“Абмен” з хуткасцю віхуры

№ 42 (962) 16.10.2010 - 22.10.2010 г

“Музыканты — з Аўстрыі, песні— з Іерусаліма”— так называўся канцэрт сусветна вядомай спявачкі Цімны Брауэр і яе ансамбля, што прайшоў на сцэне сталічнай філармоніі. Яго арганізатарамі выступілі Пасольства Аўстрыйскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, Аўстрыйскі культурны форум пры падтрымцы банкаўскіх структур. У зале прысутнічалі прадстаўнікі Міністэрства культуры, Міністэрства замежных спраў нашай краіны, Пасольства Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь.

 

 Пад час жа канцэрта ішоў найактыўны "абмен" энергетыкай паміж сцэнай і паўнюткай - папраўдзе аншлагавай - залай. Падзівіцца сапраўды было чаму. Атрымаўшы еўрапейскую адукацыю, яшчэ 25 гадоў таму Цімна Брауэр і яе муж Эліяс Мэйры склалі ансамбль, запрасіўшы да супрацоўніцтва ўдарніка. Сярод іх шматлікіх запісаў ёсць фальклорныя апрацоўкі, іншая яўрэйская музыка, якую яны ўзбагачаюць украпваннямі матываў розных народаў, нават джазавыя прачытанні моцартаўскіх арый. А сярод творчых праектаў - і дзіцячыя, і тэатральныя (удзел у мюзікле), нават "Еўрабачанне" і... сумесныя выступленні з харавымі калектывамі, ушанаваныя некалькімі прэстыжнымі прэміямі.

 Эліяс Мэйры, заняўшы месца за клавішнымі, аздабляў выступленне і ўласнымі спевамі, і ігрой на прыстасаваным да мікрафоннай стойкі губным гармоніку, шчодра перасыпаючы выступленне джазавымі імправізацыямі. Быў у яго і сольны нумар: джазавая "Хава нагіла". Добры піяніст, ён паказаў не толькі віртуозную тэхніку, але і рознакаляровую афарбаванасць тембравых гучанняў.

У цэнтры ж увагі была, безумоўна, Цімна Брауэр. Яна не толькі спявала ды грала, але і распавядала пра сябе, пра тую музыку, што выконвала, ухваляла прыгажосць Мінска. Пры гэтым то стаяла з гітарай у руках, то ў задуменнасці, бы казачная ўсходняя прынцэса, прысаджвалася на пуфік. Прытанцоўвала, сціскаючы ў руках кастаньеты, гукі якіх сыпаліся, нібы колкія кроплі дажджу, узнімала ўгару тамбурын, а "пырскі" яго бліскалі сонечнымі промнямі. Дый сама ўвесь час ззяла, як тое сонейка, святла ды гарачыні якога хопіць на ўсіх. Яе вакал не проста блікучы - папросту недасягальны для іншых. Здаецца, для голасу Цімны ўвогуле няма ніякіх межаў - ні ў дыяпазоне, ні ў меладычных мудрагелістасцях. Мелізматыка пераўзыходзіць найвіртуозныя інструментальныя карункі, нагадваючы фантазійна "закручаныя" ўсходнія арнаменты, а рытміка можа паспаборнічаць з самымі выбітнымі каленцамі ўдарнай устаноўкі, што, дарэчы, мы і чулі ў час канцэрта.

Куплетна-варыяцыйная форма суседнічала з драматургічна складанымі, шырока разгорнутымі кампазіцыямі, дзе вакальныя фрагменты чаргаваліся з чыста інструментальнымі. Розныя стылі не толькі змянялі адзін аднаго, як гэта гістарычна ажыццяўлялася ў еўрапейскай музыцы (праўда, у розныя эпохі ў розных тэмпах), але і, як гэта ўласціва яўрэйскай традыцыі, быццам накладаліся на папярэднія. І пры гэтым утваралі ўсё новыя, паветраныя, дыхаючыя, повязі-перапляценні, а зусім не спрэс а ваныя напластаванні. Амаль ва ўсіх нумарах можна было заўважыць добра разлічанае фінальнае паскарэнне тэмпаў - бы дзівосны віхурны слуп, што адрываў слухачоў ад зямлі і пераносіў у нябесныя далячыні.

Фота Андрэя СПРЫНЧАНА

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"