“Пуцёўка ў жыццё” для пашчэрбленых муроў

№ 42 (962) 16.10.2010 - 22.10.2010 г

Прынцып “Рэстаўрацыя дзеля рэстаўрацыі” эфекту не прыносіць

 

На сацыяльных палосах "Культура" трымае пад пільнай увагай усё, што датычыцца гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі і пытанняў, заязаных з яе аховай. Чарговая камандзіроўка нашага карэспандэнта - гэтым разам у Бярозаўскі раён - стала фактурай для разважання аб перспектывах і праблемах у гэтай справе.

У Бярозаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі ёсць макет найвялікшай гістарычнай адметнасці тых мясцін - кляштара картэзіянцаў, або картузаў. На ім суладны баракальны ансамбль, збудаваны коштам Казіміра Сапегі, выглядае бы казачны. Да нядаўняга часу кантраст з сённяшняй рэчаіснасцю здаваўся ўжо непераадольным. Праект Дзяржаўнай праграмы "Культура Беларусі" на 2011 - 2015 гады ўпершыню адкрывае рэальную перспектыву адраджэння гэтага помніка. І прапаноўвае канкрэтныя захады па вырашэнні многіх іншых праблем у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны.

 

Экспазіцыя на месцы падзей

Для нешматлікіх манахаў ордэна картузаў, чый статут - адзін з самых суровых у каталіцкай царкве, гэта было месца цішыні і кантэмпляцыі на самоце. Для мястэчка Бярозы кляштар, дзе разам з малітвай віравала і гаспадарчая дзейнасць, стаў, сучаснай мовай кажучы, горадаўтваральным прадпрыемствам. Без яго гісторыю цяперашняга райцэнтра ўявіць немагчыма. Недарэмна ж некалі ён меў назву Бяроза Картузская, і з галаўным уборам гэта ніяк не звязана. Ды і на сучасным гербе гарадка зафіксаваны менавіта відарыс кляштарнай брамы - самы пазнавальны вобраз краю. Аднак... сама брама спакваля руйнавалася.

- Яшчэ гадоў пятнаццаць таму над ёю быў дах, - кажа метадыст па ахове гісторыка-культурнай спадчыны аддзела культуры райвыканкама Ларыса Дзмітраніца. - Але час няўмольны...

Энтрапія пачалася адразу пасля ліквідацыі кляштара, "пакаранага" за падтрымку паўстання 1831 года. Узнёслая старонка гісторыі гэтага месца была перагорнута - каб праз стагоддзе ціхага заняпаду саступіць месца вусцішнай. У казармах, збудаваных за царскім часам з цэглы кляштарных будынкаў, польскія ўлады ў 1934-м стварылі першы на тэрыторыі Беларусі канцлагер. А пад час нямецкай акупацыі руіны комплексу сталі месцам масавых расстрэлаў...

Не так даўно адну з былых казармаў, якая доўгі час прастаяла без даху, выкупіў прадпрымальнік. Другая ж з'яўляецца сапраўдным цэнтрам культуры Бярозы: тут размешчаны і бібліятэка, і выставачныя залы музея, і сувенірная лаўка... Адпаведна, пра першы "зачын" у справе стварэння турінфраструктуры можна казаць ужо сёння.

Ды, на жаль, будынкі казармаў паранейшаму не маюць статуса гісторыка-культурнага помніка. Хаця, падаецца, камяніцы цалкам могуць на яго прэтэндаваць - можа, не столькі праз сваю архітэктурную, колькі праз мемарыяльную вартасць. Ды і фрагмент экспазіцыі, прысвечаны канцлагеру, пацвердзіў бы: у музейнай справе няма нічога больш пераканаўчага за эксклюзіўны прынцып "экспазіцыі на месцы падзей". Зрэшты, як паведамілі супрацоўнікі ўстановы, на перспектыву такія задумы ў іх ёсць.

 

Картэзіянскі эксклюзіў

Захады па ратаванні рэшткаў кляштара мясцовыя ўлады робяць ужо не першы год. Разлічваючы пераважна на свае рэсурсы, яны распачалі рэстаўрацыю той самай "сімвалічнай" брамы. Праведзены грунтоўныя археалагічныя даследаванні, распрацавана дакументацыя, зроблена гідраізаляцыя падмуркаў, ачыстка і частковае аднаўленне цаглянай кладкі - прычым з выкарыстаннемі матэрыялаў і звязнікаў, вырабленых па тэхналогіі, набліжанай да арыгінала. Але... Прагрэс пакуль што досыць сціплы, і прычына таму зразумелая: сродкаў на рэстаўрацыю зусім вобмаль. "Выцягнуць" такі аб'ект сіламі раёна - задача амаль нерэальная.

Вестку пра тое, што кляштар картэзіянцаў быў уключаны ў праект Дзяржаўнай праграмы, галоўны спецыяліст па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Брэсцкага аблвыканкама Леанід Несцярчук атрымаў акурат напярэдадні свайго 65-годдзя.

- Для мяне гэта - найлепшы падарунак да юбілею! - шчыра прызнаўся знаны руплівец. - Дзякуючы сродкам з абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў, мы здолеем распачаць грунтоўныя работы на гэтым маштабным і знакавым аб'екце...

Сродкі, між тым, адносна невялікія: каля 750 мільёнаў рублёў. Іх плануецца выдаткаваць на тры фрагменты комплексу: завяршэнне рэстаўрацыі брамы, кансервацыю рэшткаў званіцы касцёла (яе манументальныя руіны ўражваюць і ў цяперашнім выглядзе) і адной з вежаў.

Вядома, пра кардынальнае пераўвасабленне помніка спадчыны, тэрыторыя якога - амаль шэсць з паловай гектараў, гутаркі пакуль не вядзецца. Тым болей, праблем назапасілася багата, прычым іх вырашэнне патрабуе не толькі фінансаў, але і часу на дбайную выпрацоўку канцэптуальных падыходаў. Ці трэба аднаўляць кляштарны комплекс цалкам, або руіны патрабуюць толькі кансервацыі? Або, можа, ідэальным будзе трэці варыянт, прамежкавы... Тэм для працяглых дыскусій тут - процьма. Як і адносна новай функцыі комплексу: ні на Беларусі, ні нават у блізкім замежжы законных дамоў ордэна картэзіянцаў на цяперашні час няма.

Сёння ў Бярозе можна ўбачыць красамоўны аргумент на карысць заканадаўчага патрабавання аб распрацоўцы ахоўнай зоны помніка спадчыны. З аднаго боку да рамантычных руін ушчыльную прыступілася непрыглядная прамысловая забудова, з другога - прыватныя катэджы... Праект зоны аховы ўжо створаны, але... Каб гэта адбылося хаця б гадоў трыццаць таму, удалося б прадухіліць тыя многія праблемы, над якімі непазбежна давядзецца ламаць галаву ў будучыні - па меры "турыстызацыі" аб'екта.

- Пры цяперашнім стане кляштара мы можам прапанаваць хіба аглядавыя экскурсіі, - кажа Ларыса Дзмітраніца. - Але ўжо задумваемся і на перспектыву.

Самая смелая задума - аднаўленне келляў манахаў-самотнікаў, у якіх кожны ахвотны мог бы пажыць колькі дзён у строгай адпаведнасці з картэзіянскім статутам. Такой турпрапановы папраўдзе нідзе больш не знойдзеш!

Ва ўсялякім выпадку, ніхто не сумняваецца ў тым, што ўжо пасля завяршэння ўключаных у Дзяржпраграму работ руіны кляштара стануць запатрабаваным тураб'ектам. І менавіта гэтая функцыя здолее адгарнуць новую старонку гісторыі пашчэрбленых муроў.

 

Варыянты новых падарожжаў

Большасць цяперашніх беларускіх турмаршрутаў пракладзены праз заходнюю частку краіны. А вось экскурсіі, скажам, па Магілёўшчыне аператары прапаноўваюць надзвычай рэдка. Хаця, зірнуўшы на карту, і ў гэтым рэгіёне можна "ўбачыць" актуальныя маршруты. Напрыклад, такі.

Выехаўшы з Мінска па Магілёўскай шашы, турыст робіць першы прыпынак у вёсцы Княжыцы, дзе аглядае вельмі адметны па сваёй архітэктуры храм. Затым збочвае на Быхаў - некалі адну з наймацнейшых фартэцый Вялікага Княства: апрача замка на дняпроўскай строме там захавалася і такое дзіва, як сінагога абарончага тыпу. А на наступны дзень, пасля змястоўнай экскурсіі па Магілёве, рушыць на самы ўсход краіны - у Мсціслаў, над якім высяцца вежы двух барочных касцёлаў. Але шлях - доўгі, і прыпынак на паўдарозе ў вёсцы Расна, дзе можна агледзець шыкоўны некалі касцёл Святога Казіміра і шляхецкую сядзібу, будзе цалкам дарэчы. Ад Мсціслава ж рукой падаць да знакамітага Успенскага манастыра ў Пустынках. Здаецца, маршрут на 2 - 3 дні атрымаўся!

З нядаўняга часу ўсе вышэйпералічаныя восем помнікаў спадчыны яднае не толькі іх стан - галоўная перашкода для стварэння падобнага турпрадукту, - але і рэальная надзея на адраджэнне. Кожнаму з іх прысвечаны асобны радок у праекце Дзяржпраграмы. Запоўнены і графы, датычныя фінансавання рэстаўрацыйных работ.

- Рэстаўрацыя дзеля рэстаўрацыі належнага эфекту не прыносіць, - перакананы начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігар Чарняўскі. - І таму, прымаючы рашэнне аб уключэнні таго або іншага аб'екта ў Дзяржпраграму, мы заўсёды задумваліся пра яго магчымую ролю ў сістэме турызму...

Думаецца, практыкі ў гэтай сферы ахвотна ўхваляць спіс тых помнікаў спадчыны, якім нададзены прыярытэт у праекце Дзяржпраграмы. Некаторыя з іх ужо сталі галоўнымі аб'ектамі паказу папулярных маршрутаў: як, напрыклад, Навагрудскі, Лідскі і Гальшанскі замкі. Першы ў гэтым спісе ў бліжэйшую пяцігодку мае прычакаць папраўдзе для яго неабходную кансервацыю - з элементамі музеефікацыі. На другім прадоўжыцца распачатая сёлета рэстаўрацыя: аб'ём работ яшчэ запатрабуе тры гады часу і каля 10 мільярдаў рублёў фінансавання. А праз год будаўнікі ветліва "патурбуюць" і гальшанскіх прывідаў.

Зразумела, у спіс трапілі і тыя помнікі, якія яшчэ патрабуюць сваёй "раскруткі". Аднак менавіта на іх ускладаюць асаблівыя спадзяванні тыя р э г і ёны краіны, чый турыстычны патэнцыял пакуль не выяўлены і не выкарыстаны. Прыкладам, Юравічы, дзе, апрача рэстаўрацыі былога кляштара, плануецца і стварэнне ўнікальнага для Беларусі "палеатычнага" музея пад адкрытым небам.

 

Банк без замкоў

Зрэшты, рэстаўрацыйныя работы - гэта толькі адзін з накірункаў дзейнасці ў сферы аховы спадчыны, якія былі вызначаны прыярытэтнымі на бліжэйшую пяцігодку. Усяго іх - пяць, і кожны вымагае асаблівай увагі.

- Варта прызнаць, што да нядаўняга часу ў краіне надавалася замала ўвагі нашай нематэрыяльнай спадчыне, - канстатаваў Ігар Чарняўскі. - На тое ёсць і заканамерныя прычыны: шмат высілкаў запатрабавала праца па каталагізацыі матэрыяльных аб'ектаў. І цяпер, калі гэтая задача ўжо збольшага вырашана, мы засяроджваем асаблівую ўвагу менавіта на тых самабытных праявах беларускіх традыцый, якія, згодна з вызначанымі Канвенцыяй UNESСO крытэрыямі, адпавядаюць статусу помніка нематэрыяльнай спадчыны. Як ужо павінны ведаць чытачы вашага выдання, літаральна за апошнія паўтара года было нямала зрухаў у гэтым напрамку. Згадайма хаця б такое высокае прызнанне абраду "Цары"!

У бліжэйшы час важнай задачай з'яўляецца складанне пераліку аб'ектаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Зразумела, што сёння гэта не можа адбывацца без выкарыстання камп'ютэрных тэхналогій - у тым ліку і распрацоўкі спецыяльнага праграмнага забеспячэння. А вынікі працы будуць даступныя ўсім карыстальнікам Інтэрнэта.

Плануецца, што ў агульным доступе будзе і Банк звестак аб гісторыка-культурнай спадчыне краіны, створаны ў электронным выглядзе яшчэ ў 1990-я гады. Кожны з аб'ектаў мае свой пашпарт, які змяшчае разнастайную інфармацыю - у тым ліку і датычную рэстаўрацыйных работ. Аднак... Створанае паўтара дзесяцігоддзя таму праграмнае забеспячэнне Банка звестак патрабуе сур'ёзнай мадэрнізацыі. Ёсць неабходнасць увесці і некаторыя новыя элементы інфарматызацыі.

Не абмінулі ўвагай у Дзяржпраграме і такі напрамак, як папулярызацыя нашых набыткаў, у тым ліку і больш шырока выкарыстоўваючы такую нагоду, як вераснёўскія Дні еўрапейскай спадчыны.

- Гэта добрая магчымасць выклікаць дадатковы розгалас у грамадстве, звярнуць увагу на тую або іншую актуальную тэму,- лічыць Ігар Чарняўскі. Апрача такіх традыцыйных мерапрыемстваў, як канферэнцыі і семінары, упраўленне па ахове спадчыны выношвае і ідэю свайго кшталту народнага ўніверсітэта - лекцый спе цыялістаў, разлічаных на ўсіх ахвотных. І сапраўды, некаторыя выказванні на інтэрнэт-форумах сёння красамоўна сведчаць за тое, што несумненная актуальнасць тэмы аховы спадчыны не заўсёды адпавядае абазнанасці ў гэтым пытанні. І таму ў неабходнасці шырокіх адукацыйных праектаў наўрад ці выпадае сумнявацца.

Жніво вялікае, а работнікаў мала

Гэтая евангельская фраза сёння прымяняльная і да сферы аховы спадчыны. Больш за пяць тысячаў аб'ектаў, унесеных у Дзяржаўны спіс гісторыкакультурных каштоўнасцей, немалую частку якіх з той або іншай прычыны можна назваць праблемнымі, сёння апякуюць паўтара дзесятка супрацоўнікаў адпаведнага ўпраўлення Міністэрства культуры і па адным спецыялісце ў кожным з абласных упраўленняў. Што ж да раённага ўзроўню...

- На жаль, самае слабое звяно ў сістэме аховы спадчыны - гэта менавіта сувязь з мясцовымі спецыялістамі,- кажа Ігар Чарняўскі. - Насуперак нашым захадам, у большасці раёнаў іх пасады так і не былі ўведзены, а функцыі аддадзены "ў нагрузку" супрацоўнікам музеяў і бібліятэк. Ёсць і ўвогуле парадаксальны выпадак: у адным з раёнаў адказнасць за ахову спадчыны ўсклалі на работніка гаспадарчай групы! Ці можна чакаць ад такога спецыяліста эфектыўнай і кваліфікаванай працы па выкананні заканадаўства? Думаю, пытанне - рытарычнае...

Наяўнымі сіламі праблематычна нават праводзіць пастаянны маніторынг, які ахопліваў бы літаральна кожны помнік спадчыны: руіны сядзіб у маленькіх вёсках, ледзь прыкметныя пагоркі курганоў, брацкія магілы часоў Вялікай Айчыннай вайны... І таму здараецца так, што факты парушэння заканадаўства выяўляюць не ўпаўнаважаныя спецыялісты "на месцах", а журналісты, шараговыя турысты, або і ўвогуле супрацоўнікі праваахоўных органаў у ходзе сваіх праверак.

- Пра тое, што сённяшняя сістэма аховы спадчыны не зусім адпавядае патрабаванням часу, сведчыць і стан многіх аб'ектаў, і ход работ, якія выконваюцца на помніках спадчыны, і ўзаемасувязі паміж органамі кіравання розных узроўняў,- кажа Ігар Чарняўскі. - На гэта звяртае ўвагу і грамадскасць.

Таму Дзяржпраграма прадугледжвае досыць істотную рэформу самой сістэмы. Бадай, самая важная інавацыя - стварэнне органа з "рабочай" назвай "Міжрэгіянальная інспекцыя па ахове гісторыка-культурнай спадчыны", са сваімі "падраздзяленнямі" ў кожным з рэгіёнаў.

- Гэта групы з 6 - 10 чалавек кожная (у залежнасці ад колькасці аб'ектаў у той або іншай вобласці) і маюць ажыццяўляць пастаянны і прафесійны кантроль за выкананнем заканадаўства ў сферы аховы спадчыны, - тлумачыць Ігар Чарняўскі, - за тым, ці выконваюць уласнікі аб'ектаў свае абавязкі па іх утрыманні, ці адпавядаюць заканадаўчым патрабаванням работы, якія там праводзяцца... Інспектар - праца не кабінетная: ён павінен пастаянна аб'язджаць помнікі спадчыны вобласці, назіраць, уносіць карэктывы і рабіць адпаведныя захады ў выпадку парушэнняў закону. Дзякуючы гэтаму ў Міністэрства культуры будзе няспынна трапляць самая аператыўная інфармацыя "з месцаў". І тады мы здолеем прымаць неадкладныя меры ў залежнасці ад канкрэтных выпадкаў.

Важна адзначыць і яшчэ адну акалічнасць прапанаванай рэформы: "рэвізоры" з рэгіёнаў будуць падпарадкаваны непасрэдна Міністэрству культуры, а не муніцыпальным уладам.

- Гэта дазволіць спецыялістам выконваць сваю функцыю абсалютна неперадузята, кіруючыся выключна патрабаваннямі заканадаўства, - адзначыў Ігар Чарняўскі.

У абгрунтаванасці такога сцвярджэння запэўнівае хаця б досвед замежных краін - у тым ліку і тых, чыя практыка ў сферы аховы гістарычных набыткаў лічыцца ўзорнай. У тым, што прагматычныя інтарэсы ўласніка аб'екта спадчыны і патрабаванні заканадаўства заўсёды супадаюць, можа верыць толькі бездапаможны ідэаліст. Уласнік выбірае для рамонтных работ самую танную, але не заўсёды прыдатную для аб'екта тынкоўку. Закон жа вызначае зусім іншыя крытэрыі для матэрыялаў, якія прымяняюцца ў падобным выпадку.

На Беларусі ўласнікамі многіх аб'ектаў з'яўляюцца мясцовыя ўлады або падпарадкаваныя ім арганізацыі. І ці наважыцца сціплы спецыяліст установы культуры сказаць хаця б нават старшыні сельсавета: "Даруйце, але вы не маеце рацыі!"? Ці мае гэты спецыяліст дастатковы досвед і, галоўнае, час, каб, напрыклад, ініцыяваць прыцягненне вінаватых да адказнасці за згубную для помніка спадчыны бяздзейнасць?

- Я заўсёды казаў пра тое, што спецыялісты ў раёнах - гэта "вочы" ўсёй сістэмы аховы спадчыны, - адзначыў Ігар Чарняўскі. - Але ж сёння, на вялікі жаль, даводзіцца канстатаваць: гэтыя вочы заўважаюць далёка не ўсё, што адбываецца ў полі іх зроку. А часам яны і свядома заплюшчаны...

Між тым, Ігар Чарняўскі ўпэўнены, што муніцыпальным спецыялістам знойдзецца паважнае месца і ў новай сістэме. Праўда, яны займеюць трохі іншую функцыю: не столькі кантрольную, колькі, хутчэй, дарадчую.

- Як сведчыць практыка, многія праблемы вынікаюць менавіта з неінфармаванасці кіраўніцтва на месцах у плане заканадаўства па ахове спадчыны, - кажа начальнік упраўлення. - Гэта тычыцца, скажам, тых жа рамонтна-рэстаўрацыйных работ. Шмат якія парушэнні дапускаюцца не наўмысна, а выключна праз "найлепшыя намеры", якія, аднак, не падмацаваны кампетэнтнымі парадамі спецыялістаў.

Зразумела, што прадухіляць памылкі значна прасцей, чым потым іх выпраўляць. Апошняе часам увогуле бывае немагчымым. Тым болей, што "цана пытання" зазвычай бывае вельмі вялікай нават чыста ў грашовым эквіваленце.

Як адзначыў Ігар Чарняўскі, прапанаваная схема арганізацыі аховы спадчыны паспяхова выкарыстоўваецца многімі іншымі краінамі - у тым ліку і амаль усімі нашымі суседзямі. -

Прыкладам, у Літве падобную дзейнасць каардынуе Дэпартамент культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры, які мае свае прадстаўніцтвы ў рэгіёнах, непасрэдна яму падпарадкаваных. У той самы час, спецыялісты па ахове спадчыны ёсць і ў муніцыпальных органах улады. І ніхто не скардзіцца на тое, што яму бракуе працы!

Па словах Ігара Чарняўскага, рэарганізацыя ў Дэпартамент упраўлення, якое ён узначальвае, таксама падаецца мэтазгоднай. Ізноў жа, з той прычыны, што "жніво вялікае".

 

Галоўная падстава для адраджэння

- Пра любы з прапанаваных у праекце Дзяржпраграмы аб'ектаў можна шмат гаварыць, бо кожны з іх - па-свойму знакавы і для краіны, і, асабліва, для свайго рэгіёна, - упэўнены Ігар Чарняўскі. - Мы не ставілі невыканальныя задачы, але імкнуліся ахапіць як мага болей помнікаў.

Агулам у праект Дзяржаўнай праграмы іх трапіла 34 - колькасць вельмі ўнушальная. У той самы час, сродкі, запланаваныя на некаторыя з гэтых аб'ектаў, могуць падацца даволі сціплымі. Асабліва гэта тычыцца Брэсцкай вобласці, якая прадстаўлена найбольшай колькасцю пазіцый - ажно дзесяццю. Прыкладам, для кансервацыі палацаў у Паланэчцы і Ястрэмбелі і капліцы ў Моладаве спатрэбіцца па сто мільёнаў рублёў.

Тут узнікае пытанне: ці не з'яўляецца кансервацыя свайго кшталту "напаўмерай", не здатнай кардынальна вырашыць пытанне? Вядома, гаворка не пра тыя выпадкі, калі менавіта такі падыход з'яўляецца адзіным навукова апраўданым, - як, напрыклад, у дачыненні да будучага лёсу Навагрудскага замка.

- Самае галоўнае - гэта распачаць работы на тым або іншым аб'екце, - перакананы Леанід Несцярчук, - зрабіць той зачын, што дазволіў бы потым мясцовым уладам паступова даводзіць помнік спадчыны да ладу сваімі сродкамі. Дзякуючы Дзяржпраграме мы разлічваем прыступіцца да аб'ектаў, лёс якіх ужо даўно нас непакоіў,- як, напрыклад, старажытная сінагога ў Століне.

Пра тое, што муніцыпальная ініцыятыва ў справе адраджэння спадчыны істотна расце, у чарговы раз засведчылі прыведзеныя ў праекце Дзяржпраграмы лічбы запланаваных выдаткаў: 23 мільярды рублёў з рэспубліканскага бюджэту і 41 - з мясцовых. Зрэшты, непадробны энтузіязм да адраджэння картэзіянскага кляштару паўсюдна адчуваўся і пад час камандзіроўкі ў Бярозу.

Помнікаў спадчыны, якія трэба неадкладна ратаваць, на Беларусі назапасілася нямала. Таму і жаданне ахапіць як мага больш аб'ектаў падаецца слушным канцэптуальным падыходам. Прычым яго можна распаўсюдзіць нават на тыя аб'екты, якія ў Дзяржпраграму не трапілі, але ж таксама патрабуюць аператыўнага ўмяшальніцтва.

- Галоўная праблема - мусіць, не ў грошах. Самае галоўнае, каб у кожнага з помнікаў спадчыны з'явіўся гаспадар, - перакананы Ігар Чарняўскі. - Бо каб вырашыць самыя злабадзённыя праблемы, дастаткова нават прэвентыўнай кансервацыі, з выкарыстаннем танных часовых матэрыялаў. Нават калі на аб'екце пачынаюць проста касіць траву і прыбіраць смецце - ён "ажывае".

Зразумела, што менавіта ў такім выпадку занядбаны помнік спадчыны мае куды болей шанцаў займець хаця б адну функцыю: непасрэдна аб'екта паказу. Прадзірацца праз "джунглі" пагодзяцца толькі экстрэмалы. А ўвага з боку турыстаў - вельмі важны стымул для далейшых захадаў па адраджэнні помніка.

- Калі вакол помніка спадчыны пачынае віраваць жыццё, з'яўляецца дадатковая падстава для яго адраджэння, - адзначыў Ігар Чарняўскі.- Наўрад ці можна казаць пра поўнае аднаўленне кляштара картэзіянцаў у Бярозе, нават у далёкай перспектыве. Іншая справа - паступовая кансервацыя руін унікальнага комплексу. Але, бадай, самае галоўнае - каб помнік жыў і быў запатрабаваны. Каб укладзеныя ў гэтыя работы сродкі прынеслі карысць для людзей.