Мастак і дыплом: “служыць бы рады...”

№ 16 (782) 21.04.2007 - 27.04.2007 г

“Круглыя сталы” сёння актуальныя. Яны выкарыстоўваюцца ва ўсіх сферах дзяржаўнага і грамадскага жыцця, бо, сапраўды, гэта лепшая форма публічнага абмеркавання якіх-небудзь пытанняў, калі ўдзельнікі выказваюцца ў пэўным парадку (першапачаткова — седзячы за сталом, які мае круглую форму), або праводзіцца нарада, абмеркаванне чаго-небудзь з роўнымі правамі ўдзельнікаў. А ці ведаеце вы, што ўяўленне аб “круглым стале” як сімвале роўнасці і высакародства ўзыходзіць да так званых Артураўскіх легендаў, кельцкіх народных паданняў? У цэнтры іх — кароль брытаў Артур (V — VI стагоддзі), які змагаўся з англасаксонскімі заваёўнікамі. Артур і рыцары “круглага стала”, за якім як роўныя збіраліся героі легенд, адлюстроўвалі маральныя ідэалы рыцарства. Рыцараў даўно няма, але маральныя ідэалы, гонар і годнасць, напэўна, застаюцца ва ўсе часы вечным падмуркам жыцця і любой чалавечай дзейнасці. Для нас, работнікаў культуры і мастацтва, гэтыя ідэалы асабліва важныя, бо яны наўпрост звязаны з духоўным выхаваннем нацыі, а, значыць, і з ідэалогіяй у высокім сэнсе гэтага слова, без якой дзяржава існаваць не можа. Чым вышэй дух нацыі — тым мацней дзяржава: і ў эканоміцы, і ў сацыяльных сферах, і ў ваеннай справе, і ў іншых накірунках жыцця грамадства. Сёння “круглы стол”, ініцыянаваны Міністэрствам культуры РБ, арганізаваны і праведзены рэдакцыяй газеты “Культура” сумесна з Беларускай дзяржаўнай акадэміяй мастацтваў, прысвечаны вельмі важнай для нашага часу тэме: “Стан мастацкай адукацыі: першае рабочае месца выпускніка мастацкага факультэта Акадэміі мастацтваў”. У “круглым стале”, які 15 красавіка адбыўся ў бібліятэцы Акадэміі, прынялі ўдзел: Святлана Вінакурава — першы прарэктар Акадэміі, прафесар, доктар філасофіі; Міхаіл Баразна (вядучы “круглага стала”) — кандыдат мастацтвазнаўства, прарэктар па навуковай рабоце БДАМ; Уладзімір Уродніч — заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, дэкан мастацкага факультэта; Май Данцыг — народны мастак Беларусі, прафесар, загадчык кафедры жывапісу; Уладзімір Зінкевіч — заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, прафесар, загадчык кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва; УладзімірСавіч — заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, прафесар, загадчык кафедры графікі; Уладзімір Слабодчыкаў — дацэнт, загадчык кафедры скульптуры; Карына Харанека — выкладчык кафедры малюнка; Мікалай Мішчанка — галоўны спецыяліст Упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Беларусі; Барыс Крэпак — мастацтвазнаўца, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, рэдактар аддзела выяўленчага мастацтва газеты “Культура”.

 /i/content/pi/cult/122/483/Krugly-stol0.jpg
Барыс КРЭПАК:
— У якасці прэамбулы да нашай сённяшняй дыскусіі мне хацелася б сказаць вось што. Канешне, я ведаю, што такая праблема, як лёс мастака-выпускніка пасля выхаду яго са сценаў Акадэміі, існуе, і даволі востра. Калісьці, у далёкія 1970-ыя, з’яўляючыся частым рэцэнзентам у дыпломнікаў Мінскага мастацкага вучылішча і Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута, я знаходзіўся як бы “ў тэме” і пастаянна цікавіўся лёсамі сваіх выпускнікоў, якія, як правіла, ехалі па размеркаванні на працу ў рэгіёны або ўладкоўваліся на профільныя прадпрыемствы Мінска і абласных цэнтраў. Інакш кажучы, праблема першага рабочага месца выпускніка, уключаючы і ягоныя бытавыя ўмовы, тады не стаяла так востра, як у постсавецкі перыяд. І гэта не настальгія па тых часінах, гэта факт.
 /i/content/pi/cult/122/483/Krugly-stol7.jpg

Як-ніяк, але працавалі мастацка-вытворчыя майстэрні і камбінаты ў сістэме магутнага Мастацкага фонду БССР, паступалі дзяржаўныя і грамадскія заказы ў горадзе і на сяле на творы мастацтва, заключаліся доўгатэрміновыя дамовы на выстаўкі, паўсюль дзейнічалі студыі выяўленчага мастацтва, выпускнікі ахвотна ішлі працаваць па сваёй спецыяльнасці на прадпрыемствы, у школы, у кінатэатры, у музеі, іншым разам забіраліся ў глыбінку і менавіта адтуль пачыналі свой шлях на Алімп. Цяпер усё змянілася. І ў сувязі з гэтым хацеў бы спытаць удзельнікаў сённяшняй дыскусіі вось пра што. У прыватнасці, ці ёсць сёння ў Акадэміі база даных пра лёсы выпускнікоў мінулых гадоў, хаця б за апошнюю пяцігодку? Якая канкрэтная роля дзяржавы, у тым ліку зацікаўленых міністэрстваў і ведамстваў, творчых саюзаў і, у цэлым, уладных структур у гэтым лёсавызначальным для маладога чалавека працэсе? Як запатрабаваны выпускнікі ў сацыяльна-культурным сектары краіны ў плане фармавання эстэтычнага густу насельніцтва гарадоў і вёсак? І ўвогуле, ці існуе заканадаўчая база, якая вызначае сацыяльныя гарантыі маладога мастака, што распачынае самастойнае жыццё?

 /i/content/pi/cult/122/483/Krugly-stol2.jpg
Міхаіл БАРАЗНА:
— Мне прыемна бачыць вас усіх за нашым “круглым сталом”. Спадзяюся, што падобныя мерапрыемствы сумесна з газетай “Культура” і надалей будуць вельмі карыснымі для асэнсавання нашага сучаснага мастацтва. Яго развіццё немагчыма без удзелу творчай моладзі, якая атрымала адукацыю ў сценах нашай Акадэміі. Гэта аксіёма. Таму тэма “Стан мастацкай адукацыі: першае рабочае месца выпускніка мастацкага факультэта Акадэміі мастацтваў” — надзвычай важная, своечасовая і вельмі адказная па-сутнасці.З савецкіх часін многа гадоў прайшло, і, безумоўна, нашы погляды на працэсы мастацкай адукацыі змяніліся, у тым ліку на лёсы выпускнікоў. Так, ёсць Указ Прэзідэнта краіны аб прадастаўленні першага рабочага месца выпускніку навучальнай установы, ёсць нарматыўныя дакументы.Аднак пытанне, што нас хвалюе, мае сваю спецыфіку: якое гэта размеркаванне для адоранай творчай асобы, і якім яно павінна быць у ідэале? Праблема гэтая пакуль не знята з парадку дня. Што гэта — рабочае месца пры творчай арганізацыі ці, так бы мовіць, замацаванне чалавека за канкрэтным памяшканнем, у якім ён не зможа ўдасканальваць сваё майстэрства?
Комплекс гэтых і іншых аналагічных пытанняў мы і павінны цяпер абмеркаваць. Адразу хачу адказаць на пытанне пра базу даных. Так, такая база ў Акадэміі ёсць. У нас кожная кафедра адсочвае творчы лёс усіх сваіх выпускнікоў мінулых гадоў. Апрача таго, аналагічную базу даных мае і Спецыяльны фонд Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі, якая пастаянна абнаўляецца: двойчы ў год уносяцца ў гэтую базу змены і дапаўненні, што тычацца нашых найбольш таленавітых выпускнікоў, якія ўжо маюць узнагароды гэтага фонду. Які ж лёс выпускніка Акадэміі? Якія яго сённяшнія клопаты, і што чакае яго ў перспектыве? Як учарашнія дыпломнікі ўключаюцца ў працэсы развіцця выяўленчага мастацтва? І што нас, педагогаў і кіраўнікоў Акадэміі, больш за ўсё хвалюе ў кантэксце названых пытанняў?Вось пра гэта мы зараз і пагаворым…

Барыс КРЭПАК:
— Хацелася б яшчэ раз удакладніць стратэгічную мэту нашай дыскусіі: дзеля чаго мы сабраліся? Канешне, не для таго, каб проста пагутарыць па душах і разысціся. Хоць у такой цікавай і паважнай аўдыторыі і проста паразмаўляць дарагога каштуе. Але ўсё ж, калі атрымаецца слушная размова, напэўна, трэба выпрацаваць нейкія канкрэтныя прапановы, выкласці свае пазіцыі па дадзенай праблемеі прадставіць іх на разгляд у адпаведныя інстанцыі… Так?

/i/content/pi/cult/122/483/Krugly-stol6.jpg 
Уладзімір УРОДНІЧ:
— Ні для каго не сакрэт, што мастак быў і застаецца ідэалагічным інструментам дзяржавы. Калі ў нашым дзяржаўным будаўніцтве ідэалогіі надаецца істотнае значэнне, дык хацелася б вызначыць і ўнёсак мастака ў агульную справу, праявіць пытанне: якую ж ролю мы сёння адыгрываем у гэтым працэсе? Калісьці існавала адна біржавая “выспа” ў дзяржаве пад назвай “Саюз мастакоў СССР”, кіраўніцтвам краіны для гэтай катэгорыі творцаў заканадаўча зацвярджалася своеасаблівае “жыціе” і ўвесь сацыяльна-культурны комплекс быў таксама заканадаўча зарыентаваны на гэтую арганізацыю. У творчым саюзе канцэнтраваліся адпаведныя кадры, яму забяспечвалася фінансаванне, там канцэнтравалася культурна-ідэалагічная палітыка і г. д. Мы мелі сваю кааператыўную базу ў абліччы Мастацкага фонду, якая будавала і фармавала, так бы мовіць, “пластыку” дзяржаўнай інфраструктуры.
Але, пачынаючы з 1990-ых гадоў, надыходзіць пара своеасаблівай НПП — новай падаткавай палітыкі. У прынцыпе, усё раней назапашанае было зруйнавана. І ніхто з сацыялагічных службаў у дзяржаве дасюль не прааналізаваў: чаму практычна “дайшлі да ручкі” нашы камбінаты, якія наўпрост дакраналіся сваёй творча-вытворчай дзейнасцю да клопатаў дзяржавы?
А трэба было б гэтае пытанне не пакідаць без увагі. Трэба было б нават не адно пасяджэнне калегіі Міністэрства культуры прысвяціць надзённаму пытанню працаўладкавання мастака пасля заканчэння ВНУ. Нам кажуць: вы самі размяркоўваеце людзей. Добра, але пакажыце — куды. Людзі ў нас вучацца па сваёй праграме, і, перш за ўсё, вучацца выдаваць прадукцыю высокай мастацкай якасці. Але якая аддача гэтых людзей? Дзе тая прапаноўваемая прастора, тая база, куды яны маглі б укласці свой прадукт, свой талент, свае сілы?
Нельга талент нацыі адпраўляць “у чыстае поле” і заяўляць яму: жыві як хочаш, працаўладкоўвайся, як пажадаеш. Я заўжды кажу: мастакі — гэта людзі, Богам памазаныя. Нельга да іх ставіцца індыферэнтна. А таму праблему ўзаемастасункаў дзяржавы і мастака, у тым ліку і выпускніка ВНУ, трэба адрэгуляваць заканадаўча.Калі нам, да прыкладу,кажуць, што нашы выпускнікі незапатрабаваныя, значыць, належыць разумець гэта так — трэба скарачаць фінансаванне на іх навучанне? А хто павінен арганізоўваць і забяспечваць гарманічнае развіццё інфраструктуры гарадоў і рэгіёнаў краіны, у тым ліку і тых жа турмашрутаў, аграгарадкоў, фарміраваць іх эстэтычную прастору? Канешне ж, у тым ліку і нашы мастакі-выпускнікі.
У нас адбылася сустрэча ў Акадэміі з кіраўніцтвам Міністэрства культуры. Нашы загадчыкі кафедраў выказалі свае пажаданні. Склалі адпаведны пратакол узаемных дамоўленасцей аб тым, што належала б зрабіць хаця б на першых парах, у тым ліку і па дамовах з маладымі мастакамі, па арганізацыі творчых конкурсаў да важных дзяржаўных дат (да 3-га ліпеня — Дня незалежнасці, напрыклад), па выдзяленні адпаведных прэмій і г. д.Словам, просім: пачніце з імі, маладымі, працаваць! А нам у адказ: добра, але дайце нам Палажэнне па гэтых самых конкурсах. Яшчэ летась такое Палажэнне было прадастаўлена ў міністэрства…Зразумела, што паправіць становішча ў гуманітарнай сферы могуць толькі верхнія эшалоны ўлады. Людзі, так скажам, “знізу”, гатовыя цалкам прысвяціць сваё жыццё высокім гуманістычным ідэалам, даўно гэтага чакаюць. Яны — альтруісты-бяссрэбранікі. Мы прымаем іх у Акадэмію і кажам: вас чакаюць на гэтым шляху вялікія цяжкасці, не столькі ружы, колькі шыпы. І яны ў адказ: служыць гатовыя, у гэтым сэнс нашага жыцця!Выйсце такое: трэба стварыць камісію з прадстаўнікоў розных зацікаўленых міністэрстваў і ведамстваў — эканомікі, фінансаў, адукацыі, культуры, творчых саюзаў… Прааналізаваць стан таго, што адбываецца ў выяўленчай сферы, і выпрацаваць канкрэтныя прапановы па радыкальным паляпшэнні справы ў гэтай галіне.

Уладзімір ЗІНКЕВІЧ:
— Тут было ўзгадана пра мінулыя часіны з нейкім настальгічным акцэнтам, у сэнсе беспраблемнага размеркавання выпускнікоў мастацкіх навучальных устаноў. Так, гэта было. Але цяпер прынцыпы размеркавання кардынальна памяняліся. Ідзе нібы аднабаковы працэс: мы рыхтуем сур’ёзных спецыялістаў і ў той жа час над намі вісіць дамоклавым мячом пытанне — як гэтага спецыяліста нармальна працаўладкаваць?
Скажу аб сваёйкафедры, выпускнікі якой, як правіла, працавалі за савецкім часам у сістэме Мастацкага фонду БССР. Гэта была вельмі магутная сістэма творчага жыцця, разумна разгалінаваная і сфармаваная…Калісьці вядомы скульптар Эрнст Неізвесны, ужо з эміграцыі, кінуў фразу: “Не дай Бог вам разбурыць сістэму Мастацкага фонду з яго
 /i/content/pi/cult/122/483/Krugly-stol9.jpg
камбінатамі”. Гэта наўпрост тычыцца, натуральна, і манументальнага мастацтва. Што мы на сёння маем? Манументалісты, у асноўным, працуюць (мы ведаем, дзе і як яны жывуць пасля заканчэння Акадэміі) не на дзяржаўны заказ, а на прыватны. І працуюць сумленна, ствараючы для прыватнікаў таленавітыя творы.
Думаю, што без рэстаўрацыі сістэмы кшталту Мастацкага фонду (альбо іншай структуры ў сістэме, скажам, Міністэрства культуры), дзе мог быць размеркаваны фонд заказаў ці цэнтр фармавання гэтых заказаў і г. д., нам, прафесіяналам, і маладым мастакам, выпускнікам БДАМ, будзе цяжка ўносіць дастойны ўклад у культурную скарбонку нашай дзяржавы.Другі сумны момант. Лёс мастака-выпускніка, які трапіў, скажам, у правінцыю. Што яго там чакае? Як правіла, адсутнасць жылля, майстэрні, увогуле творчых умоў, інтарэсу да яго з боку мясцовых кіраўнікоў — усё гэта штурхае маладога спецыяліста ў побытавую бездань. Якая ўжо тут творчасць?! Адзіная ягоная думка — як выжыць у такой сітуацыі. Хачу сказаць, што нашы выпускнікі, якія маюць дастаткова сур’ёзныя прафесійныя мэты, часам проста губляюцца перад тым, што іх чакае заўтра ў неўладкаваным жыцці. Аб гэтым трэба думаць сёння.

 /i/content/pi/cult/122/483/Krugly-stol8.jpg
Уладзімір САВІЧ:
— Я 30 гадоў працую ў Акадэміі, з іх — 20 гадоў загадваю кафедрай графікі. Што мяне больш за ўсё хвалюе? Мяне хвалюе падыход да справы адукацыі. Вобразна кажучы, добры гаспадар, укладаючы грошы ў выхаванне чалавека, чакае ад яго адпаведнай аддачы.
Што тут казаць? Зразумела, што мастацкія камбінаты сёння ў спецыялістах-графіках не маюць патрэбы. Вы спытаеце: а як жа дзяржаўныя выдавецтвы, дзе графіку-ілюстратару працаваць Богам наканавана? Калісьці “рукатворна” аформленыя літаратурныя творы беларускіх пісьменнікаў атрымлівалі на рэспубліканскіх, усесаюзных і міжнародных конкурсах самыя высокія ўзнагароды і дыпломы. Цяпер мастацтва кнігі пераходзіць на камп’ютэрныя тэхналогіі, якія, па вялікім рахунку, далёкія ад сапраўднага мастацтва кніжнай графікі. “Перакачаныя” з розных крыніц камп’ютэрныя “вобразы”, як вы разумееце, душу не саграюць. Асабліва драматычна гэта адбіваецца на дзіцяці, якое з ранніх гадоў павінна ўпітваць у сябе жывыя эмацыянальныя вобразы герояў і іх асяродак, прыгожы колер, вытанчаную лінію, выразную пластыку. Менавіта з гэтага і пачынаецца эстэтычнае выхаванне.
Пытанне, зноў жа, трывіяльнае: куды пасля ВНУ ісці маладому графіку? У прыватныя выдавецтвы або з’ехаць за мяжу? І, наступаючы на горла ўласнай песні, працаваць па заказе замежных выдавецтваў і прыватных фірм. Ці, можа быць, стаць проста педагогам? Аднойчы да нас звярнуўся прадстаўнік прыватнай фірмы з просьбай парэкамендаваць студэнта для афармлення нейкага выдання. Студэнт прынёс узоры малюнкаў. А заказчык паглядзеў і паківаў галавой: не, гэта — мастацтва, а нам патрэбна штосьці іншае…Вось цяпер 5-курснікі вывучаюць педагогіку, у будучым годзе намечаны і адпаведны выпуск педагогаў-мастакоў. Нашы выпускнікі могуць займацца педагогікай (іх на кожнай кафедры ўсяго па 5 — 6 чалавек), але перш за ўсё павінны займацца Вялікім Мастацтвам. Менавіта яны закліканыя ствараць і ўдасканальваць перш за ўсё нацыянальную Піраміду Культуры. І, можа быць, на вяршыні яе з’явіцца і выхаванец Акадэміі, імя якога загучыць на ўвесь свет. А калі мы не будзем узводзіць такую піраміду, што застанецца пасля нас? Над такімі пытаннямі варта было б задумацца. Канешне, дзякаваць Богу, што сёння дзяржаве не сорамна за мастакоў, якія могуць сваё мастацтва паказаць на самым высокім узроўні ў любой краіне свету.
А хто прафінансуе выданне кніг і падручнікаў па методыцы выкладання, скажам, кампазіцыі, малюнка і жывапісу, прычым, вялікімі тыражамі? Яны ж неабходны не толькі гарадскім, але і рэгіянальным сярэднім спецыяльным навучальным установам культуры, студыям выяўленчага мастацтва, мастацкім школам… А ў Акадэміі пакуль што ёсць цудоўныя спецыялісты, якія з веданнем справы маглі б падрыхтаваць такія навучальныя дапаможнікі.

Уладзімір СЛАБОДЧЫКАЎ:
— Праблемы, якія мы абмяркоўваем, тыповыя не толькі для мастакоў. Яны агульныя ў любым іншым відзе мастацтва. Бо як было раней? Калі здаваўся дом або будаваўся квартал ці раён, дык пры гэтым заўжды пэўны працэнт фінансавання ішоў і на комплекснае пераўтварэнне эстэтычнай прасторы наўкола, уключаючы гульнёвыя пляцоўкі, роспісы і рэльефы на фасадах і тарцах будынкаў. І ў выніку гэты дом, квартал, раён як бы самі станавіліся завершанымі творамі мастацтва. У гэтым працэсе ўдзельнічалі абавязкова і маладыя творцы — выпускнікі Акадэміі.
 /i/content/pi/cult/122/483/Krugly-stol5.jpg

Хачу прывесці цікавую статыстыку па колькасці скульптараў, выхаванцаў Акадэміі, членаў Беларускага саюза мастакоў, што працуюць у абласцях і ў Мінску: Гродна — 2, Брэст — 4, Гомель — 2, Віцебск — 5, Магілёў — 3, Мінск — 108 чалавек. Вось такая “дысгармонія” атрымліваецца. Вось такое магутнае скапленне інтэлектуальных сіл у сталіцы, дзе, дарэчы, пастаянных заказаў таксама няма. І на якім узроўні той піраміды, пра якую ўзгадваў Уладзімір Савіч, знаходзяцца скульптары, сказаць цяжка.Беларусь — краіна кампактная, і пажадана, каб не толькі Мінск, але і рэгіёны на ўсіх узроўнях маглі б спрычыніцца да агульнай справы мастацкага пераўтварэння чалавечага асяродка. Пакуль такой сувязі няма. Але няўжо незразумела, што творцы прыгожага патрэбны ў любым горадзе, у любым раёне, у любым аграгарадку? Прывяду цікавы прыклад з мінулага. У 1978 годзе жывапісец Уладзімір Кожух, цяпер — заслужаны дзеяч мастацтваў, быў накіраваны інстытутам у якасці мастака ў калгас “Рассвет” імя Арлоўскага. Мастаку там разам з жонкай і маленькай дачкой прадаставілі двухпавярховы катэдж, а ў Палацы культуры — майстэрню. Атрымліваў ён ад калгаса салідную для таго часу зарплату ў 240 рублёў плюс бясплатны абед, гародніну і малако. І ў гэтым “камунізме” ён пражыў тры гады, а потым ужо паступіў у творчыя акадэмічныя майстэрні Міхаіла Андрэевіча Савіцкага. Дарэчы, у калгасе жонка Кожуха — мастачка — працавала ў школе, а дачка выхоўвалася ў дзіцячым садку. Пасля ад’езду сям’і ў Мінск гэты катэдж быў прадастаўлены іншаму выпускніку інстытута — Аляксандру Гацко.
Хачу сказаць яшчэ аб такой сітуацыі. Сеня практычна пустуюць плошчы Магілёўскага мастацка-вытворчага камбіната, Барысаўскага камбіната дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. А сюды маглі б быць размеркаваны нашы выпускнікі. Але на іх няма заявак, бо адсутнічаюць сацыяльныя заказы, ад якіх мы, мастакі, залежныя. Канешне, мы штосьці спрабуем вырашыць сваімі сіламі, арганізоўваем з дапамогай і па ініцыятыве некаторых раённых, гарадскіх і абласных улад скульптурныя пленэры з удзелам студэнтаў і выпускнікоў Акадэміі. Гэтыя пленэры, заўважу, праходзяць на вельмі высокім прафесійным узроўні, што паказалі, напрыклад, апошнія — у Светлагорску, Магілёве і Мінску.Але сёння мы з размеркаваннем у становішчы шаўцоў: самі шыем боты і самі іх павінны прадаваць. Свет даўно ўжо жыве па-іншаму, калі шавец робіць боты, а іх продажам займаюцца іншыя. А без дапамогі дзяржавы, без дапамогі Міністэрства культуры і іншых зацікаўленых арганізацый (натуральна, і Саюза мастакоў) мы праблему рабочага месца для выпускніка Акадэміі не вырашым. Гэта адназначна.
На ўзроўні навучальнага працэсу мы сваю справу робім дакладна і добрасумленна — тут нас ніхто не папракне. А што далей? А далей, мне думаецца, вырашаць гэтыя праблемы неабходна толькі разам, поплеч з тымі, ад каго практычна залежыць лёс нашай культуры…

 /i/content/pi/cult/122/483/Krugly-stol3.jpg
Май ДАНЦЫГ:
— Я рады, што мы сёння сабраліся тут, і што газета “Культура” — ініцыятар такога добрага пачынання, у ходзе якога мы можам абмеркаваць хвалюючыя пытанні мастацкай адукацыі. А пытанні вельмі сур’ёзныя і ёмістыя.Ведаеце, у мяне такое ўражанне, што за гэтым “круглым сталом” сядзяць людзі не менш дзяржаўныя, чым тыя, што знаходзяцца на дзяржаўных пасадах. Тут выказваюцца вельмі сур’ёзныя думкі, адчуваецца глыбокая заклапочанасць тым становішчам, якое склалася ў нашай, падкрэсліваю, дзяржаўнай Акадэміі мастацтваў. Прычым, мы заклапочаныя не таму, што займаем прафесарскія пасады і атрымліваем вялікія грошы. Не. Гэта ўсё ідзе знутры. Мы тут сабраліся не па прафесійнай, цэхавай прыналежнасці, а па прызванні. Бо толькі ў такім выпадку мы і дзяржаўнікі, і людзі-асобы, неабыякавыя да ўсяго, што адбываецца ў нашай дзяржаве, і не можам маўчаць тады, калі ў чымсьці “за державу обидно”.
Пытанне сур’ёзнае. Пра месца мастака, пра месца работніка культуры, пра месца ўсёй культуры ў дзяржаве. На жаль, духоўны стрыжань паняцця “культура” ў грамадстве страчваецца. А што, вакол так шмат культуры? Думаю, што культура заўжды была ў вялікім дэфіцыце. І ў сферы эканамічнай, і ў сферы бізнесу, у дыскусіяхі чалавечых зносінах — яе не хапае паўсюль.Успомнім, якое азначэнне мастак меў у дзяржаве мінулых эпох. Ролю творцы цудоўна разумела і царква. Якое вялікае мастацтва сабрана, напрыклад, у Ватыкане. І гэта далёка не выпадкова. Царкоўнікі добра ўсведамлялі сілу ўздзеяння на людзей сінтэзам жывапісу, скульптуры, музыкі. Я сам бачыў, якое надзвычайнае ўражанне атрымалі людзі, якія пабачылі манументальныя фрэскі капэлы дэль Арэна ў Падуі, выкананыя пэндзлем Джота.
Мы, дзякаваць Богу, захавалі нашу мастацкую школу, апостиль. і гэта адзначыў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка, калі быў у нас у Акадэміі. Натуральна, школа павінна прыносіць карысць дзяржаве.Мы часта кажам студэнтам: вы вучыцеся ў дзяржаўнай ВНУ і, зрабіце ласку, не прымайце ўдзел у нейкіх непрыстойных акцыях, што падрываюць аўтарытэт нашай дзяржавы і Alma Mater. І гэта зразумела, бо будучыя мастакі — інтэлектуальная эліта краіны. Але тады чаму чынавенства на выхадзе студэнта з Акадэміі не ўладкоўвае яго належным чынам? Не дае яму магчымасць праявіць свой талент на карысць краіны, на яе праслаўленне сілай мастацтва?Так, мы захавалі нашу унікальную ВНУ, сваю школу і можам законна ганарыцца гэтым. Вось прыязджаюць з-за мяжы нашы былыя выхаванцы і распавядаюць, як да іх там, у Італіі, Германіі ці Іспаніі, добра ставяцца, таму што яны унікальныя прафесіяналы і закончылі цудоўную школу мастацтваў у Мінску. Такіх школ сёння ў свеце і адшукаць цяжка. А мы ўсё яшчэ часцяком поўзаем на карачках перад якім-небудзь заезджым мастаком-іншаземцам, заікаючыся ад захаплення. Ды паважайце вы сябе, дарагія землякі! Няхай яны вучацца ў нас, бо ў нас ёсць чаму па-сапраўднаму павучыцца!

Уладзімір САВІЧ:
— Гэта сапраўды так. На нашу кафедру вось ужо трэці раз прыязджаюць графікі са Швецыі. Галоўная іх місія — прапаганда сваёй культуры ў іншых краінах і ў той жа час — вывучэнне іншых культур. Яны ў нас праводзяць майстар-класы. Дык вось, шведы здзіўляюцца, адкуль у студэнтаў нашай Акадэміі, нягледзячы на сціпла-камфортныя ўмовы іх навучання, такое высокае майстэрства, такая цудоўная графіка з такімі непаўторнымі вобразамі.

Май ДАНЦЫГ:
— Сапраўды, нейкая парадаксальная сітуацыя. Таму і баліць душа за нашых таленавітых студэнтаў пры думцы, што іх чакае ў перспектыве. Але ўражвае яшчэ і іншае. Калі жыццё змянілася ў бок так званых рынкавых адносін, дык маладыя людзі, здавалася б, без выключэння павінны кінуцца ў эканамічныя, тэхнічныя або юрыдычныя ВНУ. Аднак не: у нас у Акадэміі па-ранейшаму вялікія конкурсы, па-ранейшаму людзі жадаюць займацца мастацтвам, адчуваюць у гэтым сваё прызванне. Але што іх чакае, калі яны атрымаюць дыплом? За савецкім часам з яго вельмі сумнеўнай ідэалогіяй усё ж існавала дапамога ў працаўладкаванні маладых мастакоў. Былі сацыяльныя заказы, запатрабаванасць твораў мастацтва. Вось прыязджаюць да нас сёння замежныя госці. Вы звярнулі ўвагу, куды яны ідуць у першую чаргу? У музей — знаёміцца з мастацтвам. І па яго ўзроўні яны мяркуюць пра інтэлектуальны і культурны ўзровень дзяржавы ў цэлым.

Святлана ВІНАКУРАВА:
— Перш за ўсё, хачу выказаць падзяку рэдакцыі газеты “Культура” за тое, што яна ўзняла надзвычай важную тэму. Жыццё нашых калег з Універсітэта культуры і Акадэміі музыкі ўжо было асветлена на палосах газеты з пазіцыі той праблематыкі, якую мы сёння абмяркоўваем. Можна пазайздросціць, напрыклад, Універсітэту культуры, калі прыкладна на 300 выпускнікоў ужо атрымана больш за 500 заявак ад абласных і раённых цэнтраў, дзе працуюць дзесяткі дамоў культуры, клубаў і іншых культурных устаноў. Інакш кажучы, кожны выпускнік мае магчымасць выбраць сабе месца з двух прапанаваных. І гэта вельмі добра.Але я хацела б звярнуць увагу вось на што.
 /i/content/pi/cult/122/483/Krugly-stol.jpg

Мы сёння абмяркоўваем дастаткова вузкую і ёмістую тэму: мастак і дзяржава. Хоць Акадэмія мастацтваў — гэта не толькі ўласна мастакі. Больш за 60 гадоў існуе ў краіне гэтая унікальная і непаўторная вышэйшая навучальная ўстанова. Тут, сапраўды, сканцэнтраваны лепшыя творчыя розумы, лепшыя педагогі. Чаму ж так атрымалася, што малады спецыяліст, мастак, якога рыхтуе Акадэмія, не заўжды знаходзіць сабе дастойнае прымяненне на практыцы?Можа, прычына ў нас саміх? Задача Акадэміі — перш за ўсё падабраць абітурыентаў, выбраць найбольш здольных, з якіх можна сфармаваць прафесіяналаў. Конкурсы ў нас вялікія. Мы збіраем чалавечы “матэрыял” з усёй рэспублікі. Сёння ў Акадэміі больш за 450 іншагародніх студэнтаў — гэта прыкладна палова ад агульнай колькасці. Пагадзіцеся, красамоўнае сведчанне таго, што таленты нараджаюцца ва ўсіх кутках краіны. Ці можам мы тым педагагічным калектывам, які ёсць у Акадэміі, падрыхтаваць высакакласнага спецыяліста? На гэтае пытанне ўпэўнена адказваем — так! Бо ўсе педагогі Акадэміі, у тым ліку і тыя, якія тут прысутнічаюць, могуць годна і на любым узроўні прадстаўляць нашу вну. Сёння ў калідорах Акадэміі можна сустрэць і народнага мастака, і народнага артыста, і заслужанага дзеяча мастацтваў, і прафесара, і дацэнта — усе яны сумленна працуюць на дзяржаву.
Падрыхтоўка мастакоў у Акадэміі найбольш дарагая: 6 гадоў іх навучання абыходзяцца дзяржаве ў немалыя грошы, і гэта цалкам абгрунтавана, так будзе і надалей. Гэта як у той формуле: лекар ратуе цела, а мастак — душу, закладваючы ў чалавека падмурак духоўнай культуры.
Культура — гэта ўсё. І эканоміка, і палітыка, і навука, і армія, і адукацыя, і сям’я, і дзіцячы сад, і школа. Культура ў высокім яе разуменні — гэта, перш за ўсё, традыцыі, бо выхаванне новага чалавека заўжды ішло ў рэчышчы і на фоне такіх традыцый. Сёння на Акадэмію, як і на ўсе вышэйшыя навучальныя ўстановы ўскладзены функцыі па размеркаванні маладых спецыялістаў. Што ж робіць Акадэмія ў гэтым плане, каб працаўладкаваць выпускнікоў-мастакоў? Адкажу: робіць усё, што ў яе сілах. Але…Вось дэкан мастацкага факультэта Уладзімір Васільевіч Уродніч падрыхтаваў і разаслаў ва ўсе органы мясцовай улады краіны адпаведныя лісты наконт працаўладкавання выпускнікоў. Ці адгукнуліся вобласці?..

Уладзімір УРОДНІЧ:
— Мясцовыя органы культуры ў адказ не прыслалі ніводнага ліста, органы адукацыі даслалі чатыры адказы, у якіх дыпламатычна адпісалі, што ім спецыялісты-мастакі і настаўнікі ў іх сістэме пакуль не патрэбны.

Святлана ВІНАКУРАВА:
— І гэта пры тым, што першы выпуск настаўнікаў-мастакоў мы плануем толькі ў 2008 годзе. Сёння мы выпускаем людзей, перш за ўсё, творчых. Але ў такой якасці, аказваецца, яны нідзе не патрэбны. На іх няма заявак! А калі няма заявак, то ўзнікае пытанне: можа, увогуле не варта іх рыхтаваць? Дзяржава ж траціць немалыя грошы на навучанне мастакоў.Разам з тым, паглядзіце на інтэр’еры нашых школ, бальніц, санаторыяў, кавярняў і г. д. Хіба многа там сценак ці пляцовак, аздобленых годнымі творамі беларускіх мастакоў? Па вялікім рахунку, магчымасці для рэалізацыі сваіх талентаў у іх велізарныя. Але як ажыццявіць усё гэта на практыцы? Я не думаю, што Міністэрства культуры нібы спецыяльна ставіць нам нейкія перашкоды ў справе размеркавання выпускнікоў. Гэта не так. Але старая савецкая сістэма зламана. Тады была адна дзяржаўная форма ўласнасці. Саюз мастакоў як быў, так і застаўся грамадскай арганізацыяй, але формы ўласнасці тут змяніліся. Сёння, па нашым грамадзянскім кодэксе, гэта прыватная ўласнасць. Таму дзяржава і не можа істотна ўплываць на дзейнасць творчага саюза. З другога боку, і сам Саюз мастакоў не знаходзіцца, як гэта было раней, пад пільнай апекай дзяржавы.
Што я магу сказаць на гэты конт? У нашым грамадстве сёння ўжо ёсць добрыя прыклады карпарацый (“БЕЛТCПА”, таварыства “Дынама”), куды дзяржава ўкладае грошы. Гэта дзяржаўна-грамадскія аб’яднанні. Мабыць, і Саюзу мастакоў трэба змяніць форму ўласнасці, каб з дапамогай дзяржавы ўмацаваць матэрыяльную базу, сфармаваць аптымальную сістэму дзяржзаказаў на творы мастацтваў, стварыўшы тым самым сістэму працаўладкавання маладых спецыялістаў, прагназуючы сваю будучыню? А пакуль актыўна працуюць у гэтым незадзейнічаным прасторавым полі індывідуальныя прадпрымальнікі. Яны ідуць у гарады і вёскі, прапаноўваюць свае мастацкія паслугі мясцовым кіраўнікам улады па аздабленні пэўнай тэрыторыі ці асабістай сядзібы, атрымліваюць заказы за кошт мясцовага бюджэту і такім чынам фарміруюць так званае мастацтва, якое далёка не заўжды адрозніваецца высокай прафесійнай якасцю.У сферы размеркавання спецыялістаў, безумоўна, вельмі шмат праблем. Але што тычыцца падрыхтоўкі будучых мастакоў, дык да нас у гэтых адносінах не можа быць ніякіх прэтэнзій. Мы сваю задачу выконваем на выключна высокім узроўні. Але што тычыцца ўласна функцыі размеркавання, якая скінута на нашы плечы, дык тут ёсць пытанне, што палягае на вельмі вострым праблемным полі. І пытанне гэтае трэба вырашаць комплексна.
Пераканана, што выйсце знойдзецца, і ў гэтым нам дапаможа і сённяшні “круглы стол”, і газета “Культура”, і іншыя сродкі масавай інфармацыі, бо ўсё гэта павінна выклікаць нейкую пазітыўную рэакцыю дзяржаўных структур. Дзеля дасягнення выніку мы гатовы шчыльна супрацоўнічаць і з Міністэрствам культуры як галаўным рэспубліканскім органам, і з органамі мясцовай улады. Але без кардынальнай дапамогі ўлады нам усё роўна не абысціся. Патрэбны ўрадавыя рашэнні па актывізацыі ўвагі да мастакоў і стварэнні адпаведных умоў для іх творчай працы. І тады тыя патрабаванні, якія дзяржава справядліва прад’яўляе нам па кампенсацыі затрачаных бюджэтных сродкаў, будуць выконвацца ў поўнай меры.Мы і сёння можам ганарыцца сваім мастацтвам, у тым ліку і за мяжой. Але, перш за ўсё, мы павінны ўпрыгожваць уласнае жыллё — нашу дзяржаву. Так, культура павінна абнаўляцца, але ў культуры павінна захавацца тое, што робіць яе жыццяздольнай, — высокі прафесіяналізм, традыцыі, грамадзянскасць і гонар за сваю краіну…

 /i/content/pi/cult/122/483/Krugly-stol4.jpg
Карына ХАРАНЕКА:
— Я параўнальна нядаўна скончыла цудоўнае аддзяленне графікі і сёння маю гонар тут выкладаць. Мне проста пашанцавала, што я тут працую. Што я хачу заўважыць у кантэксце пастаўленай праблемы? З майго выпуску, у якім было чатыры чалавекі, двое графікаў, маіх калег, з’ехалі працаваць у Іспанію. Магчыма, яны б і не з’ехалі, калі б былі больш пэўныя ўмовы для іх творчай дзейнасці. Маім калегам пашанцавала ў тым сэнсе, што за іх плячыма — цудоўная школа, якую яны прайшлі ў Акадэміі. Хоць, з іншага боку, у іх з’явіліся праблемы ў адносінах з сем’ямі, якія засталіся на радзіме.
У Беларусі многія мае калегі працуюць у выдавецтвах. Але ім часта дыктуюць такія ўмовы, быццам гэта не прафесіяналы з дыпломамі Акадэміі, а няўцямныя пачаткоўцы, якія, перш чым аформіць пэўную кнігу, павінны прадставіць заказчыку дзесяткі папярэдніх аловачных эскізаў і накідаў і г. д. І малады чалавек становіцца перад дылемай: застацца ў выдавецтве ў гэтым прыніжаным становішчы ці шукаць магчымасць працаваць у кніжнай графіцы, арыентуючыся на замежныя краіны.У нашай краіне павінна быць больш творчых конкурсаў і праектаў, якія б фінансаваліся дзяржавай. І трэба, каб такія акцыі шырока рэкламаваліся, асвятляліся сродкамі масавай інфармацыі, радыё і тэлебачаннем. Для маладога мастака гэта вельмі важна…

Мікалай МІШЧАНКА:
— Мы — эканамічна дастаткова развітая дзяржава, у якой існуе высокая культура. Яна павінна развівацца і адпавядаць эканоміцы дзяржавы. І, безумоўна, мастацтва ва ўсіх яго відах і жанрах — неад’емная частка нашага жыцця. Класікамі сказана, што быццё вызначае свядомасць…

Барыс КРЭПАК:
— Усё ж свядомасць вызначае быццё…

Святлана ВІНАКУРАВА:
— У класікаў сказана, што быццё вызначае свядомасць у такой самай меры, як свядомасць вызначае быццё.

Мікалай МІШЧАНКА:
— Думаю, што асяродак, у якім мы жывём, вызначае і фарміруе нашу ідэалогію. Але ж што тычыцца сутнасці нашай дыскусіі, дык, сапраўды, кадравыя пытанні стаяць сёння вельмі востра, бо выхоўваць мастацкія кадры за дзяржаўныя грошы, а потым гэтыя кадры кідаць у нікуды — проста злачынства. Гэтыя пытанні трэба ставіць перад тымі структурамі, якія адказваюць за падрыхтоўку і размеркаванне гэтых кадраў. Канешне, кадры павінны быць запатрабаваны дзяржавай, у тым ліку і адпаведнымі міністэрствамі — культуры, адукацыі, інфармацыі, фінансаў і г. д. Калі ў гэтым плане нестае нейкіх заканадаўчых актаў, трэба выходзіць з ініцыятывамі ва Урад.
 /i/content/pi/cult/122/483/Krugly-stol10.jpg

Я не магу тут асвятляць кадравыя праблемы, бо ў Міністэрстве культуры прадстаўляю ўпраўленне мастацтваў,якое працуе з грамадскімі аб’яднаннямі, а не з кадрамі. Думаю, што ўдзел у дыскусіі такога спецыяліста з міністэрства быў бы тут проста неабходны.
На сённяшні дзень дзяржзаказ існуе, праўда, не ў той меры, у якой бы нам і мастакам хацелася б. І ні ён адзін вызначае палітыку ў галіне мастацтваў, у галіне запатрабавання твора, скажам, пры распрацоўцы планаў комплекснага будаўніцтва аб’ектаў і г. д. Так, мы стараемся разумна расходаваць наяўныя фінансавыя сродкі, дапамагаць мастакам у іх існаванні, спрабуем штосьці зрабіць для зніжэння каэфіцыента аплаты за творчыя майстэрні прафесійным мастакам. Не ўсё пакуль удаецца.
А што тычыцца тых адпісак з абласцей у адносінах маладых спецыялістаў, пра якія казаў дэкан мастацкага факультэта, дык, відаць, там на месцах сядзяць людзі, якія не зусім разумеюць і ўсведамляюць важнасць прысутнасці прафесійных мастакоў у іх рэгіёнах. Там дзейнічаюць упраўленні і аддзелы культуры, і ўзнікае пытанне: якую культурную палітыку яны праводзяць у галіне выяўленчага мастацтва, прынамсі, як папаўняюць мастацкія кадры? Што тут сказаць? Праблема размеркавання выпускнікоў Акадэміі выглядае на сёння не радасна… Тут прагучала пытанне мастацкага афармлення аб’ектаў, інтэр’ераў, стварэння эстэтычнага асяродка. А гэта ж выхаванне культурай шырокіх мас насельніцтва, фарміраванне яго ідэалогіі, дык як тут абысціся без прафесійнага мастака?
У нас за апошнія гады было не так шмат дзяржзаказаў ды знакавых выставак. А калі ўлічыць, што ў рэспубліцы штогод праводзіцца нямала выставак, у тым ліку абласных, персанальных, юбілейных, групавых, дык 60 — 70 мільёнаў рублёў, якія выдзяляюцца ў год на закупкі лепшых работ, — не выйсце са становішча. На значныя праекты мы рыхтуем заяўкі на грант Прэзідэнта. Па гэтым гранце, напрыклад, набываюцца творы з рэспубліканскіх выставак. У РВУ “Культура і мастацтва” зусім нядаўна быў выдадзены альбом-каталог “Сучасная беларуская скульптура”, дзе адлюстраваны работы і маладых скульптараў — выпускнікоў Акадэміі. Добрыя перспектывы ў гэтых адносінах у нас ёсць. Ужо арганізуюцца штогадовыя рэспубліканскія выстаўкі маладых мастакоў, праводзіцца конкурс плаката антыСНІ-даўскай тэматыкі. Плануецца штогадовы конкурс на лепшы твор маладых мастакоў...

Барыс КРЭПАК:
— Праблема, якую закрануў Мікалай Яўгенавіч, вельмі важная і патрабуе размовы за асобным “круглым сталом”. А цяпер вернемся да нашых выпускнікоў. Усе ўдзельнікі дыскусіі выказалі свае прынцыповыя пазіцыі па такой актуальнай праблеме, як “Першае рабочае месца выпускніка мастацкага факультэта Акадэміі мастацтваў”, і, можа, час падвесці пэўныя вынікі?

Міхаіл БАРАЗНА:
— Мы невыпадкова сабраліся ў нашай бібліятэцы. Камусьці недасведчанаму можа падацца, што Акадэмія — гэта велізарная ўстанова з мармуровымі калонамі, вялікай колькасцю студэнтаў. А я вось хачу прывесці такія лічбы. Сёлета чаканы выпуск на мастацкім факультэце складзе ўсяго 27 чалавек! Вось такая “вялізная” наша навучальная ўстанова. Цяпер мы знаходзімся ў памяшканні фондаў рэдкай літаратуры нашай бібліятэкі плошчай прыкладна 25 квадратных метраў. Але тут сабраны і змешчаны выданні па выяўленчым мастацтве амаль усяго свету.
Паглядзіце вокладкі кніг і альбомаў. Усё ёсць, але вось новых выданняў па сучасным беларускім мастацтве — адзінкі! Няўжо ў нас яго няма, яно недастаткова вядома і недастаткова годна ўдзельнічае ў сусветным мастацкім досведзе?
Мастацтва — унікальны прадукт чалавечай практыкі. Існуе сістэма, выпрацаваная стагоддзямі, як з вялізнай масы людзей адабраць найбольш таленавітых для навучання ў сценах такіх устаноў, як наша Акадэмія. Штогод да нас ідуць людзі з сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, якія маюць залатыя медалі і дыпломы з адзнакай. І гэтыя людзі, у прынцыпе, маглі б знайсці сабе іншыя, больш заманлівыя шляхі ў жыцці. Але яны ўсё роўна ідуць у мастацтва. Гэта аб’ектыўная рэальнасць, што існуе заўжды. І таму сістэма адбору будучых мастакоў, натуральна, павінна быць дасканала прадуманай. Гэтак жа павінна быць прадумана і сістэма друкаванай прапаганды дасягненняў беларускага мастацтва, якая пакуль што знаходзіцца ў зародкавым стане. Вось чаму так мала на паліцах-стэлажах нашых кніг. А ад гэтага залежыць здаровае грамадскае меркаванне аб стане нашай культуры і адпаведнае стаўленнеда нацыянальнага выяўленчага мастацтва.І тады мы зразумеем, што на сяле паняцце “мастацка-эстэтычны асяродак” будзе неабходным элементам паўсядзённага жыцця, што ў горадзе не можа быць уведзены ў строй новы квартал без эстэтычнага насычэння, бо, сапраўды, культура — аснова дзяржаўнай ідэалогіі… Але каб такая культура развівалася, патрэбна моцная вышэйшая мастацкая школа.
Такая школа ў нас ёсць — Акадэмія мастацтваў, у якой свае функцыі педагогі выконваюць шчыра і добрасумленна. І ў гэтай сувязі хачу выказаць сардэчную ўдзячнасць усім педагогам, студэнтам і выпускнікам, якія фарміруюць станоўчы імідж нашай дзяржавы і за мяжой, і на Радзіме.Ад імя ўсіх удзельнікаў “круглага стала”, на падставе сённяшняй дыскусіі хачу ўнесці пэўныя прапановы для разгляду ў вышэйстаячых інстанцыях.
Падрыхтаваныя адзінай у краіне Акадэміяй мастацтваў унікальныя нешматлікія спецыялісты павінны быць актыўна запатрабаванымі ў дзяржаве. Яны ў стане аказваць практычную дапамогу сацыяльна-культурнаму сектару краіны, фарміраваць праз стварэнне мастацкіх твораў высокі эстэтычны густ нашых грамадзян і супрацьдзейнічаць распаўсюджванню нізкапробных узораў масавай культуры і формаў ідэалагічнага супрацьстаяння.
У СССР і ў пасляперабудовачны перыяд выпускнікі мастацкіх вну накіроўваліся, як правіла, на працу ў сістэму Саюза мастакоў. Аднак падобны метад потым стаў неэфектыўным з-за недастаткова адаптаванай нарматыўнай базы ў новых рынкавых умовах, якая павінна вызначаць сацыяльныя гарантыі мастака. У сувязі з гэтым, мэтазгодна ўмацаваць творча-вытворчую базу Беларускага саюза мастакоў. БСМ, маючы развітую матэрыяльна-вытворчую базу, будзе аптымальна садзейнічаць росту і выхаванню таленавітай моладзі.Для далейшага развіцця выяўленчага мастацтва ў краіне, больш эфектыўнага выкарыстання кадравага патэнцыялу моладзі мы б лічылі мэтазгодным захаваць за БСМ права творчага замацавання выпускнікоў мастацкага факультэта Акадэміі на двухгадовы тэрмін без прадастаўлення рабочага месца, але з уключэннем выпускнікоў у выставачную дзейнасць арганізацыі і ўдзелам іх у конкурсах на стварэнне мастацкіх работ па дамовах, а таксама садзейнічаць справе дзяржаўнага забеспячэння сацыяльнымі гарантыямі выпускнікоў, замацаваных за творчай арганізацыяй.
Мяркуем таксама, што дадатковыя рабочыя месцы для маладых спецыялістаў Акадэміі маглі б быць створаны і ў сістэме Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
Карысным магло б стаць выдзяленне на льготных умовах плошчаў (не менш за 25 — 30 квадратных метраў з нежылога фонду) для арганізацыі творчых майстэрняў для выкладчыкаў і лепшых выпускнікоў мастацкага факультэта Акадэміі (па яе прадстаўленні) для выканання творчых работ па дзяржаўных заказах і ўдасканалення методыкі выкладання.Актыўнае прыцягненне ў ідэалагічную работу з дапамогай планамернай і дзейснай дзяржаўнай падтрымкі нашых найбольш адораных выпускнікоў будзе стымуляваць маладых аўтараў да маштабных творчых ініцыятыў і садзейнічаць у прафесійнай выяўленчай творчасці патрыятычнаму асэнсаванню гістарычнага шляху нашай Радзімы.Вялікі дзякуй усім за сённяшнюю працу. Сумесна з рэдакцыяй газеты “Культура” будзем рыхтаваць наступнае пасяджэнне “круглага стала” па іншых надзённых праблемах, якія існуюць у практыцы і тэорыі сучаснага мастацкага жыцця. Бо форма “круглага стала” ў гэтым кантэксце, сапраўды, найбольш здатная форма публічнага абмеркавання самых актуальных пытанняў нашага неспакойнага творчага быцця.

Матэрыял “круглага стала” “К”
падрыхтаваў Барыс КРЭПАК
Фота Юрыя ІВАНОВА