Замест “гастролек” — паведамляльны прынцып

№ 43 (963) 23.10.2010 - 29.10.2010 г

У Беларусі аблягчаюцца ўмовы арганізацыі і правядзення культурна-відовішчных мерапрыемстваў. Адпаведны Указ № 542 “Аб правядзенні культурна-відовішчных мерапрыемстваў” Кіраўнік нашай дзяржавы падпісаў 19 кастрычніка.

 

Дакумент распрацаваны па даручэнні Прэзідэнта ў мэтах лібералізацыі гастрольнаканцэртнай дзейнасці ў краіне з улікам прапаноў артыстаў, прадзюсараў і арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў.

У Палажэнні аб правядзенні культурна-відовішчных мерапрыемстваў, зацверджаным Указам, упершыню забяспечваецца рэгуляванне ўсяго комплексу пытанняў гэтага віду дзейнасці. У прыватнасці, рэгламентуюцца агульныя патрабаванні да такіх мерапрыемстваў, парадак іх правядзення, абавязкі арганізатараў і гледачоў, асаблівасці рэкламы і рэалізацыі білетаў, у тым ліку з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій.

Галоўным новаўвядзеннем з'яўляецца адмена неабходнасці атрымання пасведчання на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства на тэрыторыі Беларусі як для беларускіх, так і для замежных выканаўцаў. Указам уведзены паведамляльны прынцып арганізацыі культурна-відовішчных мерапрыемстваў замест цяпер дзеючага дазвольнага.

Акрамя таго, рэгламентуюцца асаблівасці афармлення і выкарыстання так званых электронных білетаў, якія атрымліваюць усё большае распаўсюджанне ў Беларусі.

Рэалізацыя Указа здыме неабгрунтаваныя бюракратычныя абмежаванні ў сферы арганізацыі культурна-відовішчных мерапрыемстваў і будзе садзейнічаць фарміраванню ў краіне сучаснага цывілізаванага шоу-бізнесу. Указ уступае ў сілу з 1 студзеня 2011 года.

 Паводле паведамлення Прэс-службы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь