Інструментальны баланс, або Не рыпі, мой смык, а спявай…

№ 41 (961) 09.10.2010 - 15.10.2010 г

Музычны інструментарый нашых творчых калектываў і навучальных устаноў сферы культуры — справа дзяржаўнай значнасці. Невыпадкова Дзяржаўнай праграмай “Культура Беларусі” на 2011— 2015 гг. прадугледжаны такі пункт, як далейшае “набыццё музычных інструментаў і сцэнічнага абсталявання”. Наколькі актуальная гэтая праблема для тых жа дзіцячых музычных школ і школ мастацтваў, “К” пісала ўжо, і неаднойчы. А для Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь? Звонку — здавалася б, усё нармальна: “з-за недахопу” музычных інструментаў яшчэ ніводны спектакль не быў зняты. Але ж якімі намаганнямі даводзіцца часам падтрымліваць той інструментальны “баланс”!..

/i/content/pi/cult/290/4768/pic_17.jpg- У свой час гэтае пытанне разглядалася ў Савеце Міністраў, на самым высокім узроўні, і яго вырашэнне было падтрымана Кіраўніком дзяржавы, - кажа першы намеснік генеральнага дырэктара тэатра Уладзімір Рылатка.- Бо ўсе добра разумеюць, што тэхнічнае пераабсталяванне тэатра, дасягнутае пад час рэканструкцыі будынка, павінна тычыцца і яго інструментальнай базы: Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр павінен мець самыя якасныя музычныя інструменты. Іх набыццё пачалося яшчэ пяць-шэсць гадоў таму. Але, вядома, замяніць адразу ледзь не ўвесь "гукавы шэраг" аркестра папросту немагчыма, таму працэс ажыццяўляецца паэтапна. У выніку на сёння аркестру падуладнае выкананне любой сучаснай партытуры з вялікай колькасцю духавых і ўдарных. Але, вядома, яшчэ больш працы па набыцці новых інструментаў наперадзе. Сярод самых бліжэйшых задач - забяспечыць аркестрантаў так званым "выдатковым" матэрыялам: струнамі, трысцінкамі. Пакуль яны набываюць іх пераважна за свой кошт...

Сапраўды, струннікі (так ужо павялося) граюць на ўласных інструментах. Тэатр выплачвае ім грошы "за амартызацыю". Але апошніх ледзь хапае на струны, волас для смыкаў, каніфоль і іншыя неабходныя прыстасаванні. Бо кожны музыкант, які клапоціцца пра прыгажосць гучання, разумее: без якасных складнікаў і "дадаткаў" да інструмента яе не дасягнуць. Але ж і волас, і струны хутка выходзяць са строю. Памятаеце байку, як Паганіні граў на адной струне, бо ўсе астатнія парваліся? Так і з нашымі музыкантамі: чым больш рэпеціруеш ды канцэртуеш, тым больш патрабуецца струн, а не толькі душы.

Патрабуецца інструментам і рамонт, прычым не толькі касметычны, а, здараецца, і капітальны. Асабліва неспрыяльным у гэтым сэнсе стаўся перыяд абнаўлення будынка і далейшы пераход на стацыянар. Бо пад час рамонтных работ струннікі (за выключэннем хіба кантрабасістаў) "усё сваё", як кажуць, насілі з сабой. Інструменты па некалькі разоў на дзень перажывалі, можна сказаць, стрэсавыя сітуацыі: з цяпла на мароз- і наадварот. І калі пасля гэтага рэзка перайшлі на стацыянарнае захоўванне, пачалі даваць трэшчынкі, расколінкі - ад малых да вялікіх. Такія хібы могуць патрабаваць рамонту ў тысячы долараў і болей, а часам - і ўвогуле прыводзіць да страты інструмента: маўляў, рамонту не падлягае. Таму ў тэатры дбаюць і пра стварэнне адпаведных умоў захоўвання інструментаў (а тут патрабуюцца і пэўная тэмпература, і неабходная вільготнасць, якія павінны рэгулявацца- як у музеі або архіве), і пра ўласную майстэрню. Прыдбаны два ўвільгатняльнікі, ёсць дамоўленасць на набыццё астатніх.

- Цяпер у штаце, - дзеліцца набалелым загадчык трупы аркестра Сяргей Траццяк, - ёсць майстар па рамонце струнных, але памяшкання для майстэрні, на жаль, не прадугледжана. Застаюцца праблемы і з набыццём інструментаў. Здаралася так, што грошы на гэта вылучаліся толькі ў канцы года, і мы не паспявалі іх асвоіць. Бо спачатку трэба правесці тэндэр (а гэта займае звычайна месяц), даваць заяўкі на фірмы, весці перапіску, заключаць дамовы - на ўсё гэта таксама патрабуецца час. У выніку грошы, якія мы не маглі асвоіць абсалютна з аб'ектыўных прычын, ішлі на іншыя мэты. Летась сродкі вылучылі ўжо крыху раней, але ўсё роўна пазнавата, бо чым раней мы іх атрымаем, тым больш у нас будзе магчымасцей укласці іх у лепшыя інструменты.

На сёння ў нас складзены і доўгатэрміновы, перспектыўны каштарыс на 4,5 мільярда беларускіх рублёў, які ахоплівае ўсё, што нам патрэбна, і так званы "пажарны" - на 1,5 мільярда, дзе прадугледжана тое, што трэба ў першую чаргу. А гэта, найперш, арфа. У нас іх тры, але дзве з іх свой рэсурс ужо выпрацавалі, трэцяя выкарыстоўваецца для рэпетыцый у класе. Арфа, дарэчы,- адзін з даволі дарагіх інструментаў, каштуе, паводле прафесійнага каталога, 55 - 60 тысяч долараў, у рэальнасці ж будзе яшчэ больш. Да рамонту тэатра выйшаў са строя наш клавесін, таму ў "Вяселлі Фігара" Моцарта і "Севільскім цырульніку" Расіні, дзе ён неабходны, мы сталі выкарыстоўваць сінтэзатар. Працэнтаў на 70 патрабуюць аднаўлення і медныя духавыя інструменты. Справа ў тым, што тэрмін іх службы - усяго 10 - 15 гадоў (у адрозненне ад тых жа струнных, на якіх чым больш граеш, тым яны лепей гучаць). Да таго ж, у гэтай групе актыўна працягваецца працэс удасканалення інструментаў- з'яўляюцца ўсё новыя і новыя мадэлі. Таму нам патрабуецца і новы камплект труб, і новыя трамбоны (у нас пакуль - састарэлыя мадэлі), і валторны. З драўляных духавых - патрэбны кларнет для саліста. У добрым стане ў нас толькі адзін контрфагот, другому - больш як 40 гадоў. А ён каштуе каля 40 тысяч еўра. Ёсць у нас і нязбыўная пакуль мара: мець у тэатры сваю калекцыю струнных інструментаў.

- Вядома, - падводзіць вынік галоўны дырыжор тэатра, заслужаны артыст Украіны Віктар Пласкіна, - хацелася б мець увесь камплект адразу. Асабіста я прапанаваў бы цалкам укамплектаваць спачатку адзін аркестр, потым - другі, за ім - трэці і гэтак далей, па чарзе. Іначай жа атрымліваецца, што ўвесь час чагосьці не стае: адзін інструмент, да прыкладу, набылі, а пакуль прыдбаем астатнія (часта- у тую ж самую групу), у гэтага тэрмін службы заканчваецца - і зноў трэба новы. Так, на сёння ў нас ёсць нядаўна набытая флейта-пікала, але няма добрай вялікай флейты. Тое ж- і ў іншых аркестравых групах. Увогуле ж, пытанне інструментарыя - заўсёды актуальнае для ўсіх аркестравых калектываў. У тэатры павінен з'явіцца Апякунскі савет. Але хацелася б, каб гэта было хутчэй, бо тыя ж струнныя для салістаў без спонсарскай дапамогі мы не зможам узняць ніколі.

Пытанне наконт стварэння Апякунскага савета пракаментаваў Уладзімір Рылатка:

- У неафіцыйным выглядзе Апякунскі савет ужо, можна сказаць, існуе. Бо сярод прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, кіраўнікоў прамысловых прадпрыемстваў, прыватных прадпрымальнікаў ёсць багата тых, каму не абыякавыя праблемы культуры, багата і шчырых, адданых прыхільнікаў оперы і балета. Некаторыя з іх дапамагаюць нам ужо сёння. Да прыкладу, І Калядны міжнародны оперны форум плануецца правесці, у асноўным, за кошт спонсарскай падтрымкі. Але давайце падзяляць тэрміны "спонсар", "мецэнат", "член Апякунскага савета". Бо ў сусветнай практыцы тыя ж члены Апякунскага савета збіраюцца разам з кіраўніцтвам тэатра, абмяркоўваюць творчыя і, адпаведна, фінансавыя планы, карыстаюцца пэўнымі льготамі ў самім тэатры. Так што Апякунскі савет - гэта вельмі добрая перспектыва. І мы чакаем яго афіцыйнага афармлення, звязанага, безумоўна, з папярэднім вырашэннем шэрагу юрыдычных пытанняў. Бо ўсім зразумела, што культура патрабуе ўсеагульнай сацыяльнай увагі, клопату і беражлівага стаўлення да сябе, выяўляючы, у сваю чаргу, лепшыя духоўныя якасці нацыі.

 

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"