У рамках "Тэатральнага тыдня з "Белгазпрамбанкам", які пройдзе з 5 па 10 кастрычніка, Мінск наведаюць лепшыя расійскія спектаклі, створаныя па п'есах знакамітага класіка. Гэта ўжо далёка не першая акцыя па падтрымцы тэатральнага мастацтва ў беларускай сталіцы (спонсар "... тыдня" - галоўны партнёр Міжнароднага тэатральнага фестывалю "Панарама") і- яскравы ўзор таго, як мецэнацтва здольнае паспрыяць далучэнню нашага гледача да цікавых твораў тэатральнага мастацтва.
Сёлета "Тэатральны тыдзень" на пляцоўцы Рэспубліканскага Палаца культуры прафсаюзаў адкрываюць Дзяржаўны акадэмічны Малы тэатр Расіі са спектаклем "Вяселле, вяселле, вяселле" і Маскоўскі тэатр "Эрмітаж" з "Тайнымі запіскамі тайнага саветніка". Другая ж яго палова будзе "асветлена" пастаноўкамі, якія сталіся намінантамі і лаўрэатамі Расійскай Нацыянальнай прэміі "Залатая маска".
7 кастрычніка на пляцоўцы Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра гледачы пабачаць знакаміты спектакль " Д з я дзька Ваня" Дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Я.Вахтангава, пастаўлены рэжысёрам Рымасам Тумінасам. Галоўныя ролі ў ім выконваюць Сяргей Макавецкі, Людміла Максакава, Уладзімір Удавічэнкаў, Уладзімір Сіманаў. А 8 кастрычніка, ужо на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, будзе прадстаўлена "Чайка" Тэатра балета Барыса Эйфмана. Дарэчы, прыхільнікі творчасці гэтага майстра 10 кастрычніка змогуць пабачыць і яго не менш знакамітую "Анну Карэніну" па аднайменнаму раману Л.Талстога.
Можна не сумнявацца, што беларуская вандроўка "Залатой маскі" пакіне нашым сталічным гледачам шмат яркіх уражанняў і падстаў для разваг аб айчынным тэатры. Тым больш, што неўзабаве ў нашай краіне таксама з'явіцца яе творчы "аналаг" - Нацыянальная тэатральная прэмія. І верыцца, што гэткім жа чынам, як цяпер "Залатая маска", у хуткім часе лепшыя беларускія спектаклі таксама змогуць годна прадстаўляць айчыннае тэатральнае мастацтва на падмостках розных краін свету.
На здымках: сцэны са спектакляў "Дзядзька Ваня" і "Тайныя запіскі тайнага саветніка".