Першы дзень "Культура-інфа"

№ 42 (962) 16.10.2010 - 22.10.2010 г

8 кастрычніка ў памяшканні Рэдакцыйна-выдавецкай установы “Культура і мастацтва” адбылася падзея, на якую адгукнуліся матэрыяламі многія СМІ: адкрыццё Інфацэнтра “Культура-інфа”. Галоўнай падзеяй на ім стала прэс-канферэнцыя міністра культуры Рэспублікі Беларусь Паўла Латушкі з нагоды Дня работнікаў культуры.

/i/content/pi/cult/291/4791/pic_9.jpgСвятло сафітаў выгадна падкрэслівала новае аздабленне вялікай рэдакцыйнай залы, якая з гэтага часу ўпрыгожана сучаснымі канструкцыямі з лагатыпам інфармацыйнага цэнтра. У такой атмасферы цяпер будуць праходзіць мерапрыемствы "Культура-інфа", нашай газеты і часопіса "Мастацтва". Прэс-канферэнцыя распачалася з падрабязнага расповеду Паўла Латушкі пра сённяшні дзень сферы культуры Беларусі. У прамове міністра агучаны асноўныя паказчыкі дзейнасці і перспектыўныя накірункі. Прадстаўнікам СМІ была прапанавана інфармацыя аб праекце Дзяржпраграмы "Культура Беларусі" 2010 - 2011. У поле ўвагі кіраўніка Міністэрства трапілі пытанні стварэння Рэспубліканскай рады па справах культуры і мастацтва, пытанні аховы гісторыка-культурнай спадчыны, інавацый і паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў галіны, мадэрнізацыі кінавытворчасці і кінапракату, заснавання Нацыянальнай тэатральнай прэміі, культурнага ўзаемадзеяння з беларусамі замежжа і шэраг іншых. Міністр паведаміў пра стварэнне Музея беларускай дзяржаўнасці. Пра яго канцэпцыю падрабязна расказаў намеснік міністра культуры Тадэуш Стружэцкі.

Пад час прамых інтэрнэт-уключэнняў праз праграму відэасувязі дырэктар Полацкага Нацыянальнага дзяржаўнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Вольга Бародзіч і дырэктар музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Аксана Торапава праінфармавалі ўсіх прысутных у "Культура-інфа" пра актуальныя пытанні развіцця вышэй узгаданых устаноў у Культурнай сталіцы 2010 года і абласным цэнтры, а таксама атрымалі магчымасць задаць свае пытанні міністру.

Увогуле ж, гутарка міністра з прадстаўнікамі прэсы ўяўляла з сябе адказы на пытанні, якія тычыліся самага шырокага спектру тэм. У ліку іх былі пытанні матэрыяльнага забеспячэння работнікаў сферы, захавання спадчыны, развіцця розных відаў мастацтва. У прыватнасці, найбольшую цікавасць прадстаўнікі прэсы выказалі да развіцця кінамастацтва, тэатральнай і музычнай прэмій.

Першае мерапрыемства "Культура-інфа" выявіла высокую цікавасць сродкаў масавай інфармацыі да такой формы працы, як інфацэнтр. Па выніках прэс-канферэнцыі ў рэспубліканскіх газетах быў надрукаваны шэраг матэрыялаў, на тэлеканалах ды ў эфіры радыёстанцый выйшлі адмысловыя сюжэты. Цікавасць выказалі і карыстальнікі Сусветнага Павуціння, якія маюць магчымасць знаёміцца з матэрыяламі ІЦ "Культура-інфа" на сайце www.kimpress.by ў адпаведным раздзеле.

Такім чынам, пачатак дзейнасці "Культура-інфа" выдаўся насычаным і карысным для ўсёй сферы культуры краіны, работнікі якой цяпер атрымалі сваю пляцоўку для працы са сродкамі масавай інфармацыі і прадстаўнікамі грамадскасці.

Фота Юрыя ІВАНОВА