Сумеснымі намаганнямі Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага архіва Расійскай Федэрацыі, Расійскага дзяржаўнага архіва сацыяльна-палітычнай гісторыі, Нацыянальнага архіва Рэспублікі Татарстан, Цэнтральнага архіва гісторыка-палітычнай дакументацыі Рэспублікі Татарстан выйшаў з друку зборнік "Белорусы в советском тылу. Июль 1941 г. - 1944 г.".
Як адзначыў Вiталь Скалабан, загадчык аддзела публiкацый дакументаў Нацыянальнага архiва нашай краіны, у кнігу ўвайшлі некалькі дзясяткаў дакументаў, прысвечаных працоўнаму подзвігу эвакуіраванага насельніцтва, прадстаўнікоў навукі і культуры, якія ўнеслі свой уклад у набліжэнне Перамогі.
У пераважнай большасці, дакументы распавядаюць пра дзейнасць прадпрыемстваў у эвакуацыі. Але, сярод іншага, вялікая ўвага ў зборніку надаецца і тэме беларускай культуры, адукацыі, навукі. У прыватнасці, асвятляецца работа Акадэміі навук БССР, тэатраў, ВНУ. Шэраг матэрыялаў зборніка прысвечаны планам і першым крокам па аднаўленні эканомікі ў вызваленых раёнах Беларусі.