Партрэты замест “...Windows”

№ 42 (962) 16.10.2010 - 22.10.2010 г

Графік па адукацыі і жывапісец па жыцці, прызнаны майстра нацюрмортна-пейзажнай кампазіцыі і аўтар ілюстрацый да дзесяткаў дзіцячых выданняў… Мастачка Аксана Аракчэева настолькі рознабаковая творчая асоба, што калі год таму, знакамітая выявамі з акна сваёй майстэрні, яна поўнасцю перайшла на стварэнне партрэтаў, складана было зразумець: варта здзіўляцца ці не?

 

Большасць мастацтвазнаўцаў, аматараў жывапісу і калег Аксаны Барысаўны ўсё ж такі здзівіліся. Серыі работ "Мінскія вокны" і "Нам засталася спадчына" настолькі моцна "зрасліся" з асобай Аракчэевай, можна нават сказаць, зрабілі ёй імя ў беларускім мастацтве, што пытанні "Чаму ж так? Чаму менавіта партрэты? Як жа з пейзажамі?" паўстаюць самі сабой.

- Насамрэч, стэрэатып, што склаўся, мяне вельмі стаміў, - кажа Аксана Барысаўна. - У мяне было штосьці накшталт "кляйма": Аракчэева - гэта вокны! Таму ў мінулым годзе, пад час сумеснай з маім бацькам Барысам Аракчэевым выстаўкі "Саборная плошча", дзе былі прадстаўлены куточкі Мінска ў рэтраспекцыі, напісаныя ім, і мае - у сучаснасці, урачыста заявіла: гэты праект - апошні ў звыклым для мяне накірунку...

Такім чынам, мастачка лёгкіх шляхоў не шукала і пайшла на своеасаблівую рызыку, звярнуўшыся да партрэта. "Як я хвалявалася пад час першай выстаўкі! Гэта ж такая адказнасць! Тым больш, што сваім героям да адкрыцця экспазіцыі я не паказвала іхнія партрэты. Хацела, каб выстаўка стала своеасаблівым адкрыццём. А калі пад час вернісажу бачыла задаволеныя ўсмешкі сваіх сяброў, разумела: усё атрымалася!"

Думаю, героям работ Аксаны Аракчэевай цікава не толькі заўважаць уласна партрэтнае падабенства, але і крыху прыхаваныя дэталі, якія раскрывае мастачка. А іх яна знаходзіць, адлюстроўваючы заняткі і захапленні герояў, часам прадстаўляе зусім новае бачанне іхняга ўнутранага свету. Так, напрыклад, "Віцэ-Міс Мінск-2009" Дар'ю Саладуху выявіла ў вобразе фараона, кагосьці - ў іпастасі ракавой Пікавай дамы, некага - лесункі...

Усяго год працуе Аксана Аракчэева над партрэтамі, і ўжо мае ў актыве тры выстаўкі. Дарэчы, апошняя з іх - серыя "Мае сябры" - гэтымі днямі экспануецца ў Гарадской мастацкай галерэі твораў Л.Шчамялёва, таму сёння сталічны глядач можа пазнаёміцца з партрэтамі цікавых людзей "ужывую" . Выстаўка сабрала ў галерэі не толькі выявы паспяховых у сваёй прафесіі, але і духоўна багатых асоб: гэта- архіепіскап Мітрапаліт МінскаМагілёўскі Тадэуш Кандрусевіч, прафесар Леанід Путырскі, галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Віктар Пласкіна, мастацтвазнаўца Таццяна Бембель і многія іншыя. Па традыцыі, мастачка захавала інтрыгу: героі чарговай экспазіцыі на адкрыцці ўбачылі сябе ўпершыню.

Называецца выстаўка "Мае сябры" не выпадкова: героямі палотнаў становяцца дарагія Аксане Барысаўне людзі.

- А часам бывае зусім наадварот, - дадае мастачка. - Прыходзіць у майстэрню зусім незнаёмы чалавек, а пад час працы мне ўдаецца раскрыць яго для сябе, убачыць у ім цікавае і асаблівае. І калі партрэт ужо гатовы, я адчуваю, наколькі гэтая асоба мне дарагая. У бліжэйшы ж час планую рэалізаваць вельмі цікавы для мяне праект: буду шукаць людзей, якія атаясамліваюцца для мяне з пэўнымі літаратурнымі вобразамі. Пачалося ўсё з маёй "Свіцязянкі". Думаю, зусім хутка калекцыя вобразаў значна пашырыцца.

 Дар'я ДАНІЛЕВІЧ