"Харошкі" адыграюць у Шанхаі сольны канцэрт, дзе разыначкай стане твор "Саўка ды Грышка", што змяшчае ў сабе музыку і танцы на кітайскія, арабскія, балканскія ды іншыя матывы. Гала-канцэрт майстроў мастацтваў Рэспублікі Беларусь аб'яднае шматлікіх артыстаў на адной сцэне з "Песнярамі". Пачнецца імпрэза песняй "Касіў Ясь канюшыну" - вядомай і любімай у розных краінах свету, а завершыцца сапраўдным "хітом" - кампазіцыяй "Бывайце здаровы, жывіце багата". Не першы раз ужо выступленні "Песняроў" суправаджалі заліхвацкія "Харошкі", і такое супрацоўніцтва падаецца калектывам вельмі ўдалым.
На гэтым жа канцэрце публіка пабачыць нумары юных выканаўцаў - выхаванцаў Святланы Стацэнка: Ксеніі Сітнік, Андрэя Кунца, якія сёння актыўна рэпеціруюць. А пасля музыканты, спевакі і танцоры накіруюцца ў Пекін, каб прадставіць нашу краіну на Днях культуры Рэспублікі Беларусь у КНР.