Эфект “спадарожніка ў цягніку”

№ 42 (962) 16.10.2010 - 22.10.2010 г

Пэтэр СІМ: “На “Беларусьфільм” — як на свята”

 

Беларусы - прафесіяналы

Сумесная прадукцыя некалькіх краін - вельмі частая з'ява ў свеце сучаснага кіно. Больш за тое, стужак, створаных пры ўдзеле здымачных груп толькі адной дзяржавы, на сённяшні дзень выпускаецца нават менш.

 У свой час беларускае кіно мела вопыт шэрагу ўдалых міжнародных праектаў, такіх як "Масква - Генуя", "Братушка", "Пушчык едзе ў Прагу". Сучасны "Беларусьфільм" таксама працуе ў рэчышчы агульнай тэндэнцыі. На чарзе - сумесная пастаноўка "Адзінокі востраў", якую будзе ўвасабляць эстонец Пэтэр СІМ.

З нашай краінай рэжысёра звязваюць сталыя сувязі: ва ВГИКу ён вучыўся разам з майстрамі "Беларусьфільма" Мікалаем Лук'янавым, Аляксандрам Яфрэмавым, Сяргеем Сычовым. Ды і стужкі ягоныя добра вядомы айчынным кінаманам: біяграфічная карціна "Георг" зусім нядаўна прайшла па тэлебачанні, стужкі "Надакучыла!" і "Добрыя рукі" з поспехам дэманстраваліся на Мінскім міжнародным кінафестывалі "Лістапад". А ў чэрвені гэтага года ўжо сам майстар стаў старшынёй журы ігравога конкурсу на чарговым Нацыянальным кінафестывалі ў Брэсце.

Сёння, калі ідзе падрыхтоўка да здымак сумеснай з беларускім бокам карціны, Пэтэр Сім распавёў карэспандэнту "Культуры" аб новым праекце і сваіх поглядах на кінематаграфічную капрадукцыю.

 Што такое "multiplot movie"?

- Праект, які мы хочам стварыць разам з "Беларусьфільмам", быў задуманы яшчэ чатыры-пяць гадоў таму. Пазней да яго далучыўся эстонскі дзіцячы пісьменнік Міхкель Ульман, бо на ўвазе мелася менавіта кіно для дзяцей. Потым задума трансфармавалася: стужка павінна была стаць дэтэктывам, а тое, што мяркуем зрабіць цяпер, у свеце кіно называецца "multiplot movie". Сюжэт складаецца з некалькіх паралельных аповедаў- асобных стужак пра людзей з рознымі, часцей несумяшчальнымі характарамі. Як удалы прыклад такога кіно можна назваць добра вядомую беларускаму гледачу стужку "Вавілон" Алехандра Гансалеса Ін'ярыту. Прынцып арганізацыі сюжэта такіх стужак прадугледжвае пэўную кампактнасць - па часе, па месцы дзеяння, паводле ўмоў існавання з героямі, якія жывуць побач, але не знаёмыя. Па ходу стужкі яны сустракаюцца, дапамагаюць адзін аднаму і паступова змяняюцца. "Адзінокі востраў" - праект аб вялікім горадзе, дзе ўвесь час адбываецца нешта новае. Нездарма дэвізам нашай будучай стужкі можна лічыць эстонскае выслоўе: "У горадзе кожны дзень - новы".

- Якім чынам праект звязаны з Беларуссю?

 - Адна з ліній сюжэта разгортваецца ў вашай краіне - гераіня выпраўляецца ў Беларусь на дваццацігоддзе заканчэння школы і сустракае сваё першае каханне. Цікава, што першапачаткова гераіня задумвалася латышкай і ехала на сустрэчу выпускнікоў у Рыгу, а ў сцэнарыі мы прапісалі дакладную рыжскую тапаграфію. Калі ж наступіў эканамічны крызіс, латвійскі бок быў вымушаны адмовіцца ад удзелу ў праекце, і сцэнарый перапісалі пад Беларусь. Спачатку такая трансфармацыя давалася нялёгка, але цяпер, на мой погляд, вашы рэаліі выглядаюць у ім нават больш натуральна, драматургічна мы выйгралі, перамясціўшы сюжэт. Апрача таго, тут, на "Беларусьфільме", будуць здымацца інтэр'еры, што датычаць эстонскай часткі сюжэту. Пакуль жа ідзе падрыхтоўка, у тым ліку, акцёрскія пробы.

 - Хто з беларускіх акцёраў мае шанцы патрапіць у вашу пастаноўку?

- У нас будзе задзейнічана шмат беларусаў, у тым ліку Святлана Зелянкоўская, Ігар Сігаў, Вольга Водчыц і іншыя, прычым толькі двое з іх выканаюць ролі беларусаў - астатнія сыграюць эстонцаў. А для пракату ў Эстоніі іх персанажы будуць агучаны эстонскімі акцёрамі.

Беларусы - прафесіяналы

- У чым вы бачыце розніцу паміж сучасным "Беларусьфільмам" і тымі ўмовамі, у якіх вы працавалі на сваіх апошніх трох стужках у Эстоніі, Латвіі, Германіі?

- У тым, што цалкам дзяржаўных стужак у названых вамі краінах даўно не здымаюць, а ў вас на студыі ідзе праца якраз па замове дзяржавы. Калі казаць пра агульныя ўражанні, то самыя станоўчыя эмоцыі ў мяне выклікае ўзровень падрыхтоўкі вашых творчых і тэхнічных кадраў. Людзі вельмі адказна адносяцца да сваёй справы. Калі ў пэўны момант, за некалькі сотняў кіламетраў ад Мінску ў нас сапсавалася спецыяльнае абсталяванне, нягледзячы на ноч, нам вельмі хутка знайшлі адпаведную замену, і запланаваныя работы адбыліся ў тэрмін. Людзі, якія тут працуюць, вельмі любяць кіно. Апошняе станоўча адбіваецца і на выніках.

 - А якія беларускія стужкі на фестывалі ў Брэсце прыйшліся даспадобы такому вопытнаму майстру, як Пэтэр Сім?

- Адбылося так, што мае асабістыя фаварыты спадабаліся і маім калегам па журы - гэта стужкі "Ваўкі" Аляксандра Колбышава і "Трамвай у Парыж" Дзмітрыя Лася.

- Эстонскае кіно лічылася ці не самым еўрапейскім з ўсіх нацыянальных кінематографаў былога СССР. А як адчуваюць эстонцы сябе сёння сярод больш старэйшых і нашмат болей магутных у адносінах да кінамастацтва краін Старога Свету? Як ставяцца да вас заходнія прадзюсеры і кінафункцыянеры, ці не спрабуюць вучыць "маладых" еўрапейцаў?

- На гэты конт у нас няма ніякіх комплексаў. Наадварот, мы, тыя, хто працаваў у савецкай сістэме кінематаграфіі, можам шмат чаму навучыць нашых заходніх калег. Напрыклад, арганізацыі здымак і планаванню. Дарэчы, беларускія спецыялісты тут могуць даць фору - можна прыгадаць тую ж Людмілу Цімашэнка, якая працуе на "Беларусьфільме" дырэктарам карцін. Супрацоўнічаць з ёю - адно задавальненне: вечарам можна распавесці аб сваіх творчых задумах, а раніцай у яе ўжо гатовы падрабязны план здымак з усімі неабходнымі дэталямі. Тое самае можна сказаць пра другога рэжысёра Уладзіміра Паначэўнага, аператара нашай стужкі Вадзіма Пацеева, мастака-пастаноўшчыка Аляксандра Халадцова. - У вашых работах вялікае месца заўсёды адводзіцца гумару. "Адзінокі востраў" - больш сур'ёзная гісторыя? - Можна лічыць і так. Адна з сюжэтных ліній звязаная з крымінальнай паліцыяй, другая больш лёгкая, сапраўды, з гумарам, але ў цэлым, стужка сур'ёзная, распавядае пра чалавека як сацыяльную істоту, што часцяком не можа вырашыць сваіх праблем самастойна. Бывае, нейкая праблема пераследуе нас гадамі, а выпадковы мінак вырашае яе за лічаныя хвіліны. Але гэта не азначае, што апошняму ўдаецца так проста разбірацца ўжо са сваімі асабістымі пытаннямі... Вось аб такім эфекце "спадарожніка ў цягніку", калі зусім чужому чалавеку людзі лёгка раскрываюць душу, мы і хочам зняць стужку.

 Хіт па-эстонску

 - Большасць гледачоў, што наведваюць кінатэатры ў нашай краіне, аддаюць перавагу пакуль што галівудскаму кіно. Ці ёсць у Эстоніі такое паняцце, як "нацыянальны хіт"?

- Безумоўна. Эстонскія гледачы з задавальненнем глядзяць свае стужкі і менавіта ў кінатэатрах, за што, як і парадаксальна, мы павінны быць удзячныя Галівуду: даходы ад пракату амерыканскіх карцін ідуць на развіццё кінасеткі. Балазе, сярод галівудскага кіно ёсць сапраўдныя шэдэўры. Што да еўрапейскага арт-хаўсу, то на вялікім экране яго можна ў асноўным пабачыць на Талінскім міжнародным кінафестывалі "Цёмныя ночы".

- Ці існуе, на вашу думку, розніца паміж менталітэтам эстонскага і беларускага гледача? Вы будзеце ўлічваць гэтую розніцу ў сваёй рабоце?

 - З вопыту праглядаў на брэсцкім фестывалі і вечаровых паходаў па мінскіх кінатэатрах магу адзначыць: што беларускі глядач больш пільны, больш уважлівы да дробных дэталей, чым яго эстонскі "калега". Але, хачу дадаць, згодна са статыстыкай, жыхары невялікіх краін кшталту Эстоніі больш патрабавальныя і ацэньваюць кіно па найвышэйшай планцы. Я вучыўся ў выбітнага рэжысёра і сцэнарыста Аляксандра Столпера, які не раз паўтараў нам, што галівудскі рэжысёр можа дазволіць сабе ўсё, апрача аднаго - паблажлівых адносінаў да гледача, што не рэдкасць сярод стваральнікаў арт-хаўсу. Калі б масавага кіно для шырокага гледача не існавала, не было б і мастацкіх эксперыментаў, аб чым не трэба забываць. А так індустрыя масавага кіно гарантуе бесклапотныя вандроўкі па фестывалях: дастаткова рэалізаваць на экране пэўны набор - старыя, жабракі, дзеці, сабакі, і ўсё, пажадана, у чорна-белай гаме. Гэта не тычыцца сапраўдных творцаў, такіх як наш малады талент Вейкі Ынпуу, чые стужкі заваёўваюць прызы на самых прэстыжных міжнародных форумах.

- Капрадукцыя, сумесная вытворчасць - рэч надта распаўсюджаная ў свеце сучаснага кіно. Што дае вам яна асабіста?

 - Па-першае, шэраг праблем, бо калі над стужкай працуюць спецыялісты з розных краін, ім даволі цяжка навучыцца адразу разумець адзін аднаго. Але, па-другое, мне вельмі падабаюцца сумесныя пастаноўкі: яны дазваляюць атрымаць у сваю групу "свежую кроў", некалькі поглядаў на адну і тую ж праблему, што дазваляе яе хутчэй вырашыць. У стасунках з беларускімі акцёрамі я, напрыклад, ацаніў іх магчымасць адносіцца да сваёй працы творча, хутка рэагаваць на розныя запыты, самастойна, з улікам ведання асабістай арганікі, будаваць ролі.

 Усё гэта мне вельмі падабаецца, больш за тое, лаўлю сябе на думцы, што за апошнія 20 гадоў не працаваў з такім натхненнем. Бывае, калі трэба ісці на студыю, то ледзь-ледзь цягнешся, а тут ногі самі нясуць. На падрыхтоўцы да будучых здымак мы вельмі хутка знайшлі паразуменне, спрацаваліся, таму, спадзяюся, "Адзінокі востраў", асноўная праца над якім запланавана на будучы год, атрымаецца досыць цікавым.

Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА