіла б ужо зараз.

 - Палажэнне не выдзяляе асобна драматычныя тэатры, лялечныя, музычныя - усе яны будуць канкурыраваць паміж сабой на агульных падставах. Што мусіць уключаць у сябе пакет дакументаў для прадстаўлення таго або іншага спектакля на суісканне Нацыянальнай тэатральнай прэміі?

 - Так, сапраўды, свае спектаклі да ўдзелу ў конкурсе могуць вылучаць любыя прафесійныя тэатральныя калектывы Рэспублікі Беларусь самых розных накірункаў і жанраў. Для гэтага яны павінны прадставіць у адборачную камісію заяўку, да якой далучаецца DVD-дыск з якасным запісам, звесткі пра спектакль-кандыдат: яго назва, год стварэння, кароткую анатацыю да яго, а таксама даныя аб рэжысёрска-пастановачнай групе і матэрыялы з водгукамі прэсы. Увесь гэты пакет дакументаў патрэбна накіроўваць на адрас Міністэрства культуры: пр. Пераможцаў, 11, г. Мінск, 220004, Рэспубліка Беларусь, з пазнакай "На конкурс "Нацыянальная тэатральная прэмія".

 - Якія спектаклі могуць прымаць удзел у конкурсе?

- Усе, створаныя цягам 2009 - 2010 гадоў.

- Пераможцам у намінацыі "Лепшы спектакль" стане...

 - ...Увесь аўтарскі калектыў яго стваральнікаў: рэжысёр, мастак, балетмайстар, кампазітар, а таксама акцёры - выканаўцы галоўных роляў.

 Таццяна КОМАНАВА