Чатыры чаргі для канцэпцыі музея

№ 43 (963) 23.10.2010 - 29.10.2010 г

Ці існуе сакрэт папулярных экспазіцый?

/i/content/pi/cult/293/4842/4-3.jpg

У свой час на старонках "К" абмяркоўвалася канцэпцыя Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. А сёння ўжо ідзе поўнай хадой рэканструкцыя новага будынка ўстановы. І літаральна праз некалькі месяцаў будзе здадзены ў эксплуатацыю першы пускавы комплекс. Карэспандэнт "К" наведаў аб'ект з мэтай высветліць, на якой стадыі знаходзяцца будаўнічыя работы і калі ж адбудзецца доўгачаканая музеефікацыя аб'екта.

 Усё геніяльнае - проста!

 Як адзначыў дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь Сяргей Вечар, увесь аб'ект падзелены на чатыры пускавыя комплексы. У першым квартале 2011-га запланавана здача першай чаргі, дзе размесцяцца асноўныя фондавыя памяшканні. Цягам года ўся цэнтральная частка будынка будзе рэканструявана і стане прыдатнай для экспазіцый.

У 2012-м, па словах Сяргея Вечара, музейшчыкі змогуць прыступіць да мантажу экспазіцыйна-выставачных комплексаў, што запланаваны ў гэтым будынку згодна з канцэпцыяй: гэта і Нумізматычны кабінет, і калекцыя "Скарбніца", і збор дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Думаецца, будзе дарэчы ўбачыць там таксама і беларускую традыцыйную культуру. А своеасаблівым мастком у сучаснасць можа стаць Зала беларускай моды, дзе будуць дэманстравацца творы айчынных дызайнераў. Яна займее статус сапраўды інтэрактыўнага праекта.

На аб'екце мы сустрэліся з прадстаўніком кампаніі-генпадрадчыка, прарабам Аляксандрам Вашкевічам. Па яго словах, ужо завершана перакрыццё даху і распачалася ўнутраная аддзелка першага пускавога комплексу. Яго інтэр'ер будзе даволі аскетычны і вельмі просты, у адрозненне ад наступных, да якіх будуць прад'яўляцца, згодна з праектам, павышаныя эстэтычныя патрабаванні ў аздабленні. Галоўнае сёння - каб музейныя фонды захоўваліся ў адпаведнасці з усімі санітарна-тэхнічнымі нормамі, а таму тут не выкарыстоўваюцца матэрыялы, што маглі б у будучым "паспрыяць" развіццю гнілі і шкодных бактэрый. Усё геніяльнае проста: камень, цэгла, пясок, бетон - вось і ўсе асноўныя будаўнічыя матэрыялы, якія выкарыстоўваюцца пры рэканструкцыі. Тым часам распачынаецца праца па стварэнні адмысловай аўтаматызаванай сістэмы вентыляцыі і ацяплення, што дазволіць аўтаномна падтрымліваць тэмпературны рэжым у памяшканнях.

На думку Сяргея Вечара, сукупнасць двух будынкаў зможа задаволіць асноўныя патрэбы музея ў бліжэйшай перспектыве з улікам нарматыўных патрабаванняў да фондаў, вялікая частка якіх сёння захоўваецца ў будынку Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

 На астатніх пускавых комплексах праводзіцца, выкарыстоўваючы будаўнічую тэрміналогію, канструктыўны этап рэканструкцыі. Прасцей кажучы, узмацняюцца сцены і паляпшаецца якасць апорных уласцівасцей будынка, які доўгі час патрабаваў рэканструкцыі. У свой час у будынку былі суцэльныя кабінеты. Праз год іх заменяць якасныя і ўтульныя фондасховішчы, выставачныя залы, рэстаўрацыйныя майстэрні. Па словах Аляксандра Вашкевіча, работы на аб'екце працягнуцца і зімой. Літаральна праз некалькі тыдняў першы пускавы комплекс будзе падключаны да ацяплення.

А яшчэ - аўкцыён

Тым не менш, новы будынак мусіць займець не толькі прыгожае аздабленне, але і якаснае начынне. І вялікіх цяжкасцей з гэтым у Нацыянальнага гістарычнага музея, думаецца, не ўзнікне. Як-ніяк, сёння збор музея - самы вялікі ў краіне. І пры гэтым сямімільнымі крокамі рухаецца наперад. Нездарма існуе такая аксіёма: папаўняецца музей - адпаведна, развіваецца. Такім чынам, установа даволі ўпэўнена ідзе да лічбы ў 400 тысяч адзінак захавання асноўнага і дапаможнага фондаў.

 Але стварыць вялікую і якасную калекцыю немагчыма без дапамогі неабыякавых да айчыннай культуры людзей. Тым больш, экспанаты высокай гістарычнай вартасці, зразумела, маюць і немалы кошт. Не выпадкова ў гэтым кірунку музей пачаў больш актыўна працаваць са спонсарамі.

Напрыклад, ужо не першы год партнёрам музея з'яўляецца адзін з буйных беларускіх банкаў. А першай ластаўкай у гэтай справе стала набыццё ім унікальнай карты Томаша Макоўскага. З апошніх паступленняў Сяргей Вечар прыгадаў, найперш, калекцыю старадрукаў ХVІІІ ст., а таксама рарытэтную манету часоў праўлення вялікага князя Вітаўта мясцовай навагрудскай чаканкі (не без гонару адзначыўшы, што такіх манет на тэрыторыі Беларусі больш нідзе няма), якая таксама была набыта за сродкі банка.

У час панавання інфармацыйных тэхналогій і, у першую чаргу, Інтэрнэта можна без а/i/content/pi/cult/293/4842/4-2.jpgсаблівых цяжкасцей знайсці пэўны ўнікальны прадмет, звязаны з мінуўшчынай нашай краіны. Не выпадкова перспектыўны план дзейнасці музея прадугледжвае і працу з замежнымі аўкцыёнамі, у тым ліку рэгіянальнымі, дзе можна часам знайсці надзвычай каштоўныя рэчы. Прыкладам таму стала выяўленне на аўкцыёне ў Аўстрыі ордэна генерала Булат-Булаховіча. Але, як з жалем заўважыў дырэктар музея, у апісанні прадмета не было аніякай згадкі пра Беларусь.

 Першая сотня ў Інтэрнэце

 Мусіць паспрыяць больш інтэнсіўнаму папаўненню калекцый і Дзяржпраграма "Культура Беларусі" на 2011- 2015 гг., у межах якой запланавана выдзяленне 820 мільёнаў на закупку экспанатаў. Думаю, усе пагодзяцца з тым, што ў музеі са статусам "Нацыянальны" павінны мецца адметныя "разыначкі", на якія ў першую чаргу і звяртае ўвагу публіка. У сваю чаргу, установа рэгулярна знаёміць наведвальнікаў з новымі экспанатамі. І сёлета, па традыцыі, мае адбыцца выстаўка "Экспануецца ўпершыню", дзе будзе адлюстраваны плён працы музейшчыкаў.

 Але новыя экспанаты, таксама, як і астатнія рарытэты, трапляюць не толькі на выстаўкі ды ў экспазіцыі, але і ў Дзяржаўны каталог Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь, які мусіць акумуляваць усю неабходную інфармацыю пра каштоўныя скарбы нашых музеяў з выкарыстаннем найноўшых тэхнічных сродкаў. Тым больш, нядаўна ў Каталога з'явіўся і свой сайт.

Але, як і ў любой справе, вельмі цяжка рабіць першыя крокі. На думку Сяргея Вечара, цяпер завяршаецца самы складаны - першы - этап. Напачатку неабходна было набыць патрэбнае абсталяванне, адаптаваць праграмнае забеспячэнне, выпрабаваць яго ў рэальных умовах, каб у выніку працэс быў цалкам адладжаны. Пры гэтым выяўляліся і выпраўляліся пэўныя збоі і хібы.

 Цяпер у Каталогу ўжо ёсць першая сімвалічная сотня музейных прадметаў. І верыцца, што працэс гэты будзе паступова набіраць абароты. Толькі, на жаль, існуе вельмі шмат момантаў, якія могуць стрымліваць яго. У прыватнасці, усе музеі мусяць мець сваю электронную базу музейных прадметаў, а таксама выхад у Інтэрнэт. Відавочна, дадзеныя праблемы неабходна вырашаць на рэспубліканскім узроўні з падключэннем абласных упраўленняў культуры.

Як мяркуе дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея, на дадзеным этапе не варта механічна запампоўваць у Каталог усе прадметы, агульная колькасць якіх вызначаецца мільёнамі адзінак. Будзе больш правільна, калі спецыялісты па адпаведных крытэрыях абяруць найбольш знакавыя матэрыялы, што мусяць прэзентаваць нашу краіну.

Да білета на хакей бонусам - паход у музей?

У справе папулярызацыі нацыянальных каштоўнасцей многія музеі свету абапіраюцца не толькі на ўласныя сілы, але і на валанцёраў. Не абыходзяцца без добраахвотнай дапамогі і ў Нацыянальным гістарычным. Як паведаміў Сяргей Вечар, доўгі час установа прыцягвае валанцёраў да дапамогі ў асветніцкай дзейнасці. У нашых рэаліях валанцёры звычайна- гэта студэнты старшых курсаў, а некаторыя з якіх ужо нават на другім- трэцім звяртаюцца ў музей, каб назапасіць пэўны вопыт. А таму такі падыход да справы патрэбна толькі вітаць. Тым больш, выглядае лагічным напачатку выпрабаваць будучых супрацоўнікаў, перш чым браць іх у штат.

 Апрача працы валанцёраў, музеі свету актыўна выкарыстоўваюць аўдыягіды на розных мовах. Сёння такі цуд тэхнікі ў беларускай установе выглядае як сапраўднае дзіва. Тым не менш, праект Дзяржпраграмы "Культура Беларусі" прадугледжвае набыццё толькі для Нацыянальнага гістарычнага музея дзесяці аўдыягідаў на пяці мовах. У неабходнасці стварэння такіх памочнікаў перакананы і Сяргей Вечар: "Колькасць цікаўных да Беларусі турыстаў, думаю, у бліжэйшы час будзе толькі павялічвацца. Улічваючы і геапалітычнае становішча, і правядзенне буйных міжнародных праектаў у Мінску, у тым ліку Чэмпіянату свету па хакеі, у гэтай сферы неабходна працаваць. Патрэбна стварыць максімальныя ўмовы для таго, каб госці музея маглі самастойна знаёміцца з нашымі калекцыямі".

Але дырэктар Гістарычнага музея перасцерагае ад залішняй паспешлівасці ў гэтай справе і пераконвае, што аўдыягіды патрэбны на тым этапе, калі ўжо ёсць пастаянная экспазіцыя. А таму са стварэннем выставачных комплексаў у новым будынку музея будуць распрацоўвацца і адпаведныя памочнікі.

Не менш актуальная і праблема са стварэннем безбар'ернага асяроддзя ва ўстановах культуры для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Сёння ў старым будынку НГМ чалавек з праблемамі апорна-рухальнага апарата на інваліднай калясцы можа самастойна дабрацца, на жаль, толькі да ганка. Але, як запэўніў Сяргей Вечар, новы будынак абсталююць усімі неабходнымі прыстасаваннямі, каб забяспечыць максімальна вольны доступ у музей для гэтай катэгорыі наведвальнікаў. У перспектыве і стары гмах будзе адрамантаваны ў адпаведнасці з усімі патрабаваннямі да музейнай установы ХХІ стагоддзя.

Не кожны музей можа пахваліцца, што /i/content/pi/cult/293/4842/4-1.jpgсярод яго гасцей не толькі школьнікі і студэнты. Гэта найбольш рухомая частка грамадства, якая вучыцца і мае патрэбу ў новай інфармацыі. Тым не менш, дзякуючы разнастайным акцыям, музей прыцягвае людзей, які не наведваюць звычайныя экспазіцыі. Апроч таго, у музеі праходзяць выстаўкі, разлічаныя выключна на зусім маленькіх дзяцей. І бацькі воляй-няволяй акунаюцца у музейную атмасферу.

Магчыма, каб зацікавіць патэнцыйных гасцей музея, варта праводзіць гнуткую цэнавую палітыку. Па словах Сяргея Вечара, у музеі існуе Палажэнне аб зніжках, якое і выкарыстоўваецца цягам года. А пра даступнасць білета ў музей сведчыць такі факт: дзіцячы каштуе менш за порцыю марожанага. Тым не менш, занадта нізкая цана таксама адштурхоўвае, але ўжо на падсвядомым узроўні: існуе думка, што якаснае не можа быць вельмі танным.

 Але музей - гэта не толькі фонды і экспазіцыі. На думку Сяргея Вечара, чалавек, які завітаў сюды, мае права ва ўтульнай атмасферы пакаштаваць кавы або гарбаты ды набыць адметны сувенір на памяць. У новым будынку ўсё гэта прадугледжана, у тым ліку музейная кавярня і сувенірная крама. А ўжо сёння на ўваходзе ва ўстанову з'явіўся невялікі кіёск па продажы вырабаў, звязаных з гістарычнай тэматыкай. У перспектыве, сумесна з прадпрымальнікамі, плануецца распачаць вытворчасць сувенірнай прадукцыі з выявамі музейных прадметаў.

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"