Чакаем вашых навін!

№ 41 (961) 09.10.2010 - 15.10.2010 г

Інфармацыйная прастора, у тым ліку і датычная сферы культуры, імкліва развіваецца ва ўсім свеце. Колькасць выданняў, праграм, сайтаў пра мастацтва, музейную справу, гісторыка-культурную спадчыну ўзрастае ці не штодня. Адпаведна, павялічваецца выбар, а з ім - і канкурэнцыя: каб установе культуры прывабліваць гледача, слухача, наведвальніка, трэба гэтак жа штодзённа развівацца, атрымліваць новую карысную інфармацыю пра досвед калег.

/i/content/pi/cult/290/4757/pic_9.jpgА галоўнае - пастаянна прысутнічаць у медыя-прасторы, што, з аб'ектыўных прычын, не кожнаму даступна. На жаль, яшчэ не ўсякая ўстанова культуры ў нашай краіне мае свой сайт, тым больш - прысутнічае ў СМІ. Карэспандэнты "Культуры" бадай кожны тыдзень сутыкаюцца з жаданнем устаноў культуры з усіх куткоў Беларусі, многіх дзеячаў мастацтва прадставіць сябе шырокай аўдыторыі, вынесці на абмеркаванне хвалюючыя пытанні. Але далёка не ўсе з іх могуць звярнуцца да адпаведных аддзелаў ды прэс-агентаў...

Таму прадстаўляем вашай увазе новы Інфармацыйны цэнтр, які афіцыйна адкрыўся 8 кастрычніка на базе Рэдакцыйна-выдавецкай установы "Культура і мастацтва" ў час прэс-канферэнцыі міністра культуры Рэспублікі Беларусь Паўла Латушкі, прымеркаванай да прафесійнага свята галіны. Інфармацыйны цэнтр (ІЦ) "Культура-інфа" павінен спрыяць інфармацыйнаму забеспячэнню сферы культуры на Беларусі ды за яе межамі, бо адной з самых важных яго функцый, у тым ліку, будзе з'яўляцца стварэнне адзінай інфармацыйнай прасторы для беларускіх дыяспар у іншых краінах. У памяшканні РВУ "Культура і мастацтва" ў Мінску ІЦ плануе праводзіць свае мерапрыемствы: прэс-канферэнцыі, "круглыя сталы" з удзелам прадстаўнікоў сферы культуры краіны і замежжа, дзеячаў мастацтва, усіх, хто так ці інакш задзейнічаны ў культурным працэсе.

Дзякуючы "Культура-інфа" айчынныя ўстановы сферы, суполкі беларусаў замежжа займеюць магчымасць анансаваць свае мерапрыемствы, распаўсюджваць навіны па сродках масавай інфармацыі рэспублікі. Плануецца рабіць інфармацыйныя рассылкі, дапамагаць праводзіць інфармацыйна-культурную палітыку ў дачыненні да нацыянальных аб'яднанняў за мяжой. Таксама ІЦ мяркуе ладзіць он-лайн-канферэнцыі. Зразумела, самыя надзённыя матэрыялы з апошніх знойдуць месца на старонках газеты "Культура" і часопіса "Мастацтва". З матэрыяламі першага он-лайна чытачы могуць пазнаёміцца ўжо ў гэтым нумары "К".

Мы перакананы, што не будзе пуставаць і прэс-клуб, які мяркуем стварыць на базе ІЦ. Адной з самых вялікіх праблем сучаснага мастацтва, дарэчы, не толькі нацыянальнага, творцы называюць адсутнасць адзінай прасторы, дзе суіснавалі б мастакі і крытыкі. Прэс-клуб "Культура-інфа" можа выправіць становішча і прапануе разам абмяркоўваць самыя актуальныя тэндэнцыі сучаснага мастацтва.

Плануецца, што ІЦ стане інфармацыйнай пляцоўкай і для іншых мерапрыемстваў.

А самае галоўнае - ІЦ "Культура-інфа" адкрыты для супрацоўніцтва і чакае вашых навін!