Парады ад продка Радзівілаў

№ 39 (959) 25.09.2010 - 01.10.2010 г

Ад легенд да высокага мастацтва: які ён, імідж слыннага роду?

/i/content/pi/cult/288/4701/22-1.jpg

Дом князёў Радзівілаў адыгрываў на працягу больш чым пяці стагоддзяў адметную ролю ў палітычным, сацыяльным і культурным жыцці Вялікага Княства Літоўскага, а затым - і Рэчы Паспалітай. Надзвычай высокім быў і міжнародны статус роду. Радзівілы былі праз шлюбы злучаны з многімі арыстакратычнымі фаміліямі Еўропы, а таксама - з пануючымі дынастыямі Ягелонаў і Гогенцалернаў.

Прызнаннем высокага сацыяльнага статусу і міжнароднага прэстыжу дому Радзівілаў з'явілася наданне яму ганаровага спадчыннага тытула князёў Свяшчэннай Рымскай Імперыі спачатку ў 1518 годзе імператарам Максіміліянам І князю Мікалаю II, а затым у 1547 г. імператарам Карлам V братам Мікалаю Чорнаму і Мікалаю Рудому.

 На працягу некалькіх стагоддзяў грамадства неаднаразова задавалася пытаннем, у чым сакрэт такой незвычайнай сацыяльнай "жывучасці" і палітычнай трываласці роду Радзівілаў? І першымі, хто паспрабаваў адказаць на гэта пытанне, былі... самі Радзівілы ў XVII- XVIII стст. Тлумачэнне ўласнай фартуне яны шукалі ў трансцэндэнтнай сферы, у Боскім спрыянні і заступніцтве, што цалкам адпавядала духу эпохі. Тады ж, мусіць, нарадзіўся і дэвіз Радзівілаў: "Бог нам радзіць". З'явіўся ён не без сувязі з этымалагічнай легендай, паводле якой яны атрымалі сваё родавае імя дзякуючы мудрым парадам свайго далёкага напаўміфічнага продка паганскага святара Ліздзейкі, які аднойчы параіў вялікаму князю Гедыміну заснаваць на месцы, дзе той спыніўся пасля цяжкага палявання, горад Вільню.

Не толькі высокі статус і неаспрэчны прэстыж, але і сацыяльна-палітычныя трансфармацыі і пераўтварэнні ў Вялікім Княстве Літоўскім другой паловы XVI ст. патрабавалі ад Радзівілаў мабілізацыі і актуалізацыі ўласнай памяці. У новай дзяржаве - Рэчы Паспалітай - ім даводзілася канкурыраваць ужо не толькі з іншымі магнацкімі родамі ВКЛ, але і з арыстакратычнымі дамамі Польшчы. У гэтых умовах слыннай фаміліі было неабходна сцвердзіць сябе як высакародны старажытны шляхецкі род, які сваім паходжаннем пераўзыходзіў бы іншых.

Першым творам, дзе знайшла адлюстраванне гістарыяграфічная памяць Радзівілаў, з'яўляецца палемічны трактат "Размова Паляка з Ліцвінам", які належаў пяру тагачаснага віленскага войта Аўгустына Мялескага Ратундуса - асобы, блізкай да канцлера ВКЛ Мікалая Радзівіла Чорнага. У гэтым творы Радзівіл, сын вялікага князя жамойцкага Манцівіла, выступае як слынны ваяр і заваявальнік Падляшша і Чорнай Русі. Радзівілавым пляменнікам быў князь Віцень, які даў пачатак дынастыі Ягелонаў. Тым самым сцвярджалася роднасць Радзівілаў з пануючым домам. Разам з тым, падкрэслівалася і рымскае паходжанне магнацкай сям'і, а таксама гістарычна абгрунтоўвалася яе права на нядаўна дараваны княскі тытул і легітымізавалася іхняя ўлада на Падляшшы і Чорнай Русі.

 Пазней з'явілася іншая генеалагічная легенда Радзівілаў, відаць, не без удзелу /i/content/pi/cult/288/4701/22-2.jpgМацея Стрыйкоўскага. Ён звязваў паходжанне роду ад паганскага святара Ліздзейкі, мудрага дарадцы вялікага князя Гедыміна. Пазней геральдысты і гісторыкі толькі пашырылі гэта паданне. Цяпер паходжанне Радзівілаў звязвалася з князем Нарымунтам, патомкам князя Палемона, чыім сынам з'яўляўся Ліздзейка. Ад апошняга нарадзіўся Віршула, які, у сваю чаргу, даў жыццё Сырпуцю. Ад апошняга паходзіў Войшунд Радзівіл. З невялікімі зменамі гэтая генеалагічная легенда княжацкага дому Радзівілаў праіснавала да XX ст.

Сапраўдным творцам мемарыяльнай традыцыі фаміліі Радзівілаў па праве можа лічыцца Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка. Менавіта ён распачаў будаўніцтва ў сваёй рэзідэнцыі ў Нясвіжы ў 1583 г. касцёла Божага Цела і абарончага замка. Несумненна, гэта з'яўлялася часткай грандыёзнага праекта Мікалая Крыштофа па захаванні родавай памяці, якая павінна была служыць доказам шляхетнасці і высакароднасці яго прадстаўнікоў, праявай высокага сацыяльнага статусу, прэстыжу і палітычнай велічы.

Уяўленні Радзівілаў пра сваіх продкаў, уласнае мінулае знайшлі шырокае адлюстраванне ў шматлікіх творах мастацтва, у першую чаргу, у жывапісе, скульптуры і пісьменстве. Галерэя партрэтаў найбольш яркіх прадстаўнікоў роду Радзівілаў, пачынаючы ад Войшунда, а таксама асоб, звязаных з імі кроўнымі і сямейнымі вузамі, вялікіх князёў літоўскіх і польскіх каралёў мусіла падкрэсліць адметны сацыяльны статус і высокі міжнародны прэстыж. Асобныя карціны адлюстроўвалі найважнейшыя падзеі ў гісторыі роду і служылі напамінам пра слаўныя ўчынкі продкаў. У мастацкай калекцыі знаходзіліся і работы на рэлігійную, біблейскую, міфалагічную тэматыку. Увесь ансамбль мусіў падкрэсліць, гэтым разам вобразна, прыналежнасць Радзівілаў да вытокаў і каранёў еўрапейскай культуры.

Замак таксама быў упрыгожаны антычнымі скульптурамі, сярод іх - фігуры Юлія Цэзара, Актавіяна Аўгуста, Тыберыя, Калігулы, Клаўдзі/i/content/pi/cult/288/4701/22-3.jpgя, Нерона, Гальбы, Атона, Вітэлія, Веспасіяна, Ціта і Даміцыяна - яны мусілі сведчыць пра паходжанне Радзівілаў ад імператараў Старажытнага Рыма.

У замкавым архіве захоўваліся шматлікія дакументы. Ён мусіў засведчыць, на думку стваральнікаў збору, выдатную ролю шматлікіх пакаленняў роду ў гісторыі ВКЛ. Сярод іншых матэрыялаў у архіве меліся генеалагічныя даследаванні і табліцы.

Нават збраёўня Радзівілаў, якая ўключала пераважна турнірную зброю і гарматы, адлюстроўвала рыцарскі ідэал, вельмі шанаваны ў гэтай сям'і. Хаця яе прадстаўнікі, за рэдкім выключэннем, не вызначаліся на палях бітваў.

Культурная памяць Радзівілаў, увасобленая ў шматлікіх творах мастацтва і літаратуры, ладзе жыцця і стылі паводзін, дапамагла ім сфарміраваць уласны вобраз. Разам з тым, кожнае пакаленне імкнулася перадаць гэты імідж уласнай мінуўшчыны наступным пакаленням, тым самым спрыяючы падтрыманню родавай еднасці, пачуццю ўласнай велічы і адметнасці.

Уладзімір КАНАНОВІЧ, кандыдат гістарычных навук