Тэхналагічны абмен

№ 43 (963) 23.10.2010 - 29.10.2010 г

Нядаўна адбыўся візіт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ў Турцыю. У час яго былі дасягнуты шматлікія дамоўленасці паміж краінамі ў самых розных сферах.

 

Развіваюцца таксама і двухбаковыя кантакты ў галіне культуры. Днямі ў Турцыі пабываў і дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі.

 Як паведамілі "К" у аддзеле міжнародных сувязей НББ, пад час візіту дырэктар галоўнай скарбніцы краіны Раман Матульскі сустрэўся са сваім калегам - дырэктарам Нацыянальнай бібліятэкі Турцыі Тунжэлам Ажарам. Па выніках сустрэчы было падпісана Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж галоўнымі бібліятэкамі абедзвюх краін. Тэрмін дзеяння дакумента разлічаны на пяць гадоў.

Пагадненне прадугледжвае прадастаўленне свабоднага доступу да калекцый абедзвюх бібліятэк, абмен навуковымі і практычнымі дасягненнямі ў галіне сучасных тэхналогій па захаванні і абнаўленні дакументаў, арганізацыю кніжных выставак, устанаўленне сувязей у сферы распаўсюджвання інфармацыі, навукі і культуры, развіццё супрацоўніцтва ў прафесійнай дзейнасці ў рамках міжнародных стандартаў і многае іншае.

 Таксама ў ходзе візіту атрымана папярэдняя згода на наведанне Рэспублікі Беларусь дырэктарам бібліятэкі Турцыі для азнаямлення з дзейнасцю Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"