Бусел пад небам Шанхая

№ 42 (962) 16.10.2010 - 22.10.2010 г

Штодзённа кітайцы выстойваюць вялікія чэргі, каб пабачыць беларускага “гуана”. Амаль паўгода бусел лунае пад столлю павільёна Нацыянальнай экспазіцыі Рэспублікі Беларусь на Сусветнай выстаўцы “ЭКСПА-2010” у Шанхаі. Удзел у прыстыжным форуме дае ўнікальную магчымасць сфарміраваць у замежнікаў з усёй планеты пазітыўны імідж краіны. Немалую лепту ў складанне цэласнага нацыянальнага вобраза нашай краіны ўклаў творчы калектыў рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Беларускі відэацэнтр”.

 

Над стварэннем фільмаў для прэстыжнай выстаўкі ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы калектыў "Белвідэацэнтра" на чале з галоўным рэжысёрам Аляксандрам Карпавым працаваў амаль год. Перад творчай групай была пастаўлена цікавая задача: прыдумаць стужку, якая стала б адмысловай інтэрактыўнай дэкарацыяй айчыннага павільёна.

- Шмат часу пайшло на разнастайныя тэхнічныя ўзгадненні, - распавядае Аляксандр Аляксандравіч. - На жаль, мы былі аддалены ад дызайнерскіх рашэнняў выставачнай залы, таму не ведалі неабходных акалічнасцей. Прыкладам, не маглі запісваць на лічбавыя носьбіты стужкі, пакуль не атрымалі канчатковага адказу, на якой апаратуры яны будуць дэманстравацца, у якім фармаце і на якой плошчы. Згладжваць усе недарэчнасці дапамагалі прадстаўнікі Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, што ў сілу сваіх прафесійных абавязкаў неаднаразова выязджалі ў Шанхай, а потым паведамлялі нам неабходныя даныя.

 У выніку над галоўнай сцэнай Нацыянальнай экспазіцыі з'явіўся круглы экран: на ім цягам усяго дня лунае бусел як сімвал Беларусі. Высакародная птушка пралятае над старадаўнімі помнікамі архітэктуры, на якія багата наша зямля...

 - Гэты закальцаваны кліп стаў адным з галоўных візуальных элементаў айчыннай экспазіцыі,- зазначыў дырэктар "Белвідэацэнтра" Пётр Крывастаненка. - Нашы калегі ў Шанхаі перыядычна назіраюць карціну, калі кітайцы фатаграфуюцца на фоне "Неба Беларусі" і кажуць, што такім чынам яны нібыта перанесліся ў Край блакітных азёр...

 Чырвонай ніткай праз "ЭКСПА-2010" праходзіць тэма гарадоў будучыні. Каб падтрымаць заяўленую ідэю, на двух вялікіх экранах абапал сцэны, зноў-такі, у закальцаваным рэжыме, дэманструецца стужка "Беларусь", якая распавядае аб сучасных дасягненнях дзяржавы і яе планах на будучыню ва ўсіх сферах жыцця. Спачатку меркавалася, што на кінапрэзентацыі будзе адведзена па дзве хвіліны. Аднак адміністрацыя кожнай вобласці, прадстаўнікі шматлікіх прадпрыемстваў пажадалі, каб у Шанхаі пабачылі аповед і пра іх. У выніку атрымалася стужка больш чым на 20 хвілін. Дзякуючы ёй наведвальнікі знаёмяцца з культурай, спортам, медыцынай, прамысловасцю, навукай Беларусі.

 Асабліва зацікаўленая публіка дазнаецца пра нашу гісторыю і сучаснасць са спецыяльных відэаэкранаў, расстаўленых па перыметры павільёна. На маніторах выведзены меню на англійскай і кітайскай мовах, і кожны ахвотны можа выбраць неабходны сюжэт. Прыкладам, найноўшая тэхніка прапануе наведвальнікам паглядзець стужку "Сканеры мінулага". За 20 хвілін госць з замежжа даведваецца аб нашай Айчыне, пачынаючы з сівой даўніны. Відэарад складаецца з замалёвак з экспазіцый розных музеяў, прыродных запаведнікаў, гравюр, на якіх адлюстраваны былыя сядзібы, партрэтаў гістарычных магнатаў. Аб Сярэднявеччы распавядаюць здымкі турніраў рыцарскіх клубаў, аб гадах Вялікай Айчыннай вайны - кадры з фільмаў айчынных рэжысёраў. Зрэшты, уся карціна стваралася на базе архіва самога "Белвідэацэнтра", што за дваццаць гадоў існавання набыў шыкоўныя фонды ўнікальных кінадакументаў самай рознай тэматыкі.

Пад час падрыхтоўкі да "ЭКСПА2010" узнікла ідэя прапанаваць кітайцам серыю з 12 фільмаў аб гарадах Беларусі. Над гэтым праектам група Аляксандра Карпава працавала ў цесным кантакце з камандай Белтэлерадыёкампаніі пад кіраўніцтвам рэжысёра Першага канала Сяргея Рыбакова. Творчы тандэм падрыхтаваў дакументальныя замалёўкі пра Мінск, абласныя цэнтры краіны, а таксама пра Оршу, Мір, Нясвіж, Навагрудак, Полацк ды Іўе.

 Зрэшты, рыхтуючы відэапрадукцыю, "Белвідэацэнтр" значную ўвагу надаў рэжысуры прагляду. Справа ў тым, што на выстаўках падобнага кшталту заўсёды вельмі шумна: спрэс ідуць прэзентацыі, выступленні артыстаў, ды і наведвальнікі часцяком уголас дзеляцца ўражаннямі. Таму відэаінсталяцыі павінны быць візуальна гаваркімі пры мінімальным аўдыясуправаджэнні. Гэтае патрабаванне дакументалісты "Белвідэацэнтра" выканалі, без перабольшвання, на ўсе 100 балаў.

 - Стужкі, што паехалі ў Шанхай, атрымаліся вельмі маляўнічыя. Для большай дакладнасці мы зрабілі невялічкія субцітры на кітайскай мове. Нам вельмі дапамагла студэнтка адной з беларускіх ВНУ - кітаянка Мін'я Лі. Яна зрабіла цудоўныя пераклады і так уцягнулася ў справу, што нават з замежных паездак дасылала да нас рэдактуру тэкстаў. Дзякуючы ёй, я нават крыху вывучыў мову іерогліфаў,- усміхаецца Аляксандр Карпаў.

Напрыканцы кастрычніка сусветная выстаўка ў Шанхаі завершыць сваю дзейнасць. Упэўнена, што і пасля закрыцця нашай экспазіцыі аб Беларусі будуць яшчэ доўга гаварыць ва ўсіх куточках планеты, і немалая заслуга ў гэтым айчынных дакументалістаў "Белвідэацэнтра".

 

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"