Падарункі Амана

№ 43 (963) 23.10.2010 - 29.10.2010 г

Дні Амана ў Мінску, якія распачаліся 21 кастрычніка, завяршаюцца сёння. Жывапіс, фота, кнігі, музыку і касцюмы гэтай краіны прадэманстравалі творцы, якія прыехалі ў Беларусь.

 

Ініцыяваў мерапрыемствы Пасол Султаната Аман у Расійскай Федэрацыі і па сумяшчальніцтве ў Беларусі Мухамед Аль-Хасан. Па яго прапанове ў Нацыянальную бібліятэку нашай краіны былі перададзены кнігі па гісторыі і культуры яго роднай краіны. На адкрыцці ў НББ мастацкай выстаўкі "Аман кліча" прысутнічалі, акрамя спадара Пасла, генеральны сакратар Цэнтра ісламскай культуры імя Султана Кабуса Хабіб бен Мухамед і намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Тадэуш Стружэцкі.

 Вернісаж наведалі яго аўтары: фатографы, якія выявілі ў сваіх работах архітэктуру Амана, прыроду і народныя рамёствы, шматвекавую культуру; на жывапісных палотнах мастака Хусейна Аль Джаамана можна пабачыць паўсядзённае жыццё аманцаў.

Акрамя кніг, бібліятэка атрымала таксама макет аманскага карабля XVIII стагоддзя. Сустрэча была адзначана каларытным выступленнем ансамбля пры Султанскай Канцылярыі "Арабскі Тахт": музыканты выканалі творы традыцыйнага фальклору. А старадаўняе адзенне насельніцтва Амана прадэманстравалі мадэлі, касцюмы для якіх стваралі вядомыя дызайнеры краіны Афаф Аль-Фарсі і Аніса Аль-Заджалія.