“Ао Dаі” — гэта…

№ 43 (963) 23.10.2010 - 29.10.2010 г

З 18 па 22 кастрычніка ў Мінску праходзілі Дні культуры В’етнама. Яны былі прымеркаваны да святкавання дзвюх важных падзей у гісторыі гэтай краіны: 65-годдзя незалежнасці Сацыялістычнай Рэспублікі В’етнам і 1000годдзя яе сталіцы— Ханоя.

/i/content/pi/cult/293/4832/2-3.jpg

 Арганізатарамі Дзён культуры выступілі Пасольства СРВ у Рэспубліцы Беларусь, Міністэрства культуры, спорту і турызму СРВ пры садзейнічанні Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

На ўрачыстым адкрыцці Дзён культуры В'етнама 18 кастрычніка ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце прысутнічаў і намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Віктар Кураш. У сваім выступленні ён зазначыў, што неабходна больш актыўна выкарыстоўваць патэнцыял культуры для пашырэння беларуска-в'етнамскага дыялога ва ўсіх сферах.

- Культура заўсёды будзе ствараць той добры фон, дзякуючы якому будуць развівацца і палітычныя стасункі, і экалагічныя сувязі паміж нашымі краінамі, - падкрэсліў намеснік міністра.

Цягам пяці дзён мінчане змаглі пазнаёміцца з выстаўкай прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва народнасцей В'етнама, фотавыстаўкай, прысвечанай Ханою і іншым адметным мясцінам краіны, а таксама пабываць на дэманстрацыі калекцыі в'етнамскага нацыянальнага жаночага адзення (Ao Dai) дызайнера Лан Хыонг, якая прайшла ў Палацы культуры ветэранаў 19 кастрычніка.

Як адзначыў перад пачаткам дэфіле Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Сацыялістычнай Рэспублікі В'етнам у нашай краіне Данг Хыу Чан, дадзеная калекцыя яскрава і запамінальна адлюстроўвае традыцыі азіяцкай дзяржавы, якую ён прадстаўляе ў Беларусі.

Таксама дыпламат падкрэсліў, што правядзенне Дзён культуры В'етнама ў нашай рэспубліцы паспрыяе далейшаму культурнаму збліжэнню народаў.

 Нагадаем, што ў гэты ж перыяд адбыўся візіт беларускай парламенцкай дэлегацыі ў В'етнам. Пра гэта паведамляе прэс-служба Нацыянальнага сходу.

 Перспектывы развіцця двухбаковага палітычнага дыялога, аспекты пашырэння ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і В'етнамам у міжнародных арганізацыях абмеркавалі старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу нашай рэспублікі Уладзімір Андрэйчанка і кіраўнік В'етнама Нгуен Мінь Чыет.

 На здымку: у час адкрыцця Дзён культуры В'етнама.