“Стомлены...”? Нястомны!

№ 39 (959) 25.09.2010 - 01.10.2010 г

Сучасная беларуская драматургія вядомая сёння і далёка за межамі нашай краіны. Гэта засведчыла нядаўняя прэм’ера спектакля “Стомлены д’ябал” па п’есе Сяргея Кавалёва, што адбылася ў славацкім горадзе Сеніца. Паставіў спектакль славацкі рэжысёр і мастацкі кіраўнік тамтэйшага тэатра Іван Фодар.

/i/content/pi/cult/288/4708/13-5.jpg

Сеніца і яе тэатр цікавыя тым, што месцяцца ў Загор'і - унікальным рэгіёне Славакіі, які знаходзіцца на мяжы з Чэхіяй і дзе мовай большасці насельніцтва з'яўляецца... загорацкі дыялект: на ім размаўляе каля двухсот тысяч чалавек. "Калі я толькі пачынаў сваю рэжысёрскую дзейнасць у Сеніцы, - распавёў Іван Фодар, - я ставіў авангардныя спектаклі на славацкай мове, якія збіралі ўсяго толькі па 20 - 30 чалавек, пераважна з ліку маіх знаёмых і сяброў . Але калі пачаў прадстаўляць пастаноўкі на загарацкім дыялекце, у тым ліку і шэкспіраўскую "Рамэа і Джульету", наша зала на 450 месцаў пачала запаўняцца, як кажуць, бітком".

Натуральна, што і "Стомлены д'ябал" для гэтай пастаноўкі спачатку быў перакладзены на славацкую мову Наталляй Кісялёвай, а потым з яе - на загарацкую гаворку - знаным славацкім пісьменнікам Юзафам Мараўчыкам Якубоўцам. На наступны дзень пасля прэм'еры беларускага госця прыняў мясцовы прэзідэнт - гэтую неафіцыйную грамадскую пасаду ў сталіцы Загор'я Скаліцы займае кампазітар Пала Немец Лелін.

Дарэчы, менавіта яго музыка гучыць у спектаклі. А самога драматурга ў час славацкай вандроўкі найбольш уразіла паездка ў невялічкую, але надзвычай гасцінную вёску пад назвай... Кавалёў. Дарэчы, "Стомлены д'ябал" - не першы твор Сяргея Кавалёва, пастаўлены ў Славакіі. У 2008 годзе на сцэне тэатра лялек з Кошыцы беларускі рэжысёр Алег Жугжда ўвасобіў яго п'есу "Піліпка і ведзьма".

Ул. інф. На здымку: сцэна са спектакля "Стомлены д'ябал".