“Чумадрыха” з варшаўскай прапіскай

№ 41 (961) 09.10.2010 - 15.10.2010 г

30 верасня на сцэне варшаўскага тэатра “Рампа” адбылася прэм’ера спектакля “Пінская шляхта” Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ў рэжысуры Мікалая Пінігіна. Яна стала адным з яркіх мерапрыемстваў, арганізаваных Пасольствам Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча ў рамках Тыдня беларускай культуры ў Варшаве.

/i/content/pi/cult/290/4770/pic_19.jpgСярод іншых імпрэз - выстаўка "Арт-Беларусь", пад час якой былі прадстаўлены работы такіх знаных айчынных мастакоў, як Леанід Шчамялёў, Гаўрыла Вашчанка, Уладзімір Тоўсцік, Уладзімір Савіч, а таксама канцэрт Дзяржаўнага камернага аркестра "Класік-Авангард" у Белай зале палаца ў Віланове, прысвечаны 200-годдзю з дня нараджэння Фрэдэрыка Шапэна. Нездарма пасля прэм'еры "Пінскай шляхты", адкрываючы выстаўку ў мастацкай галерэі, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча Віктар Гайсёнак адзначыў: "Менавіта дзякуючы такім стасункам на глебе культурнага супрацоўніцтва людзі не проста больш даведваюцца пра тое, што адбываецца ў суседніх краінах, але і становяцца бліжэй".

Фразу аб тым, што беларусы наноў адкрылі палякам такога выбітнага драматурга, як ДунінМарцінкевіч, давялося ў пераді пасляпрэм'ернай віхуры пачуць неаднойчы. Асабіста ж мне нашмат цікавей было ўбачыць рэальны плён дзейнасці прадстаўнікоў айчыннай тэатральнай культуры ў іншым прафесійным асяроддзі, адрозным ад беларускага. І хаця ў гэтай краіне-суседцы тэатры не па чутках знаёмыя з працай такіх нашых рэжысёраў, як Віталь Баркоўскі, Алег Жугжда, і некаторых іншых, "Пінская шляхта" ў гісторыі беларуска-польскіх тэатральных стасункаў стала першым узорам сумеснай, супольнай рэалізацыі тэатральнага прадукту. І засведчыла: беларускія творцы могуць быць не толькі ўдзячнымі спажыўцамі замежнай дапамогі ў выглядзе запрашэння пастановачных груп, але цалкам гатовы прапанаваць свае творчыя сілы і ўменні для таго, каб узбагаціць тэатральную палітру калектываў з іншых краін свету.

Польскую версію "Пінскай шляхты", пераклад якой, дарэчы, зрабіла прапраўнучка драматурга Барбара Кшыжаньска-Чарнавецка, ажыццявіў беларускі "дэсант" у складзе рэжысёра Мікалая Пінігіна, сцэнографа Вольгі Мацкевіч і кампазітара Андрэя Зубрыча. А таксама - Віктара Манаева, які і ў польскім варыянце спектакля сыграў прыстава Кручкова так ярка і сакавіта, што літаральна "парваў" прэм'ерную залу тэатра "Рампа". Не здолела стрымаць яго магутнага акцёрскага тэмпераменту нават мова, якую акцёр вывучыў адмыслова для гэтага спектакля. "Бліскучых талентаў цяпер мала, гэта праўда, але сярэдні акцёр стаў значна вышэй" - узгадваючы знакамітую чэхаўскую фразу, такую актуальную для сучаснага тэатральнага працэсу ва ўсім свеце, нельга не прызнаць, што Віктар Манаеў адносіцца ўсё ж да катэгорыі першых, і яго бліскучы талент, бы незвычайная перліна, здольны высвеціць уласную каштоўнасць і ў самым сціплым, і ў самым багатым атачэнні.

Безумоўна, пад час спектакля проста немагчыма было ўстрымацца ад параўнанняў і пошуку паралелей паміж беларускім і польскім спектаклямі. Адзначалася рознасць акцёрскіх тэмпераментаў, што асабліва яскрава выявілася ў ролі Марысі, якую ў польскім варыянце сыграла Вольга Шоманьска, знаная, як і "беларуская Марыся" Ганна Хітрык, на ніве эстраднага вакалу. А таксама звярнуў на сябе ўвагу Ян Прохыра: яго выкананне ролі Куторгі, у адрозненне ад купалаўца Мікалая Кучыца, вылучалася большай разважлівасцю падачы, перавагай класіцысцкай статуарнасці над вадэвільным камізмам персанажа. Аднак пры гэтым ніводнага разу не ўзнікала нават думкі аб супастаўленні дзвюх гэтых работ на прадмет высвятлення таго, якая ж з версій лепшая, а якая горшая. Найперш таму, што нават у знаёмай структуры спектакля трупа тэатра "Рампа" змагла адшукаць тыя інтанацыі і ноткі, якія аказаліся блізкімі менавіта польскаму гледачу з яго сучаснымі жыццёвымі рэаліямі, даказаўшы гэтым і нам самім, што межы, няхай яны моўныя або культурныя, існуюць толькі ў нашай свядомасці; сапраўдная ж мова мастацтва цалкам зразумелая кожнаму, хто пажадае да яе далучыцца.

Фота Андрэя ВАСІЛЕЎСКАГА

На здымку: сцэна са спектакля "Пінская шляхта".