Гадзіннік Коласа

№ 39 (959) 25.09.2010 - 01.10.2010 г

У сценах колішняй аршанскай радзільні, дзе амаль 80 гадоў таму ўбачыў свет пісьменнік Уладзімір Караткевіч і якая ў 2000-м стала яго музеем, адкрылася выстаўка з фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.

/i/content/pi/cult/288/4703/22-4.jpg

 "Я прыйшоў дзеля Вас..." - своеасаблівы пачатак цэлага шэрагу мерапрыемстваў да 130-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры, якое адзначым у 2012 годзе. І Музей Уладзіміра Караткевіча ў Оршы быў абраны для такой імпрэзы не выпадкова.

Мала хто ведае, што будучы аўтар "Каласоў пад сярпом тваім" яшчэ студэнтам даслаў некалькі лістоў Якубу Коласу: адзін- з віншаваннем да дня нараджэння, другі - з просьбаю даць рэцэнзію на рукапісны зборнік гістарычных легенд і вершаў. І лісты, і копію таго самага рукапіснага сшытка з першымі літаратурнымі спробамі будучага раманіста можна пабачыць на выстаўцы.

Выключна для аршанскага музея калегамі-коласаўцамі быў падрыхтаваны цыкл "Якуб Колас і Віцебшчына". На выстаўцы прадстаўлены таксама лепшыя ўзоры мастацкай Каласіяны. Асобна можна вылучыць акварэлі-ілюстрацыі да паэмы Якуба Коласа "Новая зямля" народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча, графіку Сямёна Геруса, серыю "Радзіма Якуба Коласа" Уладзіміра Сулкоўскага.

Нельга пакінуць без увагі рэчы Якуба Коласа і рукапісы, якія нясуць энергію дотыку ягоных рук. Асабістыя рэчы Песняра - своеасаблівая звязка паміж партрэтамі і асобаю самога народнага паэта. Кожная з іх з'яўляецца сёння найкаштоўнейшым экспанатам музея: кашуля, партфель, нож для разрэзкі паперы, 6ціпрадметны чарнільны прыбор, барометр, кішэнны гадзіннік...

Анатоль ТРАФІМЧЫК, старшы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа

На здымках: фрагмент экспазіцыі.