З нагоды прафесійнага свята — Дня работнікаў культуры

№ 41 (961) 09.10.2010 - 15.10.2010 г

Паважаныя сябры! Прыміце шчырыя віншаванні з прафесійным святам - Днём работнікаў культуры.

/i/content/pi/cult/290/4753/pic_3.jpgУ гэты дзень мы ўшаноўваем кожнага, хто сваім талентам і руплівай працай услаўляе нашу Радзіму, захоўвае і прымнажае яе культурную спадчыну, дапамагае спасцігнуць свет прыгажосці, прасякнуцца ідэаламі дабрыні і гуманізму.

Знакавыя акцыі і фестывалі, шматлікія конкурсы і выстаўкі, творчыя праекты і праграмы - гэта штодзённая рэальнасць стваральных клопатаў, будняў і святаў работнікаў культуры ў вялікіх і малых гарадах, вёсках роднай Бацькаўшчыны, а таксама далёка за яе межамі.

Прыемна адзначыць, што дзеячы культуры і мастацтва рэспублікі паспяхова ўдзельнічаюць у грамадска-культурных мерапрыемствах, прадстаўляюць беларускае мастацтва на прэстыжных міжнародных фестывалях і конкурсах, выконваюць сваю пачэсную місію: уносяць значны ўклад у захаванне традыцый і развіццё нацыянальнай культуры.

Дзякуючы вашай руплівай нястомнай працы ствараюцца новыя музейныя экспазіцыі, канцэртныя праграмы, тэатральныя пастаноўкі. Сёлета пасля рэканструкцыі і рэстаўрацыі гасцінна адкрыюць свае дзверы для наведвальнікаў замкавы комплекс у г.п. Мір, Беларускі дзяржаўны цырк. Распачынаюцца работы па рэканструкцыі будынка Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Усё гэта сведчыць аб паслядоўнай рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў галіне культуры.

З нагоды свята дазвольце выказаць усім работнікам культуры словы ўдзячнасці за плённую працу і значны ўклад у культурнае і сацыяльнае развіццё нашай краіны, адданасць прафесіі.

Шчыра жадаю вам моцнага здароўя, дабрабыту і поспехаў у вашай высакароднай працы па прапагандзе лепшых традыцый нацыянальнага і сусветнага мастацтва, выхаванні патрыятызму і павагі да нашай Айчыны.

Намеснік Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь У.М. ПАТУПЧЫК