Сеніца і яе тэатр цікавыя тым, што месцяцца ў Загор'і - унікальным рэгіёне Славакіі, які знаходзіцца на мяжы з Чэхіяй і дзе мовай большасці насельніцтва з'яўляецца... загорацкі дыялект: на ім размаўляе каля двухсот тысяч чалавек. "Калі я толькі пачынаў сваю рэжысёрскую дзейнасць у Сеніцы, - распавёў Іван Фодар, - я ставіў авангардныя спектаклі на славацкай мове, якія збіралі ўсяго толькі па 20 - 30 чалавек, пераважна з ліку маіх знаёмых і сяброў . Але калі пачаў прадстаўляць пастаноўкі на загарацкім дыялекце, у тым ліку і шэкспіраўскую "Рамэа і Джульету", наша зала на 450 месцаў пачала запаўняцца, як кажуць, бітком".
Натуральна, што і "Стомлены д'ябал" для гэтай пастаноўкі спачатку быў перакладзены на славацкую мову Наталляй Кісялёвай, а потым з яе - на загарацкую гаворку - знаным славацкім пісьменнікам Юзафам Мараўчыкам Якубоўцам. На наступны дзень пасля прэм'еры беларускага госця прыняў мясцовы прэзідэнт - гэтую неафіцыйную грамадскую пасаду ў сталіцы Загор'я Скаліцы займае кампазітар Пала Немец Лелін.
Дарэчы, менавіта яго музыка гучыць у спектаклі. А самога драматурга ў час славацкай вандроўкі найбольш уразіла паездка ў невялічкую, але надзвычай гасцінную вёску пад назвай... Кавалёў. Дарэчы, "Стомлены д'ябал" - не першы твор Сяргея Кавалёва, пастаўлены ў Славакіі. У 2008 годзе на сцэне тэатра лялек з Кошыцы беларускі рэжысёр Алег Жугжда ўвасобіў яго п'есу "Піліпка і ведзьма".
Ул. інф. На здымку: сцэна са спектакля "Стомлены д'ябал".