Тры хвіліны для артыста

№ 40 (960) 02.10.2010 - 08.10.2010 г

“Ніколі не здавайся, ідзі наперад, нягледзячы ні на што”

/i/content/pi/cult/289/4784/11-1.jpg

 

Неаднойчы даводзілася чуць меркаванні на адрас прадстаўнікоў сучаснай беларускай музычнай індустрыі, датычныя аморфнасці яе цяперашняга стану з-за адсутнасці моцнай пляцоўкі для раскруткі кампазітараў, выканаўцаў, недастатковага піярпрадстаўлення. Адсюль пытанні: што робяць маладыя артысты для таго, каб стаць вядомымі, ці карысна ім прымаць удзел у конкурсах, што могуць яны самі прапанаваць шоу-бізнесу?

 Адказы на іх мы паспрабавалі атрымаць у спявачкі Алёны ЛАНСКОЙ. За яе плячыма - першыя прэміі Еўрапейскага маладзёжнага поп-рок-конкурсу "Сарандэў-2008" і Міжнароднага конкурсу "Кубак Еўропы-2009". Сёлета ж Алёне ўдалося паставіць "птушку" каля назваў некалькіх прэстыжных музычных спаборніцтваў. Спявачка днямі прывезла ў Беларусь І прэмію з Міжнароднага конкурсу маладзёжнай песні ў рамках V Фестывалю "Моладзь - за Саюзную дзяржаву", а крыху раней - трафей з Міжнароднага конкурсу маладых выканаўцаў папулярнай музыкі "Atlantic Breeze", які праходзіў у НьюЁрку. Сёння ж на канале АНТ ідзе "Бітва тытанаў", дзе ў складзе зборнай Беларусі Алёна змагаецца за яшчэ адну перамогу.

Тонус для спевака

- Удзел у конкурсе - цяжкая праца, у першую чаргу, над самім сабой, - кажа Алёна. - Мала проста рыхтавацца да спаборніцтва, неабходна перамагчы ў сабе хваляванне, настроіцца на лепшае. Асабіста я, падаючы заяўку, стаўлю перад сабой мэту, высока ўзнімаю планку і, нарэшце, спрабую ніжэй не апускацца. Гэта, у пэўным сэнсе, стымул да новых творчых ідэй! Бо ўдзел у конкурсах - нібыта штодзённы занятак спортам, які спрыяе падтрыманню тонусу. Думаю, мае сэнс выпрабоўваць свае магчымасці!

- Але ж не толькі дзеля свайго тонусу як артысткі вы прыкладаеце творчыя і фінансавыя намаганні, удзельнічаючы ў конкурсах?

 - Зусім неабавязкова атрымаць перамогу. Калі адчуваю, што стыль майго выканання падыходзіць да фармату пэўнага конкурсу, то абавязкова падаю заяўку на ўдзел. Тут важна правільна ацаніць свае магчымасці. Сакрэт скарэння вяршыняў надзвычай просты: неабходна ведаць густы аўдыторыі, для якой ты працуеш. І, канешне ж, навучыцца ніколі не здавацца, ісці наперад, нягледзячы ні на што!

Універсальны "...Брыз" - Перамогу на "Atlantic Breeze-2010" можна назваць перамогай беларускіх кампазітараў?

- Безумоўна. Для таго каб дайсці да свайго выніку, спачатку давялося прайсці адборачны тур у Беларусі. За месцы ж у фінале змагаліся каля 20 тысяч выканаўцаў з розных краін свету, але запрашэнне ў Нью-Ёрк атрымалі толькі 13. На суд журы пад старшынствам прадзюсера Бруса Ловэ, вядомага па супрацоўніцтве з такімі зоркамі, як Элтан Джон, Мадонна, Пол Макартні, прапанавала тры кампазіцыі беларускіх аўтараў: "Неба ведае" Леаніда Шырына і Вольгі Рыжыкавай, а таксама англамоўныя "Lіfe іs OK!" і "Balalaіka" Яўгена Алейніка і Віктара Рудэнкі. Як бачыце, усе тры аказаліся шчаслівымі. Наогул, артыста немагчыма ўявіць без кампазітараў, аранжыроўшчыкаў. Нездарма ж кажуць, што кампазітар нараджае твор, аранжыроўшчык стварае цела, а выканаўца ўдыхае душу. Амерыканцы першыя ўбачылі і мой кліп на песню "Lіfe іs OK!". І ведаеце, яны былі прыемна здзіўлены ўзроўнем працы айчынных музыкантаў.

 - Ці патрэбна тады беларусам шукаць знакамітых аўтараў для стварэння легендарных кампазіцый за мяжой, для таго ж "Еўрабачання", калі ў нас ёсць свае таленавітыя мэтры?

- "Atlantic Breeze-2010" пацвердзіў: Беларусь надзвычай багатая на выканаўцаў і кампазітараў! А яшчэ і на візажыстаў, стылістаў, дызайнераў. Для мяне стала сапраўдным адкрыццём Яважына Міклашэвіч - аўтар маіх канцэртных касцюмаў. Яна ўніверсальны спецыяліст, які без асаблівых цяжкасцей можа працаваць у любым кірунку. Наогул, я не супрацоўнічаю з людзьмі, у якіх не бачу таленту. Магчыма таму, што сама чалавек, які не любіць спыняцца на дасягнутым, спрабуе здзіўляць і шукаць штосьці новае.

- Якія магчымасці адкрыла для вас перамога на "Atlantic Breeze-2010"?

- Мабыць, не перабольшу, калі скажу, што пасля конкурсу ў НьюЁрку перада мной адкрылася шмат перспектыў. І гэта не дзіўна, бо сама перамога - гэта прапанова аб супрацоўніцтве з вядучымі студыямі Амерыкі. Вельмі прыемна было пачуць з вуснаў членаў журы, вядомых прадзюсераў, тэлевізійшчыкаў і акцёраў, што яны лічаць мяне "камерцыйна паспяховым прадуктам" і гатовыя са мной супрацоўнічаць. У прыватнасці, у якасці ўзнагароды я атрымала ратацыю сваіх кампазіцый на адным з тамтэйшых тэлеканалаў, а таксама цікавыя прапановы ад некалькіх гуказапісваючых кампаній і прадзюсераў наконт далейшага супрацоўніцтва.

- Ці азначае гэта, што Алёна Ланская задумала паспытаць шчасця за мяжой?

 - Ведаеце, у маім жыцці быў такі перыяд, калі я вырашыла рвануць з Магілёва ў Мінск. Аднак зараз ужо нікуды не хочацца ехаць, вышукваць выгадныя магчымасці і перспектывы. Перамога на міжнародных конкурсах не азначае, што выканаўца павінен з'язджаць за акіян і рабіць там кар'еру. Я люблю сваю краіну і хачу тут застацца жыць. Праўду кажа прыказка: "Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся". На жаль, часта здараецца наступнае: ты працуеш на радзіме, але вынікі працы застаюцца незаўважанымі айчынным слухачом. Аднак зусім іншая справа, калі тваё імя стане вядомым за межамі краіны...

Хто "прысніўся вясной" Алёне Ланской?

 - Ведаем, што вы выраслі на творчасці "Песняроў" і "Сяброў". Хто з прадстаўнікоў музычнай індустрыі з'яўляецца для вас прыкладам, а мо і ўзорам?

 - Усё жыццё побач са мной, як спадарожнік, была творчасць Уладзіміра Мулявіна. Я памятаю канцэрт, прысвечаны 25-годдзю ансамбля "Песняры". Гэта быў 1994 год... Тады ў нашай сям'і з'явіўся відэамагнітафон, і гэты канцэрт быў зафіксаваны на стужку.. Назаўжды ў маёй памяці засталася песня Юрыя Семянякі "Ты мне вясною прыснілася". Напэўна таму, што гэта... кампазіцыя і пра маё дзяцінства. Як у той песні, мы з дзяўчатамі збіралі ў лузе кветкі, плялі вянкі, запальвалі свечкі, а пасля ўсталёўвалі гэтую няхітрую "канструкцыю" на дошцы і на Купалле апускалі на ваду... Гэта было так прыгожа! Дарэчы, мне заўжды падабаліся "Песняры", і ўспаміны пра Мулявіна - своеасаблівы куток у маім сэрцы. Калі песняра не стала, мае бацькі плакалі. Плакалі, як плачуць па родным чалавеку... Яго творчасць адбілася на маіх музычных густах.

 - Як ні парадаксальна гучыць, але вы адна з нешматлікіх беларускіх выканаўцаў, у скарбонцы якіх ёсць кампазіцыі на роднай мове. Яскравым прыкладам гэтаму служыць ваш дэбютны альбом "Лабірынты лёсу". Як лічыце, кампазіцыя на беларускай мове можа прынесці перамогу на конкурсе міжнароднага ўзроўню?

 - Думаю, так. Лічыцца, што на конкурсах такога ўзроўню неабходна выконваць песню на англійскай мове. Але... Музыка павінна кранаць не слых людзей, а душу. Не так даўно была на канцэрце Элтана Джона. Праўду кажучы, не з'яўляюся прыхільніцай яго творчасці. Ну, проста "не зачапіла"... Аднак аказаўшыся ў зале, убачыўшы, як гэты маленькі (зусім невялікага росту!) чалавек экспрэсіўна б'е па клавішах раяля, устае і як акрылены бегае па сцэне, разумееш: неабавязкова ведаць словы, каб зразумець сэнс, прасякнуцца энергетыкай выканаўцы.

- Падрыхтоўка да конкурсу - доўгі працэс, аднак для скарэння слухачоў і журы ў выканаўцы ёсць толькі тры хвіліны, якія доўжыцца кампазіцыя. Тры хвіліны для артыста - гэта многа альбо мала?

- Тры хвіліны - гэта дастатковы прамежак часу для таго, каб данесці да слухачоў свае ідэі. За гэтыя тры хвілінкі артыст можа навучыць публіку плакаць, сумаваць, радавацца, думаць.

 - Дык у чым жа заключаецца сакрэт шчасця Алёны Ланской?

 - Шчасце - гэта ўнутраная раўнавага. Калі ты не можаш жыць на зніжаных хуткасцях, заўжды некуды спяшаешся, баішся штосьці не паспець, а спыніўшыся хоць на момант, бярэш у рукі кубачак чаю, павольна, з асалодай робіш кожны глыток - ўсё вакол для цябе замірае. І гэта насамрэч маленькае шчасце. Менавіта такія моманты дапамагаюць жыць, крочыць па складаных лабірынтах лёсу. Шчасце, калі ты бачыш сваё адлюстраванне ў вачах родных людзей, шчасце бачыць іх усмешкі. Шчасце, калі насустрач мне бяжыць мая любімая пляменніца з радасным воклічам: "Алёнка! Я так сумавала па табе!". Адным словам, усё, што прыносіць чалавеку радасць, і ёсць шчасце!..

Распытвалі Таццяна БІРУК і Вольга ЛЯЎКЕВІЧ, студэнткі Інстытута журналістыкі БДУ

 Анкета "К"

1. Колер, які натхняе.

 Жоўты.

2. У якую пару года падабаецца працаваць?

 Вясной.

3. Любімы мастак.

Леанарда да Вінчы.

 4. Найбольш яркі акцёр/актрыса.

Джоні Дэп.

 5. Любімы літаратурны твор.

Апошнім часам чытаю творы Аксаны Робскі.

6. Што слухаеце?

Творы ў стылі "еўрапоп".

 7. Радзіма - гэта што?

 Месца, дзе ты нарадзіўся.

8. Любімая кветка.

Лілея.