Пад час знаходжання ў Шанхаі Аляксандр Лукашэнка пабываў у нацыянальных павільёнах Беларусі і Кітая на "ЭКСПА2010". Наведваючы Нацыянальную экспазіцыю Кітая, Прэзідэнт прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі сімвалічнага адкрыцця Беларуска-кітайскага тэхнапарку ў горадзе Чанчунь.
Аляксандр Лукашэнка агледзеў экспазіцыі Нацыянальнага павільёна Кітая. Прэзідэнт узняўся на яго дванаццаты паверх, дзе быў прадстаўлены прэзентацыйны фільм пра краіну - гаспадыню выстаўкі. У зале "Зямля надзеі" Кіраўнік нашай дзяржавы прагледзеў дэманстрацыйны ролік "Пад адным дахам". Затым ён пакінуў запіс у Кнізе ганаровых гасцей, а ў якасці сувеніра яму быў уручаны макет Нацыянальнага павільёна Кітая.
Кіраўнік дзяржавы пабываў і ў Нацыянальным павільёне Беларусі, дзе азнаёміўся з экспазіцыяй, агледзеў асартымент айчыннай прадукцыі, якая прадаецца ў сувенірнай краме. Як заўважылі прадаўцы, вялікай папулярнасцю ў кітайцаў карыстаецца беларускі лён. Зазначым, за час работы Нацыянальнага павільёна Беларусі яго наведалі амаль 5 млн. чалавек.
Пасля наведання Сусветнай выстаўкі "ЭКСПА-2010" Аляксандр Лукашэнка накіраваўся з Шанхая ў Пекін. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка і Старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі Ху Цзіньтаа 11 кастрычніка абмеркавалі там бягучы стан і перспектывы развіцця супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі, а таксама абмяняліся думкамі па актуальных пытаннях сусветнага парадку дня.
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Ху Цзіньтаа за добры і цёплы прыём, "за вялікую дапамогу і падтрымку". Прэзідэнт Беларусі падзяліўся сваімі ўражаннямі ад цяперашняга наведання Кітая і Сусветнай выстаўкі "ЭКСПА-2010" у Шанхаі. "Мы чарговы раз уражаны тымі маштабамі, тымі ўнікальнымі праектамі, якія вы ствараеце. Вы дэманструеце ўсяму свету дынамізм", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэта яго шосты візіт у Кітай. "На маіх вачах адбыліся асноўныя падзеі, якія вывелі вас у лідары сусветных дзяржаў", - сказаў ён. Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі радуюцца ўсім поспехам Кітая: "Мы ставімся да вашых поспехаў, як да сваіх уласных".
Паводле паведамленняў Прэс-службы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
На здымку: Аляксандр Лукашэнка ў час наведання Нацыянальнага павільёна Беларусі.
Фота Мікалая ПЯТРОВА, БелТА