Не “сувенірнае”, але...

№ 41 (961) 09.10.2010 - 15.10.2010 г

Аляксандр ЛОЙКА, начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама:

- Перспектыва нашай дзейнасці - дакладна акрэсленая. Гродзеншчына - краіна замкаў. Іх 13 на Беларусі, а 8 знаходзіцца на тэрыторыі вобласці. Адраджэнне гэтых перлін гісторыі і архітэктуры (як, дарэчы, і Каложскай царквы) - не проста мара, а мэта жыцця. Адноўлены Мірскі замак, работы вядуцца ў Лідзе і Любчы. У гэтым- вялізная заслуга Міністэрства культуры. А дзеля адраджэння Каложскай царквы пры ўпраўленні культуры Гродзенскага аблвыканкама пачаў дзейнічаць дабрачынны фонд.

Не менш важная перспектыва - адраджэнне нашай нематэрыяльнай спадчыны. Народная творчасць - трывалы і спрадвечны падмурак усёй нацыянальнай культуры. Таму наш фестываль "Панямоння жыватворныя крыніцы" мяркуем зрабіць не "сувенірным", а сапраўды аўтэнтычным.

І ўвогуле, мы будзем больш карпатліва працаваць над тым, каб больш яркай і ўражальнай стала абласная фестывальная палітра. Рэспубліка павінна ведаць, што Гродзеншчына адметная не толькі Фестывалем нацыянальных культур у Гродне.

Сярод нашых народных калектываў шмат якія вартыя звання заслужаных. Шчыльна будзем працаваць і над гэтым. І, безумоўна ж, актуальным застанецца і выкананне даведзеных нам заданняў, у тым ліку і па аказанні платных паслуг насельніцтву. А поспех агульнай справы будзе залежаць, канешне, ад цяпла душы работнікаў культуры, якіх я шчыра віншую з прафесійным святам творцаў і рупліўцаў на мастацкай ніве.

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"