“Кастрычнік” 3D

№ 41 (961) 09.10.2010 - 15.10.2010 г

У Дзяржаўнай праграме “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады прадугледжана не толькі фінансаванне рамонтных работ у шэрагу кінатэатраў краіны, але таксама набыццё і ўстаноўка ў іх лічбавых кінапраектараў, сучаснага праекцыйнага і гукавога абсталявання.

Як вядома, адным з прыярытэтных накірункаў развіцця кінавідэагаліны Беларусі з'яўляецца стварэнне 3D-кінатэатраў. Першая падобная ўстанова з'явілася ў Мінску. Не за гарамі той час, калі падобныя кінатэатры з'явяцца ў кожным абласным горадзе краіны, а з цягам часу - і ў райцэнтрах.

Так, напрыканцы ліпеня ў Гомелі адкрыўся прыватны 3D-кінатэатр. А ў хуткім часе ў горадзе над Сожам з'явіцца яшчэ адна падобная ўстанова культуры - ужо дзяржаўнай формы ўласнасці. Аб гэтым распавёў на адной з прэс-канферэнцый старшыня Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Якабсон.

Гэтую інфармацыю пацвердзіў "К" і генеральны дырэктар камунальна-ўнітарнага прадпрыемства "Гомелькінавідэапракат" Аляксандр Лаўрыненка. Па ягоных словах, цяпер вядзецца праца па адкрыцці лічбавай залы на базе кінатэатра "Кастрычнік".

- З абласнога і гарадскога бюджэтаў выдаткавана прыкладна 700 мільёнаў рублёў, - паведаміў Аляксандр Лаўрыненка, - каб прывесці ўстанову ў належны стан. Поўнасцю адрамантаваны дах, цяпер адбываецца рамонт у глядзельнай зале. А прыкладна 800 мільёнаў рублёў будзе каштаваць тое абсталяванне, якое дазволіць праглядаць фільмы ў 3D-фармаце. Грошы атрыманы па замежнай крэдытнай лініі нашым даччыным прадпрыемствам "Кінатаўр".

Па словах Аляксандра Лаўрыненкі, завяршэнне ўсіх работ і адкрыццё кінатэатра запланавана на снежань бягучага года.

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"