Прыпяць чакае палескіх рабінзонаў

№ 25 (791) 23.06.2007 - 29.06.2007 г

Палескім рабінзонам у Ляскавічах можа стаць любы вандроўнік — хоць з Тураўскага хутара ці Мінска, хоць з Расіі ці Амерыкі. Гэта на самой справе вельмі выгадны бізнес.

Кіраўнік пушчы 

Дырэктар Нацыянальнага парку “Прыпяцкі” Сцяпан БАМБІЗА — чалавек неабыякавы: дасведчаны ў прыродаахоўнай справе, дзелавы і кемлівы ў арганізацыі турыстычнага бізнесу.
 /i/content/pi/cult/121/473/Kultasvet0.jpg
 Дырэктар Нацыянальнага парку “Прыпяцкі” Сцяпан Бамбіза.
— Сцяпан Мікалаевіч, не была ў
Ляскавічах год — за гэты час тут шмат што змянілася. Прызнаюся, чакала перамен на сяле, але тое, што ўбачыла, пераўзышло ўсе чаканні. Ёсць тут аграгарадок, з’явілася вуліца новых дамоў для вяскоўцаў, а ў клубе ідзе ўнушальны капітальны рамонт, і ў вокнах тут, як у Мінску, — шыкоўныя шклопакеты. А дамы ўпрыгожваюць чырвоныя дахі… Добра стала ў Ляскавічах.
— Я заўжды думаў пра тое, кааб добраўпарадкаваць Ляскавічы. Вясковы чалавек шмат працуе, ці ж не зарабіў ён на сучаснае ўтульнае жыццё? Так з’явіўся аграгарадок. Новая сельская культура пачынаецца не толькі з камфартабельных сядзіб. Гэта праца ўсіх вяскоўцаў у самых розных сферах дзейнасці, гэта новая культура нашага бізнесу — прыпяцкага турызму.
— І з чаго ён пачынаецца?
— Нашы палешукі гэта цудоўна разумеюць. З вялікай любові, з цікаўнасці, а не толькі з камерцыйнай выгоды. Палешукі — паэты і майстры. Напэўна, Кірыла Тураўскі нас натхняе, сонейка ды Прыпяць. Не ўяўляю жыцця без гэтай ракі, бо нарадзіўся і жыву ў Ляскавічах. Пра нас так і казалі: Бамбізы — людзі лесу і Прыпяці. І гэта вялікае шчасце — адчуванне лучнасці з прыродай, народным мастацтвам, не штучным, а натуральным… Тут мае і лёс, і любоў. І не дзіва, што на Прыпяць, у маляўнічыя мясціны нашага Нацыянальнага парку, прыязджаюць з усяго свету. Шкадую толькі, што Прыпяць амаль перастала быць суднаходнай.
— Што прываблівае наведвальнікаў у першую чаргу?
— Першароднасць прыпяцкай пушчы — паўднёвага царства беларускай прыроды. Яна зачароўвае турыстаў! Прыязджаюць, каб наталіцца Прыпяццю, убачыць яе спрыт, пакупацца, павудзіць рыбу, папаляваць, урэшце, выпрабаваць сябе ў нашых самабытных краях… Я вам паказваў аднойчы нашу дрэваапрацоўчую вытворчасць. Скажаце, што ніякіх адносін яна не мае да культуры? Мае — самае непасрэднае. Мы тут кожнае дрэва ведаем, люляем, ахоўваем. Разам з тым, робім вельмі якасны паркет, які нават у ЗША пастаўляем. Гэта беларуская марка, як і сам парк, сама Прыпяць. Гэта — як песня,толькі з дрэва…
— Прыпяць — гэта моц і прыгажосць, якія многім народам адкрываюцца цяпер упершыню.
— Мы ўжо некалькі гадоў працуем з турыстамі. Гэта і беларусы, і расіяне, і іншаземцы: італьянцы, амерыканцы, французы, немцы, галандцы, аўстралійцы… Яны палюбілі нашу нацыянальную культуру, Прыпяць і пушчу, дзе ўжо ёсць 100 зуброў, жывуць ваўкі і лісы, птушкі і кветкі, занесеныя ў Чырвоную кнігу. Мы ашчаджаем флору і фауну, а турысты едуць, каб спрычыніцца да нашай натуральнай прыроды, пажыць тут. Гэта, у асноўным, актыўны адпачынак.Прыязджаюць з-за мяжы і навукоўцы. У нашым парку ёсць тое, што беззваротна знікла ў іхніх мясцінах. Могуць за адной казюлькай ці кветкай, напрыклад, за Венерыным Чаравічкам, назіраць тыднямі! Само сабою, і нашы суайчыннікі знаходзяць у Нацыянальным парку свае маршруты, свае сцяжынкі. Наша Бацькаўшчына прыгожая бязмежна. І чым даўжэй жывеш, тым больш у гэтым пераконваешся…
 /i/content/pi/cult/121/473/Kultasvet5.jpg
Аграгарадок “Ляскавічы”.

— Але, Сцяпан Мікалаевіч, культура нацыянальнага турызму ў нас толькі пачынае развівацца. Пагадзіцеся, нам яшчэ вельмі складана супернічаць з нацыянальнымі паркамі Еўропы, Амерыкі, Афрыкі…
— Так, але мы прасцей глядзім на праблемы камфорту, хоць даволі даўно адпавядаем патрабаванням вандроўнікаў з любой краіны. У кемпінгах — прыстойныя прыбіральні і кандыцыянеры. Палескі гатэль сярод пушчы ўпадабалі многія іншаземцы.
— Была ў Ляскавічах, пераканалася: гэта і камфортна, і сціпла. Маю на ўвазе і культуру абслугоўвання, і беларускую кухню, і правядзенне народных святаў і абрадаў. Дарэчы, што, як вы лічыце, галоўнае ў прыпяцкай, ляскавіцкай культуры?
— Шчырасць і прастата, своеасаблівая непаўторнасць песеннай мазаікі Прыпяцкай зямлі, адмысловасць людскіх характараў… Уражвае чысціня і акуратнасць на фермах у паркавай гаспадарцы. І сучасны рамонт Дома культуры дае спадзеў на абсалютна новы паварот у арганізацыі культасветработы… Мы проста прывыклі так жыць і працаваць. Мяне не падводзяць ні калегі па турызме, ні будаўнікі, ні жывёлаводы, ні леснікі. Зрэшты, яны самі ўсё могуць вам расказаць лепей за мяне.Многія яшчэ не ўявілі, што турызм вельмі выгадная справа. За кожнае вандраванне даруюць сплаты іншаземцы, і ўсе гэтыя грошы, увесь прыбытак ідзе на развіццё культуры, будаўніцтва, на новыя цікавыя маршруты ў нашым парку. 

Экстрэмальны турызм 

Што гэта такое? За адказам я звярнулася да вядучага спецыяліста аддзела турызму Нацыянальнага парку “Прыпяцкі” Алены ЖУРАЎСКАЙ.
/i/content/pi/cult/121/473/Kultasvet4.jpg 
Разліў Прыпяці.
— Я толькі што вярнулася з паходу
да цара-дуба. Калі ў Белавежскай пушчы самаму старому асілку 600 гадоў, то нашаму — 800… Мы з вашым навуковым супрацоўнікам Алегам Аляксеевым прайшлі па гэтай сцежцы ўдваіх.
— Так, гэта адна са сцежак экстрэмальнага турызму. Другога такога дуба ў рэспубліцы няма. На нядаўнім экафоруме ў Мядзелі ўсе прызналі, што наш дуб старэйшы за іншыя. Таму і сцежка — адна з папулярных. Па дарозе — лясныя паляны, столік для турыстаў, бярвенчатыя масткі…
— Што яшчэ можна сустрэць на маршруце?
— Начнога цвыркуна, напрыклад, — але тут неабходна цярпенне. Нашы турысты, якія ўжо спазналі ўсе таямніцы парку, ягоную рэліктавую непаўторнасць, гатовы гадзінамі назіраць за ўсімі праявамі беларускай прыроды. Гэтая цікаўнасць аб’ядноўвае самых розных людзей з самых розных куткоў свету. Прырода аб’ядноўвае, сілкуе, дае эстэтычнае задавальненне… А экстрэмальны турызм — гэта некалькі дзён у зарасніках і сярод
/i/content/pi/cult/121/473/Kultasvet3.jpg 
 Ложак ад майстра Аляксандра Маслы чакае турыстаў.
бязлітаснай машкары. Яна ў Прыпяцкай пушчы таксама адметная. І заявак на такі турызм вельмі шмат. Некалькі кіламетраў праз бураломы і цераз рэчкі — стома для турыста-пачаткоўца неймаверная. На прывалах — юшка, шашлыкі, барбекю. А ўсё рыхтуецца загадзя, за такі экстрым іншаземцы плацяць 65 еўра за дзень, нашы — 55 тысяч беларускіх рублёў. Калі пажадаеш чагосьці апрача пражывання і харчавання — плата дадатковая. Вы плавалі калі-небудзь на лодцы па заліўных дубровах? А якое ў нас бортніцтва захавалася! І трэба растлумачыць, перадаць асаблівасці гэтага народнага звычаю, старадаўняга рамяства любому з замежнікаў. Культура Беларусі— у сціплай ды незабыўнай прыгажосці белага і чорнага буслоў, у адмысловым жураўліным танцы. У час паходаў усё гэта — і сучаснасць, і таямнічая спрадвечнасць лесу, і старадаўнія беларускія звычаі — надае адпачынку своеасаблівую адухоўленасць.
— Ваш турыстычны досвед — прыклад для іншых рэгіёнаў Беларусі… Але ў чым своеасаблівасць турыстычных вандровак у ваколіцах Ляскавічаў?
— Наш навуковы супрацоўнік Алег Аляксееў, які паказаў вам сцежку да цара-дуба, суправаджае турыстаў і ў іншыя куткі пушчы, якія адметныя рэчамі проста унікальнымі. Да прыкладу, дзюнамі. Займаецца Алег яшчэ і соснамі — зразумеў, што дрэвы гэтыя ўзнаўляюцца больш інтэнсіўна на тэрыторыях, якія пашкоджаны нізавымі пажарамі… Турыстаў суправаджаюць людзі дасведчаныя — навукоўцы, леснікі, егеры, арнітолагі.
— Дык што, ёсць тут і Каракумы па-беларуску?
— Уздоўж Прыпяці такія пяскі! У Дарашэвічах, у самым нашым камфартабельным комплексе, ёсць турыстычная сцежка па дзюнах… Увечары можна лазню распаліць: усю стому, што назбіралася за спякотны дзень, як рукой здымае. Ёсць турысты, якія замаўляюць маршрут даўжынёю ў 17 кіламетраў праз увесь парк. Паход на двое сутак. Можна назіраць за жыццём дзікоў, якія раскопваюць зямлю ў пошуках труфеляў. Гэтыя грыбы лічацца дэлікатэсам у Францыі, а ў нас імі частуюцца дзікі.
 /i/content/pi/cult/121/473/Kultasvet2.jpg
 Дворык у Дарашэвічах.
— Прыём турыстаў, Алена, у вас,
напэўна, адпрацаваны да тонкасцей. Гэта не дорага для замежнікаў і прыймальна нават для нашых студэнтаў. А для арганізацыі сямейных паездак у выхадныя дні — таксама?
— Так. Можна абысціся і безнаяўным разлікам. Прадугледжаны любыя паслугі. Тэлефануюць нам бесперапынна — усе жадаюць адпачыць у Ляскавічах і ў Тураве… Справа ў тым, што мы робім экскурсіі і на Замкавую гару да Кірылы Тураўскага, дзе вядуцца раскопкі замчышча. А таксама — у музей прыроды.Заязджаем і ў краязнаўчы музей, і на Барысаглебскія могілкі, дзе расце з зямлі цуда-крыж… Мне расказваў мясцовы царкоўны стараста Валерый Катлярчук, як на яго вачах жанчына, якая не магла хадзіць, раптам сама выйшла з машыны да крыжа…Усе ў захапленні не толькі ад Ляскавічаў — вялізнага ляснога сяла, дзе і жыхары таленавітыя, і ёсць аж 32 бусліныя гнёзды, і будаўніцтва вядзецца самае сучаснае, але і ад таго, што спазнаюць нашу гісторыю і выпрабоўваюць на турыстычных маршрутах сябе.21

Хутка Купалле 

Да яго ў парку рыхтуюцца асабліва старанна. Не дзіва: Купалле, бадай, самае яркае народнае свята. Хто ж адмовіцца пераскочыць праз вогнішча, пусціць па рацэ вянок, адшукаць у лесе сваю папараць-кветку?! Тут прынята казаць: заманіць турыстаў на Купалле. Некаторыя лічаць свята язычніцкім, але ад гэтага любоў да Купалля не меншае.
/i/content/pi/cult/121/473/Kultasvet1.jpg 
 Дырэктар Ляскавіцкага дома культуры Ева Карняйчук.
Дырэктар Дома культуры ў
Ляскавічах Ева КАРНЯЙЧУК распавядае:
— Асноўны наш клопат — будоўля. Усё будзе ў клубе па-новаму. Вялізныя танцавальная і актавая залы. У Ляскавічах хутка — Дзень вёскі — вось тады і прыязджайце, калі закончым рамонт. А што паспеем — сумневу няма: раз сказаў Бамбіза — так і будзе! Ён усё паспявае, і сяло ўслед за ім. Капрамонт у разгары, а сцэнарый да Дня вёскі ўжо гатовы.У Ляскавічах любяць не толькі спевы і танцы, але і мастацкае чытанне. Дарэчы, не так часта сустракаеш у клубах аматараў чытання вершаў, а тут іх шмат. Значыць, школьныя выкладчыкі працуюць як мае быць…
— Чым яшчэ могуць здзівіць у парку “Прыпяцкі”?
— Нацыянальнымі стравамі, безумоўна! — адказвае Алена Андык, вядучы спецыяліст па турызме.
— Няўжо еўрапейцы сала ядуць?
— Яшчэ як! Просяць і сала, і кіслую капусту, і дранікі, і мёд… Гатуем і дзічыну, і рыбу. А стол накрываем сярод лесу, побач з Прыпяццю. На чырвоным ручніку — пірагі.
— А ці праўда, што турыстаў іншым разам возяць па вёсках, дзе можна набыць тканыя ручнікі і сурвэткі проста ў сялянак?
— Безумоўна. Бабулі выносяць свае вырабы проста на вуліцу, прыгожа развешваюць. Такія маленькія кірмашы выклікаюць захапленне ў турыстаў. І бабулям — задавальненне. Ёсць у нас унікальны майстар па дрэве, таленавіты скульптар Аляксандр Лявонцьевіч Масла. Ягоныя творы ўпрыгожваюць тэрыторыю кемпінгаў. Гэта ён, дарэчы, падказаў ідэю пабудовы рэзідэнцыі Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы… Ды што і казаць, іншаземцы прыходзяць у захапленне нават ад калодзежных жураўлёў, зробленых мясцовымі ўмельцамі…
— А ці можна пажыць, напрыклад, у будане?
— Можна. Робім будан, калі хто захоча, бо паважаем жаданні кожнага турыста. Ёсць маршрут на байдарках, ёсць на цеплаходзе, а калі хочаш — бяры вуду — і на Прыпяць!
— Алена, а дзе, дарэчы, бусел, якога празвалі Васілём Іванавічам і які хадзіў уздоўж Прыпяці і браў рыбу нават з рук?
— Адляцеў кудысьці. Буслы — птушкі хоць і аседлыя, але з норавам… Прывучаем не толькі буслоў, а нават і мядзведзяў, але ў кожнага ёсць права на волю.
Каб узняць увесь культурны пласт магчымасцей прыпяцкага экатурызму, пражыць трэба не адно жыццё. І гэта цудоўна разумеюць дырэктар парку Сцяпан Бамбіза і яго паплечнікі. Намеснік дырэктара парку па навуковай рабоце Анатоль Углянец, з якім мы праехалі разам не адзін дзесятак кіламетраў па лясах і вёсках, так і зазначыў: “Гэта культурны турызм. Кожны маршрут спрыяе не толькі адпачынку, але і захаванню беларускай прыроды, развіццю нашай навукі”.

Вольга ЯГОРАВА,
наш спецкар.
Мінск — Ляскавічы — Тураў — Мінск
Фота аўтара