Самыя любімыя

№ 42 (962) 16.10.2010 - 22.10.2010 г

14 кастрычніка — Дзень маці

 

У Мінскай ратушы адбылася цырымонія ўзнагароджання шматдзетных маці, маці дзяцей-інвалідаў, маці прыёмных дзяцей, а пасля ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры прайшоў урачысты канцэрт. На ім, акрамя прафесійных выканаўцаў, выступалі і сямейныя творчыя калектывы.

 Матуль у іхняе свята радавалі сваёй творчасцю стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, салістка Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Алена Сало, вакальная група "Чысты голас", заслужаная артыстка Беларусі Надзея Мікуліч, ансамблі "Беларусачка" і "Чабарок", навучэнец Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры БДАМ Юрый Дземідовіч ды іншыя.

Павіншаваў усіх матуль і Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа. Сын класіка Міхась Міцкевіч у гэты дзень распавёў гасцям установы пра сваю маці- Марыю Дзмітрыеўну Міцкевіч. А інструментальны калектыў сталічнай ДШМ №3 ствараў музычнае афармленне вечара для жанчын, якія тут сабраліся.

 Учора ж у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі таксама адбывалася свята, прысвечанае жанчынам. Адміністрацыя Першамайскага раёна сталіцы арганізавала сустрэчу са шматдзетнымі маці, а потым для іх прагучаў канцэрт сталічнага аркестра "Няміга", што выканаў творы сусветнай класікі, духавую і джазавую музыку.