Самы “круты” ўнівер і магія шасці літар

№ 41 (961) 09.10.2010 - 15.10.2010 г

Беларускаму дзяржаўнаму універсітэту культуры і мастацтваў — 35. Лічба, можа, не самая “крутая”, але за ёй крыецца больш як 20 тысяч маладых спецыялістаў, падрыхтаваных за гэты час. Дый увогуле, 35 — чым не нагода для падвядзення некаторых вынікаў? І— аповеду пра тое, як Мінскі інстытут культуры, рыхтуючы спачатку адно бібліятэкараў ды культасветработнікаў, усё пашыраў ды пашыраў свой профіль, праз 18 гадоў дарос да універсітэта рэспубліканскага значэння, а яшчэ праз 11 да культуры далучыў усё суквецце мастацтваў.

/i/content/pi/cult/290/4762/pic_15.jpg- Барыс Уладзіміравіч, - звяртаюся да рэктара Барыса СВЯТЛОВА, - вы ўзначалілі ўніверсітэт два з паловай гады таму, але і раней былі звязаны з ім, можна сказаць, самымі "братэрскімі сувязямі". Як, на вашу асабістую думку, змянілася падначаленая вам установа за 35 гадоў?

- З гэтай ВНУ я меў непасрэдныя стасункі з 1989 года, калі пачаў працаваць у Міністэрстве культуры. Пазней у мяне нават быў перыяд, калі я па сумяшчальніцтве тут выкладаў. А працу рэктара пачаў са змяненняў у самой "культурнай прасторы" ўніверсітэта, бо навучаць духоўнасці ў "неакультураных" памяшканнях немагчыма: унутраны і знешні змест любой з'явы павінны знаходзіцца ў гармоніі. Дарэчы, вы тактоўна "забыліся" на такую нашу назву, як "кулёк". Праўда, гэтая жартоўная мянушка замацавалася ў савецкія часы за ўсімі падобнымі навучальнымі ўстановамі, так што наша ў гэтым сэнсе не унікум. Але ж калі "кулёк" стаў, можна сказаць, гэткім словам-сімвалам, якое ўжо не зменіш, дык давайце зменім сэнс, які будзем у яго ўкладаць. Звычайна я кажу так: пэўна, "кулёк" паходзіць ад англамоўнага "cool", адзін з перакладаў якога гучыць як "круты". Дык чаму б не пагадзіцца, што мы - самыя "крутыя"? Ад "кулька" да "крутога" - вось шлях у 35 гадоў. Між тым, так яно і ёсць: у лістападзе 1999-га нашаму ўніверсітэту прысвоены статус вядучай вышэйшай навучальнай установы ў нацыянальнай сістэме адукацыі ў сферы культуры.

- Думаю, гэта, пэўна, "пакрыўдзіла" абедзве акадэміі, куды больш старэйшыя за ўніверсітэт: Акадэмію музыкі і Акадэмію мастацтваў...

- Паміж нашымі ўстановамі існуе не "спаборніцтва", а размежаванне працы. Прывяду такі прыклад. У свеце існуюць рарытэтныя скрыпкі таго ж Страдзівары, але неабходны і больш простыя, але добрыя інструменты, і ў вялікай колькасці, каб мастацтва скрыпічнай ігры маглі спасцігаць самыя шырокія масы насельніцтва. Пакіньце адны "страдзіварыўсы" - і праз час не будзе ні іх, ні добрых музыкантаў, бо парушыцца натуральны закон суіснавання культуры (у шырокім сэнсе гэтага слова- як з'явы масавай) і мастацтва, да якога далучацца павінны ўсе, а займацца ім прафесійна будуць абраныя. Цяжка, а то і ўвогуле немагчыма ўзрасціць нейкую ўнікальную, дзівосную расліну на неакультуранай глебе. Гэта дыялектыка! Чым вышэйшы ўзровень агульнай культуры грамадства, тым больш запатрабаваныя ў ёй і прадстаўнікі высокага мастацтва. І наадварот: чым вышэйшым будзе ўзровень студэнтаў у згаданых акадэміях, тым ён будзе вышэйшы і ў нашым універсітэце. Бо мы разам робім адну справу: фарміруем духоўную аўру нацыі.

- Установы такога тыпу, як ваша, - самыя маладыя, у параўнанні з тымі ж кансерваторыямі і акадэміямі мастацтваў, што існавалі ў Еўропе на працягу стагоддзяў. Таму, мабыць, рэарганізацыя самой структуры ўніверсітэта працягваецца і цяпер. Амаль тры гады таму да вас далучылі Беларускі дзяржаўны інстытут праблем культуры, цяпер, наадварот, яго "адлучаюць", ствараючы асобны Інстытут культуры Беларусі...

- Гэта, хутчэй, арганізацыйны момант, што тычыцца лёсу далучанай калісьці да нас установы. Уласна для ўніверсітэта куды важнейшае сёння іншае разгалінаванне: падрыхтоўка спецыялістаў па 16 спецыяльнасцях і 41 спецыялізацыі, што ахопліваюць акадэмічную, народную, эстрадную музыку, харэаграфію, тэатральнае мастацтва, народныя рамёствы, сацыякультурную, інфармацыйна-дакументную сферы.

- Колькасць неабходных спецыялістаў штогод больш як у два разы перавышае колькасць вашых выпускнікоў, запатрабаванасць у іх не зніжаецца. Таму і план прыёму сёлета быў узняты, і кола спецыялізацый, я чула, будзе пашырацца...

- Усё гэта звязана з агульнай культурнай сітуацыяй у краіне. Бо нельга рыхтаваць кадры дзеля кадраў, не ўлічваючы тых змяненняў, што адбываюцца ў галіне: мы, з аднаго боку, вывучаем сацыякультурныя тэндэнцыі ў грамадстве, а з другога- самі на іх уплываем, развіваючы неабходныя кірункі. Але ж пытанне з колькасцю набору надзвычай тонкае. Сёння сапраўды не хапае спецыялістаў таго ці іншага профілю, але дадатковымі нулікамі ў колькасці падрыхтаваных кадраў справы не вырашыць. Вельмі важную ролю адыгрывае якасць адукацыі.

- І "нулік", прыняты на тую ж творчую спецыяльнасць, можа так і застацца "нулікам", колькі ў яго ні ўкладай. Сёння ўвогуле ўсё часцей даводзіцца чуць, што студэнты, маўляў, "не тыя" пайшлі, "змяльчэлі" неяк...

- Наадварот! Яны больш дасведчаныя, зацікаўленыя, валодаюць сучаснымі інфармацыйнымі тэхналогіямі (тут некаторым выкладчыкам іх нават "даганяць" даводзіцца). Можа, больш прагматычныя, а не "завоблачна-рамантычныя", але да гэтага іх жыццё прымушае, большая накіраванасць на рэаліі, а не толькі на мары. Так і мае быць: кожнае пакаленне павінна пераўзыходзіць сваіх настаўнікаў. І, зноў-такі, зусім не лічбай, а ўменнямі! Дадайце сюды адпаведнасць паміж "крытычнай масай" студэнтаў і колькасцю выкладчыкаў, метадычных распрацовак, памяшканняў для заняткаў. Іншымі словамі, калі бяздумна гнацца адно за колькасцю навучаных, якасць атрыманых імі ведаў будзе падаць. Што ж да новых кірункаў працы ўніверсітэта, дык яны будуць тычыцца ўдасканалення падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне эстрады. А гэтая сфера, нагадаю, - адна з першасных задач універсітэта. І адно кафедры эстрады, што існуе цяпер, тут замала. Плануем адкрываць факультэт эстраднага мастацтва, бо трэба рыхтаваць не толькі спевакоў і музыкантаў-інструменталістаў, але і ўсіх тых, без каго іх творчасць не дойдзе ў поўнай меры да публікі. У нас ёсць рэжысёры, гукарэжысёры, харэографы, але ўсе яны адасоблены. Эстрадны ж кірунак ва ўсіх гэтых сферах мае сваю спецыфіку. Дык чаму б не аб'яднаць ужо ў навучальнай установе ўсіх тых, хто будзе займацца менавіта эстрадай? І ўжо пад час навучання ствараць творчыя групы, якія будуць пеставаць песню з усімі яе складнікамі, адначасова працуючы над аранжыроўкай, спевамі, рэжысурай нумара, яго харэаграфіяй.

- Мабыць, гэта паспрыяе не толькі стварэнню самой інфраструктуры эстрады, але і змяненню мыслення цяперашніх эстрадных спецыялістаў? Бо яны будуць спасцігаць мастацтва "каманднай гульні", ствараючы сапраўдныя эстрадныя спектаклі. Але і цяпер у "камандзе" вашых выхаванцаў - большасць тых, хто ў гэтыя дні адзначае сваё прафесійнае свята. Што вы пажадалі б ім у Дзень работнікаў культуры?

- Памятаць пра тое, што яны - ахоўнікі генетычнага кода нацыі, без якога не адбывалася б сувязь часоў.

Фота Юрыя ІВАНОВА

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"