Масты і… “хвасты”

№ 42 (962) 16.10.2010 - 22.10.2010 г

Мінулы тыдзень у сталіцы адзначыўся спробай збудавання тэатральнай “пераправы” паміж Беларуссю і Германіяй. На сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Інстытут Гётэ ў Мінску і Цэнтр сучаснай драматургіі і рэжысуры арганізавалі праект “ПАНТОН. Беларуска-нямецкія тэатральныя сустрэчы”. Галоўнай задачай гэтага тыднёвага інтэлектуальна-творчага марафона стаў абмен досведам у справе сучаснага існавання і жыццядзейнасці тэатральных механізмаў у дзвюх краінах.

 

У першы дзень сустрэч запрошаны з Германіі рэжысёр і тэатразнаўца Ларс Фогель засяродзіў увагу на пытаннях супрацоўніцтва паміж рэжысёрамі і драматургамі. Крытык Аляксей Стрэльнікаў прааналізаваў актуальны стан тэатральнай прасторы Беларусі. А завяршэннем сталася дыскусія на тэму "Тэкст у тэатры", пад час якой гаворка ішла пра розныя мадэлі працы з тэкстам з пазіцый акцёра, рэжысёра, перакладчыка, аўтара.

Цягам усяго тыдня ў сценах РТБД усе ахвотныя маглі пазнаёміцца з шэрагам сучасных нямецкіх спектакляў, відэапаказы якіх суправаджаліся гарачымі абмеркаваннямі. А таксама ў рамках беларуска-нямецкіх чытанняў адбылася спроба практычнага асваення і ўзаемадзеяння з сучаснай нямецкамоўнай драматургіяй. 12 кастрычніка малады рэжысёр Таццяна Арцімовіч прадставіла сцэнічнае чытанне п'есы "Жыццё на Плошчы Рузвельта" Дэі Лоэр, а 14-га сваю версію прачытання "Брыдкага" Марыўса фон Маенбурга прэзентаваў Аляксандр Марчанка.

А 15 кастрычніка ў якасці фінальнага акорда сустрэч арганізатары прапанавалі ўнікальную для беларускай тэатральнай прасторы акцыю пад умоўнай назвай "Патэнцыял, праблемы і перспектывы тэатра ў сучасным грамадстве" - дыскусію ў фармаце Open Spaсe. У рамках яе цягам усёй пятніцы кожны ахвотны мог выказацца аб набалелым, прапанаваць уласную тэму для разваг і закрануць тыя пытанні, якія, на яго думку, падаюцца актуальнымі для развіцця сучаснага тэатра ўвогуле і беларускага - у прыватнасці. Такім чынам, на адным дыскусійным полі маюць магчымасць сысціся, падзяліцца думкамі, а можа, нават і паспрачацца як прафесіяналы ад тэатра, так і звыклыя аматары, прыхільнікі гэтага віду мастацтва.

Безумоўна, падобныя творчыя акцыі важныя для тэатраў не толькі магчымасцю знаёмства з актуальнымі тэатральнымі навінкамі іншых краін, у прыватнасці - Германіі, але і таму, што, дзякуючы адмыслова арганізаванаму дыскусійнаму полю, яны правакуюць айчынных тэатралаў задумвацца і прагаворваць услых тыя "падводныя" моманты, якія, на іх думку, з'яўляюцца важнымі для разумення працэсаў, што адбываюцца ў беларускім тэатры. І вельмі хацелася б, каб падобныя акцыі былі не проста разавымі "масіраванымі" сустрэчамі, але і па заканчэнні пакідалі свае "хвасты" - у абліччы рэпертуарных спектакляў (у якія, магчыма, ператворацца "сырыя" драматургічныя чыткі), новых механізмаў прафесійнага супрацоўніцтва, нарэшце - у выглядзе творчых кантактаў беларускіх тэатральных дзеячаў з замежнымі калегамі.

 На здымках: у час сустрэчы з Ларсам Фогелем;

 купалаўцы Валянціна Гарцуева і Аляксандр Казела на сцэнічнай чытцы п'ес.

Фота Вікторыі ШЧАРБАКОВАЙ