Як вядома, адным з прыярытэтных накірункаў развіцця кінавідэагаліны Беларусі з'яўляецца стварэнне 3D-кінатэатраў. Першая падобная ўстанова з'явілася ў Мінску. Не за гарамі той час, калі падобныя кінатэатры з'явяцца ў кожным абласным горадзе краіны, а з цягам часу - і ў райцэнтрах.
Так, напрыканцы ліпеня ў Гомелі адкрыўся прыватны 3D-кінатэатр. А ў хуткім часе ў горадзе над Сожам з'явіцца яшчэ адна падобная ўстанова культуры - ужо дзяржаўнай формы ўласнасці. Аб гэтым распавёў на адной з прэс-канферэнцый старшыня Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Якабсон.
Гэтую інфармацыю пацвердзіў "К" і генеральны дырэктар камунальна-ўнітарнага прадпрыемства "Гомелькінавідэапракат" Аляксандр Лаўрыненка. Па ягоных словах, цяпер вядзецца праца па адкрыцці лічбавай залы на базе кінатэатра "Кастрычнік".
- З абласнога і гарадскога бюджэтаў выдаткавана прыкладна 700 мільёнаў рублёў, - паведаміў Аляксандр Лаўрыненка, - каб прывесці ўстанову ў належны стан. Поўнасцю адрамантаваны дах, цяпер адбываецца рамонт у глядзельнай зале. А прыкладна 800 мільёнаў рублёў будзе каштаваць тое абсталяванне, якое дазволіць праглядаць фільмы ў 3D-фармаце. Грошы атрыманы па замежнай крэдытнай лініі нашым даччыным прадпрыемствам "Кінатаўр".
Па словах Аляксандра Лаўрыненкі, завяршэнне ўсіх работ і адкрыццё кінатэатра запланавана на снежань бягучага года.