Як “паставіць” Зыбіцкую на цвёрдую глебу?

№ 43 (963) 23.10.2010 - 29.10.2010 г

Што прасцей: змяніць рэчышча Свсілачы або скіраваць дыскусію ў канструктыўнае рэчышча?

/i/content/pi/cult/293/4843/5-1.jpg

Мінская вулачка, якая ўшчыльную прылягае да Свіслачы на самым ускрайку Верхняга горада, ніколі не была эпіцэнтрам гістарычных падзей. Стагоддзе за стагоддзем тут ішло размеранае гарадское жыццё: і ў той час, калі гэтае месца было шчыльна забудавана, і пасля таго, як яно ператварылася ў пустку, а ад вуліцы, па сутнасці, засталася адна назва: Гандлёвая, з нядаўняга часу - Зыбіцкая. Доўгія гады цішыню тут парушалі хіба побытавыя размовы, а ніяк не навуковыя дыскусіі.

Маніторынг і кантэнт-аналіз беларускіх СМІ за апошнія некалькі месяцаў прыводзіць да высновы, што зарослая травой пустка стала ці не найпраблемнейшым аб'ектам у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны краіны. Жарсці часам зашкальвалі за ўсе разумныя межы. Лексіка некаторых апанентаў відавочна не адпавядала дыскурсу інтэлігентнага сумоўя прафесіяналаў.

29 верасня на пасяджэнні Рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэпублікі Беларусь былі разгледжаны дзве праектныя прапановы аднаўлення забудовы па вуліцы Зыбіцкай. Першая, прадстаўленая ўжо ў выглядзе будаўнічага праекта, распрацавана спецыялістамі "Мінскпраекта" пад кіраўніцтвам Наталлі Баранец і ўяўляе з сябе стылізацыю пад старую забудову без прэтэнзій на аднаўленне гістарычнай праўды. Другая была на грамадскіх пачатках створана архітэктурнай секцыяй Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Маладыя архітэктары Андрэй Ларры і Антон Вантух на падставе грунтоўнага даследавання архіўных даных паставілі перад сабой задачу аднавіць вуліцу менавіта ў тым выглядзе, які яна мела сто гадоў таму.

У выніку члены Рады прынялі за аснову прапанову "Мінскпраекта", у той самы час, рэкамендаваўшы ўлічыць усе найлепшыя напрацоўкі альтэрнатыўнага праекта. Аўтараў апошняга такая сітуацыя не задаволіла.

У шматлікіх публікацыях на гэты конт, якія навыперадкі красуюць эмацыйнымі ды яркімі загалоўкамі, няўзброеным вокам можна заўважыць адну лакуну. Чым было матывавана гэтае рашэнне Рады - грамады, якая заадзіночвае аўтарытэтных спецыялістаў? Шукаць адказ на гэтае пытанне ў беларускай медыяпрасторы сёння бессэнсоўна. І таму ў многіх магло скласціся ўражанне, быццам ніякага навуковага абгрунтавання гэтае рашэнне і не мела.

- Няўжо гэта так? - запытаў я ў начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігара ЧАРНЯЎСКАГА, які з'яўляецца намеснікам старшыні Навукова-метадычнай рады. Ягоны маналог у адказ быў досыць доўгім. Для пошуку належных аргументаў не спатрэбілася ні хвіліны часу на роздум.

Мадэль або дакладная копія?

"...Перш-наперш падкрэслю адну акалічнасць, - пачаў Ігар Мяфодзьевіч. - Абедзве архітэктурныя прапановы - гэта менавіта мадэлі аднаўлення гістарычнага асяроддзя вуліцы Зыбіцкай, а не паўнавартаснае аднаўленне гістарычнай праўды. Прычым архітэктары "Мінскпраекта" апошняга і не адмаўляюць, вызначаючы сваю работу менавіта як узор стылізацыі "пад даўніну", - у адрозненне ад аўтараў альтэрнатыўнага праекта.

А цяпер я паспрабую патлумачыць, чым была матывавана такая выснова.

 Адраджэнне помніка спадчыны "з нуля" патрабуе пэўнай метадалогіі. Адна з найважнейшых задач - "пасадзіць" кожны з будынкаў на сваё месца, на "родныя" падмуркі, выяўленыя пад час раскопак. Але многія падмуркі дамоў на Зыбіцкай проста не захаваліся праз розныя абставіны, такія, як, напрыклад, работы па пракладцы камунікацый, пра якія яшчэ згадаю трохі пазней.

Як сведчаць даследчыкі, якія стала працуюць у архівах і займаюцца праектаваннем гістарычных будынкаў, не заўсёды можна даваць веры знойдзеным чарцяжам і, тым болей, схемам. Менавіта таму іх важна правяраць натурнымі даследаваннямі. У выпадку, скажам, з будынкамі па вуліцы Рэвалюцыйнай, такую праверку можна рабіць. У дадзенай сітуацыі з вуліцай Зыбіцкай такой магчымасці няма, бо забудова не захавалася. І аднаўляць гістарычную праўду на падставе толькі архіўных дакументаў, не падмацаваных прыкладнымі доследамі, будзе не зусім правільна.

І яшчэ адна акалічнасць. Праектная прапанова Андрэя Ларры і Антона Вантуха - гэта, свайго кшталту, ідэальная мадэль. Нават нягеглыя гаспадарчыя буданчыкі там перададзены ў якасці высокамастацкай забудовы. Хаця, як сцвярджаюць спецыялісты па гісторыі Мінска, вуліца Зыбіцкая (як, зрэшты, і Траецкае прадмесце) ніколі не вылучалася такой "стэрыльнай" дагледжанасцю: у дварах камяніц была процьма неахайных будынкаў гаспадарчага прызначэння. Дык чаму ж гэтыя архітэктары пра іх забылі? Калі прэтэндаваць на гістарычную праўду, трэба быць праўдзівым да канца.

 Між іншым, многія камяніцы ў Верхнім горадзе падмуркаў амаль і не мелі. Для нашых умоў, а тым болей - для той, некалі забалочанай, тэрыторыі, 60 сантыметраў падмурка відавочна недастаткова: гэта нават меней за глыбіню прамярзання грунту. І абмінуць увагай падобныя тэхічныя моманты - тое ж самае, што спрабаваць падмануць прыроду.

 І яшчэ адно пытанне. На думку некаторых даследчыкаў, старыя фотаздымкі, што захаваліся да нашага часу, фіксуюць тэрыторыю найперш каля цяперашняга моста цераз Свіслач, праз які праходзіць адна з найважнейшых транспартных артэрый сучаснага Мінска. Але ж гэта тая частка колішняй Зыбіцкай, якую сёння аднавіць нельга,- думаю, нават не трэба тлумачыць, чаму. Няблага задакументаваны таксама і ўчастак у раёне цяперашняй "Журавінкі". А вось сярэдзіна, якая нас найбольш, акурат, і цікавіць... Мяркуючы па ўсім, забудова там была непрэзентабельнай і хаатычнай, што і не дзіўна, бо заможныя мінчукі імкнуліся сяліцца бліжэй да Ніжняга рынку.

 Урэшце, варта прыгадаць міжнародныя нарматыўныя дакументы ў сферы аховы спадчыны - напрыклад, Вашынгтонскую хартыю 1987 года. Там адзначана, што ў тым выпадку, калі ў гістарычную забудову ўводзіцца новы аб'ект, характар яго архітэктуры павінен адпавядаць традыцыям часу стварэння. Так, гэта можа быць архітэктура ў гістарычным кантэксце, але яна павінна адлюстроўваць і наш час. Стварэнне муляжоў прафесіяналамі не заахвочваецца. Разам з тым, 10 гадоў таму была прынята Рыжская хартыя, дзе спецыялісты пагадзіліся з тым, што ў нашым рэгіёне, які моцна закранулі войны і сацыяльныя катаклізмы, магчымае аднаўленне аб'ектаў нацыянальнага гонару, але толькі пры наяўнасці абсалютна дакладнага дакументальнага абгрунтавання. У выпадку з Мінскай ратушай або Святадухаўскай царквой гэта было магчыма. У выпадку з Зыбіцкай - узнікаюць пытанні.

Да аўтараў альтэрнатыўнай прапановы ў членаў Рады ўзнікла нямала пытанняў. Вось, маўляў, вы спраектавалі гэты будынак. А на падставе якіх матэрыялаў належыць яго аднаўляць? Даць пераканаўчы адказ на некаторыя з такіх пытанняў архітэктары не здолелі..."

Ізноў перапланіроўка?

 "...Найважнейшай адметнасцю альтэрнатыўнага праекта з'яўляецца аднаўленне не толькі асобных будынкаў, але і планіровачнай структуры вуліцы Зыбіцкай. Але члены Навукова-метадычнай рады прызналі, што ў дадзеным выпадку гэта практычна немагчыма.

З некалькіх прычын адноўленую забудову нельга размясціць у ранейшых параметрах вуліцы. Па-першае, рэчышча Свіслачы за гэты час было зменена, і там, дзе колісь месцілася частка забудовы Гандлёвай, сёння цячэ вада. Дык што, можа, ёсць сэнс яшчэ раз змяніць рэчышча ракі дзеля таго, каб аднавіць гістарычную праўду? Наўрад ці такая ідэя знойдзе багата прыхільнікаў.

 Па-другое, у гэтай зоне знаходзіцца магутны вузел інжынерных камунікацый, які быў створаны ў той час, калі тэрыторыя не была забудавана. Гэта вялізны калектар, цеплатраса, электразабеспячэнне... Спецыялісты сцвярджаюць, што дадзеныя камунікацыі "падсілкоўваюць" жыццядзейнасць усяго Верхняга горада.

 Ці ёсць у нас сёння рэсурсы на тое, каб у чарговы раз паламаць планіровачную структуру на гэтым важным для горада ўчастку? Ці сапраўды гэта неабходна? І ці знойдзе такая ідэя падтрымку сярод муніцыпальных улад Мінска?

Дазволю сабе невялічкае адхіленне ад тэмы, - працягвае Ігар Чарняўскі. - Даўно задаюся пытаннем: чаму многія рупліўцы на ніве аховы спадчыны не працуюць у інстытуцыях, якія непасрэда займаюцца гэтай самай спадчынай - у тых месцах, дзе яны займелі б рэальную магчымасць увасобіць свае ідэі, як кажуць, уласнымі рукамі? Заўсёды можна знайсці пасаду для такога спецыяліста ў рэстаўрацыйных і праектных арганізацыях.

Бо адна справа - ведаць, як трэба рабіць, у тэорыі, ды яшчэ і вучыць, а зусім іншая - самім дамагчыся рэалізацыі хаця б нават дробнага праекта. Скажам, запраектаваць канкрэтны будыначак з забеспячэннем усіх сучасных нарматываў, даткліва прайсці шматэтапную працэдуру ўзгадненняў, выканаць пажарныя, санітарныя ды шматлікія іншыя нарматывы. Паверце, такая мазольная штодзённая праца, якая цягне за сабою і пэўную адказнасць, значна складанейшая за выказванне прыгожых ідэй..."

Магчымасці кампрамісу

"...Навукова-метадычная рада падтрымала прапанову "Мінскпраекта" як больш цэласную з пункта гледжання і функцыянальнага, і планіровачнага. Натуральна, было ўлічана і меркаванне заказчыка - КУП "Мінская спадчына", - які мае свае планы адносна прыстасавання адбудаваных плошчаў. Але, у той самы час, мы ў чарговы раз рэкамендавалі ўлічыць напрацоўкі "альтэрнатыўнага" праекта. Ці, іншымі словамі, знайсці кампраміс.

Упершыню Міністэрства культуры краіны звярнулася з такой прапановай яшчэ месяцы тры таму. І мы вельмі спадзяваліся, што аўтары "альтэрнатыўнай" мадэлі знойдуць паразуменне з "Мінскпраектам", - кажа начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. - Якім чынам? Сустрэўшыся аднойчы ў маім рабочым кабінеце, мы прапанавалі і канкрэтную схему супрацоўніцтва: адмовіцца ад стаўкі на канфрантацыю, а перайсці да канкрэтыкі. Вось, маўляў, ёсць дакументацыя, якая тычыцца таго ці іншага будынка, і яго можна спраектаваць на аснове тых або іншых архіўных матэрыялаў. Адпаведна, не існуе ніякіх перашкод, каб аднавіць яго ў першасным абліччы. Дык чаму б прыдуманую архітэктарамі "Мінскпраекта" камяніцу ў "рэтра-стылі" не замяніць на той будынак, падобны да якога і сапраўды месціўся недзе тут?

Але, ізноў жа, для гэтага трэба выявіць волю да супрацоўніцтва і перайсці да канкрэтыкі. На вялікі жаль, нашы шматлікія заклікі так і не былі пачуты. Аўтары альтэрнатыўнай прапановы ні да якіх кампрамісаў не схільныя і настойваюць толькі на сваёй пазіцыі.

 Між іншым, крытыка з боку членаў Рады неаднаразова гучала і на адрас прапановы "Мінскпраекта". У прыватнасці, яшчэ пад час мінулага абмеркавання была выказана думка, што ў праекце зашмат сучасных элементаў, не адаптаваных да гістарычнай стылістыкі. Архітэктары да гэтых заўваг прыслухаліся і змянілі некаторыя праектныя рашэнні. Гэта дыскусія, якая мае свой вынік.

калі ўпарта стаяць на сваім, лічачы ўласную прапанову ідэальнай... Такі падыход папросту ні да чога не прывядзе. Абвінавачванні ў заангажаванасці і выказванні, якія ўвогуле пераходзяць мяжу прыстойнасці, не будуць мець ніякага плёну.

Не выпадае сумнявацца ў тым, што Андрэй Ларры і Антон Вантух зрабілі грунтоўную і вельмі важную працу. Іхні энтузіязм варты павагі. І будзе шкада, калі гэтыя высілкі акажуцца марнымі..."