Прастора перспектыў

№ 42 (962) 16.10.2010 - 22.10.2010 г

Як паведамляе “К” начальнік аддзела міжнародных сувязей Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Міхаіл Кажура, Год культуры нашай рэспублікі ў Расіі завершыцца ў лістападзе. Доўгатэрміновая акцыя надзвычай багатая на падзеі самага рознага кшталту. Адна з іх — нядаўні рабочы візіт міністра культуры Рэспублікі Беларусь Паўла Латушкі ў Маскву.

 

Міністр прыняў удзел у юбілейным, ХХV пасяджэнні Савета па культурным супрацоўніцтве дзяржаў - удзельніц СНД і ў першым пасяджэнні Савета па культуры пры Інтэграцыйным камітэце ЕўрАзЭС.

Пад час першага з іх былі абмеркаваны шляхі сумеснага вызначэння аптымальных метадаў узаемадзеяння краін у культурнай сферы. Вырашаліся таксама і пытанні пашырэння культурнай прасторы Садружнасці, узгадняліся сумесныя мерапрыемствы. Павел Латушка выказаў пазіцыю Беларусі па пытаннях культурнага будаўніцтва. Да прыкладу, ініцыяваны разгляд распрацоўкі канцэпцыі стварэння Цэнтра захавання сусветнай культурнай спадчыны, фарміравання сумесных трансгранічных намінацыйных дасье па ўключэнні гісторыка-культурных аб'ектаў у Спіс сусветнай спадчыны UNESСO.

А на першым пасяджэнні Савета па культуры пры Інтэграцыйным камітэце ЕўрАзЭС гаворка ішла аб выпрацоўцы перспектыўных і сістэмных падыходаў да далейшага культурнага ўзаемадзеяння дзяржаў.

Павел Латушка сустрэўся з міністрамі культуры дзяржаў СНД, а таксама са спецыяльным прадстаўніком Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі па міжнародным культурным супрацоўніцтве Міхаілам Швыдкім, з кіраўніком рэгіянальнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі "Беларусы Масквы" Сяргеем Кандыбовічам. Абмяркоўваліся далейшыя культурныя стасункі, актывізацыя культурнага абмену.