Давайце святкаваць! Толькі — па тэхналогіі

№ 40 (960) 02.10.2010 - 08.10.2010 г

А вы ўмееце "зрабіць сабе свята"?

 

Жыццё без святаў не жыццё. Аксіёма. Але ці ўмеем мы святкаваць? І што ўвогуле ўкладаем у само слова "свята"? Зрэшты, каб стварыць адпаведны настрой, неабходна яго яшчэ і цаніць. Тэхналогію стварэння добрага настрою праз пасрэдніцтва ўстановы культуры паспрабавала высветліць наш карэспандэнт.

Карціна - звыклая

 Пра святы ў нас, так ужо павялося, клапоціцца, найперш, дзяржава. Але чым далей, тым больш улады і грамадскасць пачынаюць дбаць не толькі пра саму наяўнасць чырвоных дат календара, але і пра іх начынне. Для нас ужо стала нормай, калі ў святочныя дні ладзяцца масавыя шэсці, канцэрты на адкрытых пляцоўках (апошнія - не толькі ў праліўны дождж, але і нават у марозную навагоднюю ноч!), калі нас, як на дзіцячых ранішніках, запрашаюць да інтэрактыву: прыняць удзел у жартоўных конкурсах, розыгрышах, карагодах ці хаця б у прытанцоўванні ў такт музыцы.

Такія масавыя святкаванні наўпрост тычацца работнікаў культуры: менавіта на іх, у першую чаргу, ускладаецца "выкананне задачы па забеспячэнні" святочнай праграмы і, адпаведна, святочнага настрою. Больш за тое, апошнім часам многія сапраўды імкнуцца адарвацца ад мяккай канапы і пашукаць прыгодаў (у добрым сэнсе слова!) на вуліцы. Ці ў канцэртнай зале - ад вялікіх палацаў да сельскіх клубаў.

 Шматлікія апытанні, што раз-пораз праводзяцца СМІ ці ў Інтэрнэце, выдаюць звыклую карціну: моладзь прызвычаілася хадзіць "на сходку" (так цяпер пачалі называць "выхад у горад" у кампаніі сяброў), старэйшае пакаленне - збірацца за святочным сталом з абавязковым салатам "аліўе". Але вось што цікава! Якім бы ні было святкаванне - з абавязковым тэлевізарам насупраць ці з артыстамі на плошчы, - яно зводзіцца да адной формулы. Прычым, калі можна так сказаць, "спажывецкай".

"Зрабіце нам свята!"

 Прыкладна так яна і гучыць. Здавалася б, усё правільна: кожны павінен займацца сваёй справай. І калі мы ўжо не засталіся дома, дык хочам атрымаць тое свята - з рук у рукі. Маўляў, мы ж прыйшлі! Артысты, рэжысёры, метадысты - робяць. Распрацоўваюць сцэнарыі, рыхтуюцца, рэпеціруюць.

У тым, што попыт не застаецца без прапановы ў адказ, вялікая заслуга Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў. Спецыяльнасць "рэжысура народных абрадаў і масавых святаў" карыстаецца ўсё большай папулярнасцю. Бо запатрабаваная! І можа прыносіць рэальны прыбытак! Сёлета, да прыкладу, конкурс на яе склаў 2,2 чалавека на месца. Імкнуцца атрымаць гэту спецыяльнасць і тыя, хто рэальна збіраецца працаваць у гэтай галіне, і тыя, хто ўжо знайшоў сябе ў крыху іншай сферы: маўляў, на перспектыву. І ў гэтым ёсць рацыя.

Звярніце ўвагу: калі раней "пасада" тамады была, можна сказаць, грамадскай, на ўзроўні хобі, дык з цягам часу некаторыя пачалі гэтым "падпрацоўваць". Затым - працаваць. Сёння ж узнікае, і не толькі ў сталіцы, усё больш разнастайных святочных агенцтваў. І яны не застаюцца без працы. Бо і заказаў становіцца ўсё бо/i/content/pi/cult/289/4737/5-2.jpgлей! Многія рэстараны, кафэ, нават звычайныя сталовыя, асабліва ў рэгіёнах, па выхадных і святочных днях размяркоўваюць "спецабслугоўванне" на некалькі месяцаў наперад. Прычына, верагодна, не толькі ў нежаданні гаспадынь стаяць да страты прытомнасці ля гарачай пліты на кухні. Невыпадкова дырэкцыя пунктаў грамадскага харчавання пачала "сябраваць" з "масавікамі-забаўляльнікамі", каб кліенты адразу атрымлівалі не толькі гастранамічную, але і культурную праграму - амаль па пранцыпе "ўсё ўключана". Няўжо ўся справа толькі ў росце дабрабыту?

Пэўна, не, бо гатовыя святочныя сцэнарыі можна знайсці нават у Інтэрнэце - абсалютна бясплатна. Прычым на ўсе выпадкі жыцця: ад карпаратыву да школьнага выпускнога, ад вяселля да юбілею і нават дня нараджэння ў сямейным коле. Можна, зразумела, замовіць і эксклюзіў. Як у той жа модзе: можна прыдбаць адзенне "паточнае", а можна - дызайнерскае. Як кажуць, на колькі хопіць грошай. А на колькі - уласнай фантазіі?

 Бо свята (як і праца, у рэшце рэшт) - адзін з найбольш дакладных паказальнікаў нашага стаўлення да жыцця і таго, хто мы ёсць. Таму "спажывецкі" вірус, што распаўсюджваецца ўсё больш і ўжо гатовы дасягнуць узроўню эпідэміі, - таксама паказальнік нашай псіхалогіі, зацыкленай на слове, засвоеным яшчэ ў дзяцінстве: "Дай!"

Але тут варта звярнуць увагу вось на якую акалічнасць. Часцяком абсалютна рэальны пункт прыбыткаў у плане платных паслуг той ці іншай установы культуры "падразае" прыватнік. Прычым робіць тое выключна праз уменне аказацца са сваёй рэкламай на старонках спецыялізаваных газет і часопісаў, у электронных СМІ ці нават на звычайнай дошцы аб'яў. На жаль, радок аб абслугоўванні карпаратыўных або сямейных мерапрыемстваў не кожная ўстанова культуры імкнецца вылучыць вялізнымі літарамі. І дарма. Думаецца, суадносіны "цана - якасць - вопыт" будуць тут на карысць прафесіяналаў сферы культуры.

 Ці прыжывецца "імплантант"?

 Але вернемся да згаданага раней "Дай!" Дадзенае, між іншым, таксама т р э ба ўмець атрымаць і, галоўнае, утрымаць. Памятаеце шматлікія казкі пра тое, як ніхто не мог прымусіць прынцэсу засмяяцца? Так і са святамі. Калі мы самі не захочам тое свята адчуць, дык колькі б хтосьці ні намагаўся, цуда не будзе. Нават "заморскі лекар" не дапаможа./i/content/pi/cult/289/4737/5-1.jpg

 Дарэчы, апошняя фраза пра "імпарт" на святочным фронце ўзнікла невыпадкова. Бо з падобнымі праблемамі сутыкнулася і замежжа. У Германіі, напрыклад, адпаведныя праграмы, што спалучаюць псіхатрэнінг і практычныя навыкі, існуюць даўно. Ёсць аналагі і ў іншых краінах. Летась такая праграма ўзнікла і ў Беларусі. Прычым (ніколі не паверыце, але гэта так) - на базе Гарадской мастацкай галерэі Леаніда Шчамялёва.

Здавалася б, мастацкая галерэя - і "курсы святочнага настрою"? Дзіўнаватае, канешне, спалучэнне, але, папраўдзе: што, як не мастацтва (а тым больш, выяўленчае), павінна даваць чалавеку далейшыя імпульсы жыццёвай энергіі? А яшчэ - вучыць прыгажосці, уменню бачыць патаемны сэнс рэчаў, шукаць гармонію і дасканаласць, падыходзіць да ўсяго па-філасофску, без непрадказальных эмацыйных выбухаў, нават у трагедыі атрымліваць катарсіс. Дый само "музейнае" спалучэнне пастаяннай экспазіцыі і выставачнай залы, дзе ўсё рэгулярна змяняецца, - ці ж гэта не "мадэль жыцця"?

- Гэта не просты перанос замежнай практыкі, - расказала дырэктар галерэі Таццяна Бембель, - а спроба яго адаптацыі. Іншымі словамі, творчы падыход неабходны і тут. Але, прызнаюся, наша ідэя з самага пачатку атрымала вялікі розгалас. Нам не давялося рабіць аб'явы, неяк "піярыць" саміх сябе. Пэўна, спрацавала "сарафаннае р а д ы ё " - не ведаю. А можа, паспрыяла і тое, што вакол галерэі і раней склаўся своеасаблівы "клуб аматараў мастацтва". Да нас жа не толькі школьнікі ходзяць на экскурсіі, сярод заўсёднікаў (як, відаць, і паўсюль) - людзі розных узростаў, шмат пенсіянераў.

Як на мой погляд, дык замежная праграма, на якую арыентаваліся арганізатары нашай, больш накіравана на гендарную праблематыку, на тое, як вярнуць чалавека сталага ўзросту да актыўнага паўнавартаснага жыцця, напоўненага падзеямі, і, можа, нават знайсці сябе ў новай прафесіі. Айчынны вопыт, хаця і ахоплівае людзей сталага веку, больш скіраваны на ўнутраныя душэўныя працэсы, якія часта "не маюць узросту": ну, хто з нас не бачыў людзей, якія не "ўжо развучыліся", а, наадварот, "так і не навучыліся" радавацца простым жыццёвым дробязям, з удзячнасцю прымаць любое надвор'е і, галоўнае, ва ўсім пачынаць з сябе асабіста. Іншымі словамі, пачынаць з "рэвалюцыі" (і стварэння свята, у тым ліку) не ў сусветных маштабах, а ў адной асобна ўзятай чалавечай душы.

Лавіць атмасферу

- Наш праект,- працягвае Таццяна Бембель, - мы назвалі "Свята- у жыццё!". Уласна кажучы, гэта своеасаблівая "школа тамады". Але асноўны прынцып наступны: свята нараджаецца не звонку, а менавіта ў душы. І ўжо адтуль распаўсюджваецца на астатняе наваколле, на тых, хто побач з табой. Ды ўсё ж- з чаго пачынаецца свята? У галерэі Шчамялёва паспрабавалі вылучыць яго складнікі і пачалі праводзіць заняткі па спевах (сольных і групавых, але, найперш, застольных), пластыцы (вядома, танцавальнай, але на невялікай прасторы - у межах, найперш, кватэры), псіхалогіі і дызайну (як падабраць падарунак, як яго аформіць, прыпаднесці), стварэнню іміджу (як змяніць сваё аблічча з дапамогай адно шаліка), сервіроўкі стала і афармлення навакольнай прасторы (з дапамогай самых простых сродкаў).

 - Правілы, - працягвае мая суразмоўца, - можна вывучыць, вызубрыць. Навыкі - напрактыкаваць. Але мы імкнёмся да іншага- навучыць чалавека "лавіць атмасферу", кіраваць сваім настроем, творча ставіцца да ўсяго, з чым сустракаешся ў жыцці. Чалавек, здараецца, губляецца нават тады, калі "сустракаецца" з уласным узростам. Дзеці звычайна хочуць хутчэй стаць дарослымі, дарослыя ж- рэзка памаладзець. А са сваім узростам трэба сябраваць. Прыслухоўвацца да яго, не пярэчыць, але ж і не ісці ў яго на паваду. А ў многіх з нас (дарэчы, незалежна ад полу і нават ад узросту) спрацоўвае іншая формула: маўляў, усё лепшае ўжо мінула і больш не паўторыцца. А між тым, вельмі многае залежыць не ад фізіялагічнага стану чалавека, а ад яго псіхалагічнай настройкі. Калі ён сам сябе ў душы пахаваў, дык хто яму дапаможа? Толькі ён сам, калі зменіць сваю жыццёвую ўстаноўку, навучыцца не знешнім праявам актыўнасці, а, найперш, унутраным. Гэта, дарэчы, не толькі гуманітарная праблема, што тычыцца сферы культуры, а яшчэ і сацыяльнаэканамічная. У ёй ёсць, калі хочаце, свой эканамічны разлік і эфект!

Сапраўды, калі ўдумацца, чалавек з актыўным светаўспрыманнем, з уменнем самастойна "стварыць сабе свята", а не чакаць, калі яго прынясуць на залатым сподачку, менш хварэе, менш атручвае жыццё навакольным ці то зайздрасцю, ці то вечным "плаканнем" па любой прычыне.

 А здавалася б - усяго толькі свята. Праз тыдзень, дарэчы, прафесійнае свята - Дзень работнікаў культуры. Дык што - пачнём і папраўдзе з сябе? Не проста са свята, а з самой філасофіі свята як стану душы.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"