Два месяцы “Масакры”

№ 43 (963) 23.10.2010 - 29.10.2010 г

20 кастрычніка ў сталічным кінатэатры “Перамога” адбыўся перадпрэм’ерны паказ новай стужкі Андрэя Кудзіненкі, а таксама прайшла імправізаваная прэс-канферэнцыя.

 

Аўтары "Масакры" паведамілі прысутным аб падрабязнасцях здымак: асноўныя пытанні журналістаў тычыліся цяпер ужо знакамітага маёнтка ў мястэчку Жалудок Шчучынскага раёна, дзе яны адбываліся. Прадстаўнікам прэсы распавялі аб цяжкасцях, з якімі сутыкнуліся пры пошуках патрэбнай па сцэнарыі сядзібы, а таксама аб сваёй занепакоенасці лёсам гістарычнай спадчыны Беларусі ў галіне архітэктуры.

"Безумоўна, наша стужка павінна спрыяць развіццю цікаўнасці беларускіх аматараў гісторыі да стану такіх аб'ектаў, як палац у Жалудку. Нават пасля таго, як над будынкам папрацавала наша брыгада, былі ўстаўлены шыбы, умацавана цэнтральная лесвіца і столь, лёс гэтага цікавага помніка архітэктуры застаецца пад пытаннем. Канешне, было б цудоўна, калі б палац стаў асобным турыстычным аб'ектам, "разыначкай" усяго Шчучынскага раёна", - зазначыў рэжысёр "Масакры" карэспандэнту "К" пасля прэс-канферэнцыі.

 "Масакра" трапіць да шырокага гледача 27 кастрычніка, а з 11 лістапада яе можна будзе пабачыць ва ўсіх рэгіёнах краіны. Але да гэтага моманту стужка рэжысёра Андрэя Кудзіненкі і сцэнарыста Аляксандра Качана прадставіць Беларусь у конкурснай праграме ХVІІ Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад".