Тыдзень франкафоніі

№ 16 (782) 21.04.2007 - 27.04.2007 г

18 красавіка ў памяшканні сталічнай бібліятэкі імя Пушкіна адбылося ўрачыстае адкрыццё Тыдня франкафоніі ў Мінску. Як падкрэсліла Пасол Францыі, спадарыня Мірэй Мюсо, сёлета, “па кліматычных абставінах”, Тыдзень франкафоніі праводзіцца з 18 па 23 красавіка, а не, як звычайна, у сакавіку. Яна з задавальненнем адзначыла, што колькасць прыхільнікаў французскай мовы і французскай культуры расце і ў 2006 годзе перавысіла 200 мільёнаў чалавек. Французскай мовай, як афіцыйнай, у паўсядзённым жыцці карыстаюцца 29 краін свету. Яны ўваходзяць у Міжнародную Арганізацыю Франкафоніі, што складаецца з 68 краін.

19 красавіка быў арганізаваны “круглы стол”, тэмай якога стала даволі цікавае пытанне: “Ці з’яўляецца літаратура, якая адлюстроўвае думку французскай цывілізацыі, асобнай літаратурай?” “Стол” правяла спадарыня Шан Са, пісьменніца, ураджэнка Кітая, якую на сённяшні дзень лічаць адной з вядучых раманістак французскай літаратуры.
Даўно стаўшыя звыклымі “франка-беларускія літаратурныя сустрэчы” мелі сваёй мэтай абмеркаваць і прысудзіць прэмію аднаму са шматлікіх твораў, напісаных па-французску, але не французскім пісьменнікам, а адным з тых замежных літаратараў, якіх аб’яднала франкафонія.
Не абыходзіцца Тыдзень французскай мовы без музыкі. Прадстаўленая сёлета віяланчэлістам Жэромам Перно і піяністам Жэромам Дзюкро, французская класічная музыка гучыць у філармоніі Мінска і ў Маладзечне.Традыцыйны гала-канцэрт, прысвечаны святу франкафоніі, адбудзецца 21 красавіка ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце.
Як частка праграмы франкафоніі, 20 красавіка ў інфармацыйна-выставачным цэнтры Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я.Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбылося адкрыццё выстаўкі “Французскія кніжныя помнікі XIX — XX стагоддзяў у фондах ЦНБ НАН Беларусі”.
На выстаўцы ўвазе наведвальнікаў прадстаўлены некаторыя рарытэтныя выданні, якія з’яўляюцца сапраўднымі шэдэўрамі не толькі французскай, але і сусветнай духоўнай культуры.На 23 красавіка, апошні дзень свята, запланаваны паказы дакументальнага фільма, які раскажа гледачам пра Алі Фарка Тура, малійскага музыку і спевака, а таксама мастацкай стужкі “Мары-Жо і яе два каханні”. Паказы пройдуць у бібліятэцы імя Пушкіна і ў кінатэатры “Перамога”.

Спартак СІВЕРЫН