Стратэгія Маладзечаншчыны: з прыцэлам на аддачу

№ 42 (962) 16.10.2010 - 22.10.2010 г

Будоўля “з нуля”,праекты пад "ключ"

 

Райвыканкамаўская "лятучка" з "К"

 Адраджэнне і развіццё сяла: сацыякультурны зрэз

Маладзечна, куды гэтым разам выправіўся ў камандзіроўку, унікальнае тым, што фактычна з'яўляецца "некаранаванай" сталіцай Мінскай вобласці. Менавіта тут месцяцца знакавыя ўстановы культуры, праводзяцца шматлікія рэспубліканскія і абласныя фестывалі, якія збіраюць гасцей з усёй Беларусі і суседніх краін. Таму і ўвага да гэтага рэгіёна Міншчыны з боку абласных улад - самая пільная. Гэта датычыць як самога райцэнтра, так і раёна. Аграгарадкі тут - узорныя па матэрыяльна-тэхнічнай базе і па "начынні" сучаснай гукавой і светлавой апаратурай, камп'ютарамі, найноўшай мэбляй... Ды і кадравы патэнцыял, без якога немагчыма ўявіць паспяховае жыццё сельскіх устаноў культуры, таксама даволі высокі.

Калі ж казаць пра перспектыўныя планы і задачы культработнікаў Маладзечанскага раёна, дык гэта і завяршэнне ўсіх рамонтных работ у аграгарадках, і будоўля новых аб'ектаў культуры як на сяле, так і ў горадзе. Менавіта гэтая тэма сталася асноўнай і вызначальнай для паездкі ў гэты рэгіён Міншчыны. Тым больш, што раённы цэнтр у наступным годзе стане сталіцай рэспубліканскіх "Дажынак". І, як паведаміў на нядаўняй прэс-канферэнцыі старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Барыс Батура, на падрыхтоўку да гэтага знакавага мерапрыемства, паводле інвестыцыйнай праграмы 2011 года, толькі ў Маладзечне плануецца асвоіць прыкладна 400 мільярдаў рублёў.

Народ пытаецца і прапануе

 Фільм у 3D-фармаце- рэальнасць?

 Невялікае апытанне мясцовых жыхароў, тычылася, натуральна, будаўнічых планаў і перспектыў развіцця Маладзечаншчыны. Бо было зразумела, што жыхары горада і раёна чакаюць таго моманту, калі будаўнічыя брыгады саступяць месца культработнікам.

Людміла Пятроўна, настаўніца, Маладзечна:

 - Нарэшце распачаўся рамонт нашага кінатэатра "Радзіма". Але калі ж скончацца будаўнічыя работы? І цікава: ці будзе ўстанова адпавядаць сучасным патрабаванням? Ці зможам, да прыкладу, паглядзець фільм у 3D-фармаце, а не ехаць для гэтага ў Мінск?

 Святлана, студэнтка-завочніца, Маладзечна:

 - А ў мяне пытанне наконт нашага гарадскога парку. Колькі тут жыву, няма ў парку атракцыёнаў. А шкада. Ці плануецца штонебудзь падобнае зрабіць? Ды і добраўпарадкаваць сам парк было б няблага...

Аляксей, рабочы, жыхар аграгарадка "Лебедзева":

 - СДК у нас цяпер выглядае вельмі прывабна пасля рамонту. Часта бываю на дыскатэках. Але няма ў Доме культуры камп'ютара або ноўтбука, а для дыскатэк ён вельмі патрэбны. Ды і дадатковы камплект апаратуры не пашкодзіў бы, бо выкарыстоўваецца адзін і той жа і на дыскатэках, і на канцэртах.

Праца з сямі да сямі

 Калі спытацца ў дырэктара Відзеўшчынскага СДК Іны Грынцэвіч, чаго яна чакае больш за ўсё, дык адказ будзе досыць прадказальны: зразумела, завяршэння рамонту ў Доме культуры. Таму кожны дзень кіраўнік ўстановы абавязкова наведвае будоўлю. Тут мы з ёй і сустрэліся.

- Рабочыя абяцаюць скончыць працу літаральна праз месяц, - кажа Іна Генрыхаўна. - Хутка ўключаць ацяпленне, і тады ў нашым СДК пачнецца сапраўды новае жыццё. Мы ўсе ў чаканні!

На гэты значны аб'ект сацыяльнай сферы раёна, згодна з Дзяржаўнай праграмай адраджэння і развіцця сяла, выдаткаваны мільярд дзвесце мільёнаў рублёў. На сённяшні дзень цалкам адрамантаваны дах установы культуры, праведзены газ, поўным ходам ідуць унутраныя аддзелачныя работы, запланаваны рамонт фасада... Самае цікавае, што, паводле праекта рэканструкцыі, рамантуюцца і падвальныя памяшканні СДК, якія раней ніяк не выкарыстоўваліся. А цяпер там размесцяцца кабінеты для спартыўных заняткаў.

- Хоць аб'ект і знаходзіцца на нашым балансе, - кажа начальнік аддзела культуры Маладзечанскага райвыканкама Аляксандр Рамановіч, які штодня сочыць за работамі ў Відзеўшчынскім СДК, - але падвальныя памяшканні мы перададзім у бязвыплатную арэнду аддзелу спорту і турызму. Ён закупіць сюды ўсё неабходнае для культурна-спартыўнага цэнтра абсталяванне. Упэўнены, такое супрацоўніцтва паміж аддзеламі райвыканкама пойдзе толькі на карысць жыхарам аграгарадка. Падобны Цэнтр культуры паўстане ў хуткім часе і ў суседнім, за шэсць кіламетраў ад Відзеўшчыны, пасёлку Чысць. Тут будаўніцтва вядзецца, як кажуць, "з нуля". Паводле праектна-каштарыснай дакументацыі, на ўзвядзенне Цэнтра культуры патрэбна звыш 9 мільярдаў рублёў. І гэтыя грошы гатовы выдаткаваць Мінскі аблвыканкам. Як распавёў Аляксандр Рамановіч, летась было прынята рашэнне знесці стары будынак Дома культуры і пабудаваць новы. Бо патрэба ў СДК - вялікая: у пасёлку пражывае больш за пяць тысяч чалавек, пераважна - маладога веку.

 Пабываў і на гэтым аб'екце, каб пабачыць усё, як кажуць, на уласныя вочы. Хуткімі тэмпамі цяпер ўзводзіцца другі паверх будучага "агменю" культуры. І ў гэтым, натуральна, вялікая заслуга рабочых.

- Працуем у дзве змены, з сямі раніцы да сямі вечара, - распавёў мне адзін з будаўнікоў Сяргей, - матэрыялы падвозяць своечасова, таму прастояў няма.

Кіраўніцтвам аблвыканкама пастаўлена задача завяршыць усе работы па СДК да пачатку "Дажынак2011". Таму кіраўнік установы культуры Генадзь Сушко, як і яго калега з Відзеўшчыны, марыць пра хуткія ўлазіны. Бо пакуль што Чысцеўскі СДК часова размяшчаецца ў інтэрнаце ААТ "Забудова".

Пад гукі рок-н-рола

 А вось сельскі Дом культуры ў аграгарадку "Лебедзева" атрымаў сваё другое нараджэнне летась. Як прызналася мне дырэктар клуба Лідзія Гарохава, яна прапрацавала 11 гадоў у будынку, што не ацяпляўся. Дах установы таксама патрабаваў рамонту, ды і апаратура была не надта добрая. Але і тады ўстанова культуры даволі паспяхова спраўлялася з планам платных паслуг: зараблялі на правядзенні масавых мерапрыемстваў да 10 мільёнаў за год. А пасля таго, як вёска пераўтварылася ў аграгарадок, змяніліся, натуральна, і тэмпы працы.

- Па-першае, у нас павялічыўся план платных паслуг: прыкладна ў тры разы, - кажа Лідзія Гарохава. - І пакуль што з ім спраўляемся. Гэта сапраўды так. Супрацоўнікі ўстановы культуры за дзевяць месяцаў бягучага года зарабілі на дыскатэках і канцэртах каля 22 мільёнаў рублёў. На вечаровыя танцы ў сельскі клуб ходзяць з ахвотай: у мінулую суботу было прыкладна 140 наведвальнікаў, а ў зімовы перыяд, па словах дырэктара СДК, прыходзіць яшчэ больш: да 200 аматараў такога адпачынку. Калі ўлічыць, што білет на дыскатэку каштуе 3 тысячы, адразу разумееш, чаму пра выкананне плана культработнікі Лебедзеўскага СДК гавораць без скрухі ў голасе. Моладзь задаволена - значыць, за згаданую цану білета яна атрымлівае сапраўды поўны "пакет" танцавальнага крэатыву. Да канца года супрацоўнікі ўстановы культуры плануюць зарабіць 29 мільёнаў рублёў. Вось такую б "аддачу" ад аграгарадоцкіх СДК - ды ў кожным раёне рэспублікі! Выкананне плана, натуральна, - заслуга як дырэктара сельскага Дома культуры Лідзіі Гарохавай, так і мастацкага кіраўніка ўстановы Святланы Цярэні. Але не толькі на грашовы складнік сваёй работы звяртаюць увагу культработнікі Лебедзеўскага СДК.

Яшчэ адна іхняя "дзялянка", на якой яны шчыруюць даволі паспяхова, - дзейнасць гурткоў. Пасля набыцця аграгарадоцкага статуса ва ўстанове іх паболела: раней было 10, а цяпер - 14. Дадаліся харэаграфічны гурток, студыя эстрадных спеваў, гурток "Пакаёвая кветка" і нават... рок-н-рольны гурт "F.T.A.".

На жаль, пакуль што задзейнічаць клубных рок-н-рольшчыкаў у дыскатэках не атрымліваецца: не ўсім падабаецца тая музыка, што граюць хлопцы. Але задумак і планаў у дырэктара і мастацкага кіраўніка СДК багата, таму з цягам часу і гэтыя планы абавязкова будуць здзейснены.

Ёсць мары і ў кіраўніцтва Лебедзеўскага СДК. Хацелася б ім мець ноўтбук, каб выкарыстоўваць яго пры правядзенні дыскатэчных мерапрыемстваў, дадатковы камплект апаратуры. Дарэчы, пры такім плане платных паслуг, які выконваюць мясцовыя культработнікі, гэтыя жаданні даўно маглі б быць рэалізаваны.

 Усе праблемы сацыякультурнага жыцця Маладзечаншчыны цудоўна разумее і паступова вырашае кіраўніцтва мясцовага райвыканкама. І менавіта пра гэта вялася гутарка на "лятучцы", зыніцыяванай "К". У ёй прынялі ўдзел намеснік старшыні Маладзечанскага раённага выканаўчага камітэта Людміла КАНАНОВІЧ і начальнік аддзела культуры Аляксандр РАМАНОВІЧ.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Найперш хацелася б пагутарыць пра перспектыўныя планы развіцця сацыякультурнай сферы Маладзечанскага раёна. Якія мэты і задачы стаяць перад аддзелам культуры, што неабходна зрабіць у першую чаргу?

Людміла КАНАНОВІЧ:

- Работа аддзела культуры - пад пастаянным кантролем як раённых, так і абласных улад. Нам аказаны вялікі давер: на базе Маладзечанскага раёна праводзіцца прыкладна 40 культурных мерапрыемстваў рэспубліканскага і абласнога ўзроўняў. Ужо адно гэта гаворыць пра тое, што ўсе работнікі культуры працуюць зладжана і з веданнем перспектывы.

Аляксандр РАМАНОВІЧ:

- Галоўнае для нас - не колькасць мерапрыемстваў, а іх якасць. Працуем, каб задаволіць усе патрэбы насельніцтва. Маю на ўвазе тыя паслугі, якія прапаноўваюць маладзечанцам установы культуры горада і раёна.

Людміла КАНАНОВІЧ:

- Але першарадная задача - павышэнне ўзроўню паслуг як у горадзе, так і ў сельскай мясцовасці. Спецыфіка нашага раёна ў тым, што мы ствараем Цэнтры культуры, дзе пад адным дахам - і СДК, і бібліятэка, і ДШМ.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

 - У гэтым накірунку будзеце працаваць і далей?

Людміла КАНАНОВІЧ:

- Безумоўна. Ды плюс - добраўпарадкаванне тэрыторыі і будаўніцтва новых аб'ектаў сацыякультурнай сферы. Падрыхтоўка да "Дажынак-2011" - справа выключна сур'ёзная. На плечы аддзела культуры ляжа арганізацыя і правядзенне ўсіх масавых мерапрыемстваў, якія пройдуць у рамках фестывалю: гэта і праца нашых выставачных залаў, і майстар-класы народных майстроў, і выступленні самадзейных калектываў... Цяпер аддзелы культуры і ідэалогіі райвыканкама працуюць над планам размяшчэння святочных культурных зон у горадзе. Мы імкнёмся, каб яны былі прадстаўлены не толькі ў цэнтры Маладзечна, але і ў мікрараёнах...

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Давайце звернем нашу гутарку на сельскую мясцовасць. Пабывалі на шэрагу аб'ектаў сферы культуры, што знаходзяцца цяпер на рэканструкцыі або будуюцца. Усё гэта робіцца, натуральна, у рамках Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла...

Аляксандр РАМАНОВІЧ:

 - Менавіта дзякуючы ёй вёска набыла якасна новае аблічча. Гэта датычыць не толькі тых паселішчаў, дзе мы паспелі з вамі пабываць: Відзеўшчыны, Лебедзева...

 Людміла КАНАНОВІЧ:

 - Хацелася б сказаць, што прыклад пасёлка Чысць, які не з'яўляецца аграгарадком, у гэтым плане вельмі паказальны. Тут ідзе не проста рэканструкцыя або рамонт, а менавіта будаўніцтва новага аб'екта культуры раёна. Там жыве шмат моладзі, таму ўстанова вельмі запатрабавана. Тое самае- у Радашковічах, дзе мы нядаўна пабудавалі школу мастацтваў, прычым непадалёк ад агульнаадукацыйнай. І зрабілі гэта спецыяльна, каб дзеці, адвучыўшыся ў адной установе, адразу маглі б прыйсці на ўрок у другую.

Аляксандр РАМАНОВІЧ:

 - Тры гады таму ўзвялі новы Цэнтр культуры ў тых жа Радашковічах, таксама "з нуля".

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Адразу ж узнікае пытанне: вялікія грошы ўкладаюцца ў дамы культуры, у іх рамонт, рэканструкцыю і нават ва ўзвядзенне новых аб'ектаў. Лік ідзе на мільярды. А ці ёсць ад іх аддача? Ці павышаецца ўзровень паслуг? У аграгарадку "Лебедзева", безумоўна, такая аддача - адчувальная. А ў іншых?

Людміла КАНАНОВІЧ:

- Аддача ёсць, як і рост платных паслуг. Павялічваецца і запатрабаванасць устаноў культуры. А калі казаць пра перспектывы развіцця сельскай культуры, дык мы цяпер распрацоўваем праект, каб канцэрты айчынных і замежных артыстаў праводзіліся не толькі на базе нашага Палаца культуры Маладзечна (які, заўважу, вядомы па ўсёй Беларусі), а і ў сельскіх установах, дзе ёсць адпаведная матэрыяльна-тэхнічная база.

 Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

 - А канкрэтныя прыклады падобнай дзейнасці сельскіх ДК ужо ёсць?

Людміла КАНАНОВІЧ:

- У Лебедзева прыязджалі артысты з розных куткоў Міншчыны.

Аляксандр РАМАНОВІЧ:

- У Радашковічах паспяхова выступалі калектывы з Расіі.

 Людміла КАНАНОВІЧ:

 - Так, але гэтую практыку мы хочам пашырыць, і гэта яшчэ адна актуальная задача для аддзела культуры. Не трэба забываць, што ў нас 16 раёнаў-пабрацімаў з Прыбалтыкі, Польшчы, Расіі, Балгарыі... І ў сферы культуры ў нас падобныя кантакты пастаўлены, як кажуць, на паток. Замежныя госці выступаюць у Маладзечне, а нашы артысты, у сваю чаргу, маюць магчымасць выехаць за мяжу, каб паказаць там сваё мастацтва і прадставіць беларускую культуру. Трэба, каб госці выступалі і ў нашых сельскіх установах.

 Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Шмат тут залежыць і ад адпаведнай падрыхтоўкі культработнікаў. Як справы з кадравым патэнцыялам? Ці не баяцца, напрыклад, бібліятэкары або кіраўнікі СДК падступацца да камп'ютара?

Аляксандр РАМАНОВІЧ:

- Кадры, ад якіх залежыць эфектыўнасць працы аддзела культуры, у нас неблагія: 91 працэнт спецыялістаў. А што да "камп'ютарнай" боязі, дык маем, наадварот, цяпер такую тэндэнцыю: кіраўнікі СДК просяць даць ім ноўтбук для правядзення дыскатэк. Бо разумеюць: патрэба часу! Дарэчы, у нас ужо цяпер у кожнай бібліятэцы аграгарадкоў раёна маецца камп'ютар з выхадам у Інтэрнэт.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Ноўтбук, дарэчы, прасіла і кіраўніцтва Лебедзеўскага СДК. Як і ўсталяваць яшчэ адзін камплект апаратуры.

Аляксандр РАМАНОВІЧ:

- Так, і мы абавязкова яе там усталюем, бо хоць у Лебедзеве і зарабляюць багата, але ж мы выдаткавалі ў мінулым годзе на рамонт гэтага СДК амаль тры мільярды рублёў. Цяпер патрэбна дапамога іншым сельскім установам культуры.

 Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Той жа Інтэрнэт дазваляе шукаць і новыя сцэнарыі для правядзення нейкіх мерапрыемстваў, уводзіць інавацыі, не адставаць ад павеваў часу... А як у вас з новымі формамі работы?

 Людміла КАНАНОВІЧ:

- Вось, напрыклад, цікавая, на мой погляд, навінка: правядзенне традыцыйных вясельных абрадаў. Або - шляхецкіх вяселляў, у стылі XIV або XVІ стагоддзяў. Натуральна, ЗАГСы самі такую працу не адолеюць. Таму цяпер пастаўлена задача наладзіць падобную практыку тэатралізацый з дапамогай культработнікаў, якія справяцца з ёй, я ў гэтым упэўнена, найлепшым чынам. І ў першую чаргу - у сельскай мясцовасці.

Аляксандр РАМАНОВІЧ:

- Падзялюся яшчэ адным нашым "ноў-хаў". Сёлета рэарганізавалі Маладзечанскі цэнтр мастацкай творчасці навучэнцаў у Дзіцячы цэнтр культуры. Гэта, пэўна, адзіная падобная ўстанова на Беларусі. Такім чынам станем прывіваць як традыцыйную, так і сучасную беларускую культуру, лічыце, з дзіцячага садка.

 Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

 - Калі мы загаварылі пра райцэнтр, дык не магу не запытацца пра лёс кінатэатра. Пра гэта ў мяне цікавіліся і жыхары Маладзечна. Ведаю, што названая ўстанова культуры ўключана ў Дзяржаўную праграму "Культура Беларусі" на 2011 - 2015 гады...

Людміла КАНАНОВІЧ:

- Так, сапраўды, і ва ўстанове ўжо ідзе рамонт. Гэта, натуральна, жаданне ўсіх жыхароў Маладзечна: каб у нашым горадзе з'явіўся сучасны кінатэатр. Бо мы разглядалі розныя варыянты, у тым ліку і перанос установы ў Палац культуры. Але ў выніку спыніліся на тым, што нам патрэбны свой кінатэатр.

Аляксандр РАМАНОВІЧ:

- Я думаю, што пасля ўвасаблення ў жыццё ўсіх нашых задумак наконт кінатэатра (а намі запланавана ўстанавіць у ім самае сучаснае абсталяванне) у Маладзечне з'явіцца яшчэ адна знакавая ўстанова культуры.

Людміла КАНАНОВІЧ:

- У нашых планах - і пабудова ў горадзе амфітэатра для правядзення рэспубліканскіх і абласных мерапрыемстваў. Таксама працуем над праектам развіцця гарадскога парку культуры і адпачынку: там з'явяцца атракцыёны, скульптуры, штучны вадаём... Так што працы ў нас шмат, перспектыўных планаў хапае, і мы цяпер заняты іх рэалізацыяй.

 Пасляслоўе да райвыканкамаўскай "лятучкі"

Будзе амфітэатр і помнік Папараць-кветцы

Начальнік упраўлення культуры Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Анатоль АКУШЭВІЧ:

 - Маладзечна - знакавы горад Мінскай вобласці. Да пачатку Рэспубліканскага свята працаўнікоў вёскі "Дажынкі-2011" мы плануем адрамантаваць шэраг гарадскіх устаноў культуры. Сродкі выдаткаваны на рамонт цэнтральнай раённай бібліятэкі, дзіцячай музычнай школы і школы мастацтваў, музычнага вучылішча і некаторых іншых аб'ектаў. У гарадскім парку культуры і адпачынку, дзе таксама запланавана добраўпарадкаванне тэрыторыі, размесціцца амфітэатр на тры з паловай тысячы месцаў для правядзення рэспубліканскіх і абласных мерапрыемстваў. У горадзе з'явяцца помнікі Янку Купалу і Папарацькветцы, а таксама скульптура ў форме эмблемы Нацыянальнага фестывалю песні і паэзіі.

Таксама запланаваны рамонт шэрагу ўстаноў культуры на сяле: у пасёлку Краснае, у Радашковічах.

Што да дзіцячага Цэнтра культуры "Расток", дык абласное ўпраўленне культуры цалкам падтрымлівае праект па развіцці гэтай установы і будзе спрыяць яго ажыццяўленню.

  Дэталь да агульнай карціны

Свята аграгарадка: пошук жанру

Пры размове аб сельскіх ўстановах культуры нельга не згадаць працу Маладзечанскага РМЦ. Ад прафесійнасці яго супрацоўнікаў шмат у чым залежыць вынік працы вясковых калег.

 Дырэктар Маладзечанскага РМЦ Ганна Уладыка ў сферы культуры - не навічок: аддала ёй 26 гадоў. З 2002-га Ганна Іванаўна працуе кіраўніком Метадычнага цэнтра.

 - Для нас, метадыстаў, - кажа яна, - вельмі важна тое, што робіць "Культура": распавядае на сваіх старонках пра крэатыўныя знаходкі ў розных рэгіёнах краіны. Бо стасункаў па перайманні вопыту нам пастаянна не стае, нягледзячы на тое, што часцяком бываем і на семінарах, і на курсах, і фестывалях.

Падзялілася Ганна Уладыка і некаторымі новымі распрацоўкамі сваіх метадыстаў. Пра адну з іх хацелася б расказаць, бо яна непасрэдна датычыць развіцця сацыякультурнай сферы сельскіх паселішчаў.

З 2009 года ў раёне пачалі праводзіць святы аграгарадкоў. Па словах дырэктара РМЦ, асноўная мэта падобных мерапрыемстваў - павысіць запатрабаванасць сельскіх устаноў культуры і апраўдаць тыя грашовыя сродкі, што былі ў іх укладзены.

- Гэта, адначасова, і вучоба для нашых кадраў, фактычна, семінарпрактыкум, - кажа Ганна Уладыка. - Напрыклад, не так даўно падобнае свята прайшло ў аграгарадку "Лебедзева". Тэмай мерапрыемства была барацьба са СНІДам. У гэты дзень там ладзіўся раённы рокфестываль.

І гэтыя святы аграгарадкоў заўсёды ператвараюцца ў раённыя мерапрыемствы. Так, раённы фальклорны фестываль і свята прайшлі ў аграгарадку "Кожава", а сёння ў аграгарадку "Маркава" ладзіцца раённае Свята пажылых людзей. Жанчыны будуць спяваць, удзельнічаць у разнастайных конкурсах, сярод якіх ёсць і самы "смачны" - кулінарны.

Першы ў краіне

З верасня бягучага года ў Маладзечне з'явілася ўнікальная ўстанова - Дзіцячы цэнтр культуры "Расток". Раней гэта быў Цэнтр мастацкай творчасці навучэнцаў. Ва ўстанове працуе 16 гурткоў і аб'яднанняў, у якіх агулам займаецца прыкладна 1300 дзяцей.

Дырэктар ДЦК Алена Сакалоўская ўзначаліла яго тады ж, у верасні. І адразу пачала планаваць сваю працу на гады наперад.

- Самае важнае цяпер - зрабіць праект добраўпарадкавання тэрыторыі нашага цэнтра, - кажа Алена Расціславаўна, - а таксама атрымаць фінансавыя сродкі на рамонт будынкаў ДЦК. А іх у нас чатыры. Адзін з іх - 1926 года пабудовы, і рамонт тут патрэбны, як паветра.

Засмучае дырэктара і слабая матэрыяльная база: у новай установе - пакуль што ўсяго адзін камп'ютар.

- Плануем зрабіць на базе нашага цэнтра дзіцячыя музей, тэатр, галерэю, турыстычную зону, - кажа Алена Сакалоўская, - бо тэрыторыя ў нас вельмі вялікая, і ўсё гэта цалкам рэальна. Гэта дазволіла б павялічыць план платных паслуг (а мы зарабляем 28 мільёнаў рублёў на год) прыкладна ў тры разы. Словам, патрэбна фінансавая падтрымка.  

 

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск - Маладзечанскі раён - Мінск

Фота аўтара

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"