Стаць Культурнай сталіцай-2011

№ 41 (961) 09.10.2010 - 15.10.2010 г

Анатоль СІНКАВЕЦ, начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама:

 

- Дзяржаўная праграма развіцця культуры Беларусі да 2015 года, на мой погляд, цалкам адпавядае высокім патрабаванням сённяшняга дня. Маю на ўвазе і захаванне гісторыка-культурнай спадчыны, і ўмацаванне матэрыяльнай базы, і развіццё музейнай справы, музычнай і эстэтычнай адукацыі. Планы падмацаваны канкрэтным фінансаваннем. Наша задача - рэалізаваць праекты, зыніцыяваныя Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.

Планы - вялікія, ажыццявіць іх няпроста. Таму зычу сваім калегам - работнікам культуры Магілёўшчыны здароўя, натхнёнасці і заўсёднага аптымізму. А ў іхняй прафесійнасці - не сумняваюся.

Вельмі маштабныя праекты ў нас па пераўтварэнні аблічча Мсціслава і Мсціслаўскага раёна. Мы пастараемся зрабіць усё для таго, каб гэты горад стаў, як і Полацк, чарговай Культурнай сталіцай Беларусі. Хоць, шчыра кажучы, шлях да дасягнення мэты яшчэ немалы.

Шмат зроблена па адраджэнні Палацава-паркавага ансамбля ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёна. Першая чарга работ, як і планавалася, будзе скончана сёлета. А здача ўсяго комплексу запланавана на 2012 год.

Не зменшыцца ўвага і да развіцця нашага сяла. Не варта тут забывацца на тое, што 30% нашых устаноў культуры пакуль не адпавядаюць сучасным патрабаванням па тэхнічным і музычным абсталяванні.

Удасканальваем і мабільную сетку ўстаноў культуры. Кожная вёска вобласці, самая аддаленая і маланаселеная, павінна адчуць увагу нашых работнікаў культуры, спрадвек незаспакоеных і заўжды гатовых на адмысловую, самаахвярную працу.