НОВЫЯ ПЕРСПЕКТЫВЫ ДЛЯ БРЭНДАВАЙ СКАРБНІЦЫ

№ 40 (960) 02.10.2010 - 08.10.2010 г

Цэнтр — для моладзі, квартал — для музея!

/i/content/pi/cult/289/4713/1-1.jpg

Сустрэча з Прэзідэнтам, якая адбылася 30 верасня, распачалася са знаёмства з творамі Рэспубліканскай выстаўкі сучаснага выяўленчага мастацтва "Зямля пад белымі крыламі". Своеасаблівымі экскурсаводамі на ёй былі масцітыя творцы, маладыя мастакі і студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, чые работы ўтвараюць частку гэтай маштабнай экспазіцыі. На ёй, як вядома, прадстаўлены амаль 250 твораў народных мастакоў Беларусі, лаўрэатаў Дзяржаўнай прэміі краіны, лаўрэатаў і стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, а таксама лепшыя работы сучасных жывапісцаў, графікаў, скульптараў, майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Імёны Леаніда Шчамялёва, Георгія Паплаўскага, Гаўрылы Вашчанкі, Льва Гумілеўскага, Уладзіміра Тоўсціка, Уладзіміра Зінкевіча, Віктара Альшэўскага, Валерыя Славука, Уладзіміра Савіча, якія прысутнічалі на сустрэчы ў гэты дзень, добра вядомы знаўцам і аматарам выяўленчага мастацтва не толькі нашай краіны.

Іх палотны, графічныя лісты, скульптурныя кампазіцыі бачылі ў многіх еўрапейскіх галерэях. Аднак пра што думаў мастак, увасабляючы той або іншы вобраз? Менавіта тым, што засталося ў "аналах" майстэрні, на "творчай кухні" асоб, што ствараюць культурную прастору, цікавіўся Аляксандр Рыгоравіч, калі знаёміўся з творамі прысутных мэтраў і іх вучняў. Не менш пытанняў задаваў Прэзідэнт і маладым аўтарам - студэнтам Акадэміі мастацтваў, якія трымалі своеасаблівы творчы экзамен перад Кіраўніком дзяржавы, распавядаючы яму пра свае мастацкія пошукі.

 Аднак сустрэча акрэсліла і шэраг "болевых кропак", якія сёння найбольш праяўляюцца ў прасторы айчыннага сучаснага выяўленчага мастацтва. Аб гэтым набалелым і падзялілася з Аляксандрам Лукашэнкам стыпендыятка спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Кацярына Сумарава, якая працуе настаўніцай сталічнай мастацкай школы №3. Сёння наспела надзённая патрэба ў стварэнні цэнтра сучасных мастацтваў, дзе таленавітая творчая моладзь магла б прадстаўляць сваё бачанне айчыннай выяўленчай прасторы ХХІ стагоддзя. Падобныя цэнтры, дзе могуць выстаўляцца ўзоры маладых крэатыўных эксперыментатараў і наватараў, ёсць у многіх краінах блізкага і далёкага замежжа.

Міністр культуры Павел Латушка адзначыў, што надзённае пытанне аб стварэнні цэнтра ўжо абмяркоўвалася з Прэм'ер-міністрам краіны, з уладнымі структурамі горада. Ён таксама паведаміў, што пэўную фінансавую падтрымку праекту гатовы аказаць "Прыорбанк". Памяшканне таксама папярэдне акрэслена: цэнтр мяркуецца размясціць у пустуючым будынку Парку Чалюскінцаў. Прэзідэнт, выслухаўшы прапанову, падкрэсліў, што месца прывязкі цэнтра ў парку - удалае, і даў даручэнне далей прапрацоўваць гэтае пытанне.

 У зале, дзе размешчана экспазіцыя работ маладых мастакоў, на мальберце стаяў мазаічны твор - абраз "Спас Нерукатворны", выкананы творчым калектывам студэнтаў Акадэміі мастацтваў пад кіраўніцтвам Дзяніса Чубукова. Гэты твор дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва маладыя мастакі перадалі ў дар Прэзідэнту як сімвал духоўнай дамінанты, на якую абапіраецца маладое пакаленне беларускай творчай эліты.

Нацыянальны мастацкі - іміджавы аб'ект дзяржавы. Тут размешчаны ў/i/content/pi/cult/289/4713/2-1.jpgнікальныя зборы твораў выяўленчага мастацтва майстроў розных эпох з розных краін свету. Гэтая захавальніца скарбаў у 2006-м займела новы музейны корпус, і сёння агульная плошча ўстановы складае 12 130 кв. метраў, 4 152 кв. метра з якіх-выставачныя. Нягледзячы на тое, што экспазіцыйныя плошчы павялічыліся ў чатыры разы, музей мае вострую патрэбу ў дадатковых, бо на сёння на агляд наведвальнікаў выстаўлена толькі 5% усёй калекцыі, што захоўваецца ў яго фондах.

Далейшае пашырэнне дэпазітарыя і экспазіцыйных плошчаў магчыма толькі за кошт будынкаў, што знаходзяцца побач з галоўным музейным. Актуальным з'яўляецца пытанне размяшчэння рэспубліканскіх рэстаўрацыйных майстэрань, а таксама ўсіх тых аб'ектаў, якія могуць стварыць неабходную інфраструктуру для далейшай плённай працы ўстановы культуры. Прынамсі, на новых плошчах можна было б размясціць невялікія сувенірныя крамы і кавярні. На сёння, заўважыў у размове з Прэзідэнтам дырэктар музея Уладзімір Пракапцоў, у гэтым ёсць пільная патрэба, бо "кубачак гарбаты выпіць няма дзе".

Па словах міністра культуры Паўла Латушкі, які расказаў Прэзідэнту аб перспектыўным плане развіцця музея, ужо распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя на тры чаргі. Для рэалізацыі праекта патрабуецца сто пяцьдзясят мільярдаў беларускіх рублёў. Такім чынам, мяркуецца стварыць сучасны музейны квартал, зручны і для самой установы, і для наведвальнікаў, сярод якіх - турысты, госці краіны.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што, у прынцыпе, згодны з такім бачаннем перспектывы музея, толькі ўсё трэба дасканальна прадумаць і "размеркаваць па гадах нагрузку". Прэзідэнт даручыў старшыні Мінгарвыканкама Мікалаю Ладуцьку знайсці побач з музеем такое памяшканне, дзе магчыма было б адкрыць сувенірную краму за больш кароткі тэрмін, не чакаючы рэалізацыі праекта.

Такім чынам, Нацыянальны мастацкі музей на працягу недалёкай будучыні можа набыць новае аблічча, займець у перспектыве еўрапейскага кшталту інфраструктуру. Гэты плануемы музейны комплекс з сучасным тэхнічным абсталяваннем і ўнікальнымі экспазіцыямі, які мяркуе заняць вялікі квартал, стане яшчэ адной адметнасцю квітнеючай Беларусі.

На здымку: Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання Нацыянальнага мастацкага музея.