“Пекін падхопіць эстафету”

№ 42 (962) 16.10.2010 - 22.10.2010 г

На пытанні “К” адказалі прадстаўнікі Пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь

 

Акурат у Нацыянальны дзень Беларусі на Сусветнай выстаўцы "ЭКСПА-2010" у Шанхаі карэспандэнт "К" сустрэўся з прадстаўнікамі Пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь. Маімі суразмоўцамі сталі саветнік Пасольства Ван СЯНЬЦЗЮЙ і другі сакратар па пытаннях культуры Чжуан ЦЗЯНЬПІН. Размова ж, вядома, пайшла пра супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі.

 - Супрацоўніцтва ў сферы культуры паміж Кітаем і Беларуссю, - распавёў саветнік Пасольства Ван Сяньцзюй, - развіваецца гэтак жа паспяхова, як і ў іншых галінах: у палітыцы, эканоміцы, вытворчасці. Пачынаючы з 1999 года, праводзяцца Дні культуры адной краіны ў другой, чаргуючыся між сабой. Сёлета, як вядома, гэта Дні культуры Беларусі ў Кітаі. Наступным годам будуць, адпаведна, Дні культуры Кітая ў Беларусі.

Але і па-за межамі гэтых ды іншых буйных мерапрыемстваў, што праводзяцца на самым высокім палітычным узроўні, адбываюцца таксама многія іншыя цікавыя культурныя падзеі, якія збліжаюць нашы народы. У прыватнасці, толькі сёлета Пасольства КНР арганізавала ўжо два фестывалі кітайскага кіно. Пры гэтым у сталічным кінатэатры "Цэнтральны" было прадэманстравана шэсць кітайскіх фільмаў, а ў Гомелі- нават сем. Былі зладжаны і дзве фотавыстаўкі: адна - у Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі, другая - у Нацыянальнай бібліятэцы. Прычым потым фотаздымкі, што там экспанаваліся, паехалі ў Гомель і Гродна, дзе іх таксама змаглі паглядзець многія жыхары і госці вашай краіны. Асаблівай увагай карысталіся здымкі, звязаныя з будаўніцтвам павільёнаў "Экспа-2010" у Шанхаі. І гэта натуральна, бо ўвага да гэтай падзеі - каласальная. Тым больш сімвалічна, што Дні культуры Беларусі ў Кітаі распачынаюцца, можна сказаць, у кантэксце выстаўкі. І Пекін, дзе гэтыя Дні культуры адкрыюцца, нібы падхопіць эстафету Шанхая.

 - Візіту ў адказ кітайскіх артыстаў чакаць яшчэ год, але, можа, кагосьці з іх мы ўбачым ужо сёлета?

- Плануецца прыезд нашых артыстаў цырка, але гэтае пытанне яшчэ прапрацоўваецца. Дадам таксама, што кітайскія артысты неаднойчы ўдзельнічалі ў "Славянскім базары ў Віцебску" і ў іншых міжнародных фестывалях і конкурсах, што праводзяцца ў Беларусі.

- А на адным з Міжнародных фестываляў сучаснай харэаграфіі ў тым жа Віцебску атрымалі аднойчы ўвогуле феерычную перамогу, заняўшы прызавыя месцы ледзь не ва ўсіх намінацыях...

 - Вашы артысты балета таксама не раз гастралявалі ў Кітаі, робячы фурор сярод публікі і знаўцаў. Увогуле, што да класічнага мастацтва, дык нашы маладыя артысты і творцы паспяхова працягваюць сваё навучанне ў Беларусі. Шмат кітайскіх студэнтаў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, іншых навучальных установах, у тым ліку сферы культуры. Шырока гастралююць у Кітаі і народныя беларускія калектывы, прычым з самых розных рэгіёнаў вашай краіны.

- Перспектывы ў культурнага супрацоўніцтва паміж Кітаем і Беларуссю,- прадоўжыў другі сакратар Пасольства па пытаннях культуры Чжуан Цзяньпін,- вельмі шырокія. Нашы стасункі могуць быць яшчэ больш цеснымі, моцнымі, разнастайнымі. У прыватнасці, супрацоўніцтва пакуль адбываецца, пераважна, на ўрадавай аснове - на бюджэтныя сродкі, на падставе разнастайных дамоў, пагадненняў, падпісаных на самым высокім узроўні. Але ж мы хочам умацоўваць і непасрэдныя сувязі між народамі. Тыя ж гастролі маглі б адбывацца і на камерцыйнай аснове. Бо ёсць культура - у самым шырокім сэнсе гэтага слова, а ёсць - культурная індустрыя. І, адпаведна, існуюць фірмы, што займаюцца маркетынгам і на яго аснове арганізоўваюць далейшую гастрольную дзейнасць. Пасольства можа дапамагчы аформіць візу, аказаць садзейнічанне ў набыцці білетаў, але аплаціць усе выдаткі, звязаныя з прыездам артыстаў, не ў стане. Павінны быць брокерскія фірмы, якія займаліся б гэтым. У Расіі і краінах Еўропы такая форма ўжо існуе, таму будзем спадзявацца, што нешта падобнае ўзнікне і ў Беларусі.

- У беларускага і кітайскага народаў,- падвынікаваў спадар Ван Сяньцзюй, - багатыя культуры, наша супрацоўніцтва і сяброўскія стасункі перажываюць самае імклівае развіццё. Таму ёсць усе падставы сцвярджаць, што гэты кірунак будзе паспяхова распрацоўвацца і надалей. Бо культура, як ніякая іншая сфера жыцця, адыгрывае вялікую ролю ва ўзаемаразуменні між народамі.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"