Па словах намесніка дырэктара Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Тамары Джумантаевай, ужо практычна завершана замена кроквеннай канструкцыі сабора. Да гэтага часу - на працягу лета - аматары арганнай музыкі не мелі магчымасці наведваць канцэртную залу і ўбачыць унікальны арган.
Дзякуючы аператыўнай працы рэстаўратараў, 8 кастрычніка Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр адкрые XXVIII канцэртны сезон у Сафійскім саборы з праграмай "Па старонках класічных аперэт".
Як паведаміла "К" Тамара Джумантаева, у наступным годзе будуць праведзены маштабныя работы па рамонце фасада Сафійскага сабора. Усяго рэстаўрацыя ўнікальнага помніка архітэктуры будзе праводзіцца цягам трох гадоў. А неабходныя сродкі для комплекснай рэстаўрацыі Сафійскага сабора ў Полацку выдаткаваў Віцебскі абласны выканаўчы камітэт.
Тым часам у Полацку працягваюцца мерапрыемствы ў межах рэспубліканскага праекта "Культурная сталіца Беларусі-2010". У прыватнасці, па словах галоўнага спецыяліста аддзела культуры Полацкага гарвыканкама Юліі Аўчыннікавай, 10 кастрычніка адбудуцца доўгачаканыя гастролі Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь.