Блукаючы рамантык Валенцій Ваньковіч

№ 39 (959) 25.09.2010 - 01.10.2010 г

“Быў мастаком высокіх здольнасцей…”

/i/content/pi/cult/288/4700/23-1.jpg

...Хачу сказаць некалькі слоў пра настаўнікаў Ваньковіча ў Акадэміі мастацтваў, паколькі яны практычна не згадваюцца мастацтвазнаўцамі. Між тым уплыў прафесараў - "рускага Рафаэля" Аляксея Ягорова, "рускага Пусэна" Васіля Шабуева і асабліва Андрэя Іванава - на маладога Валенція несумненны як у сэнсе тэхнічнага майстэрства, так і ў прыхільнасці да гісторыка-рэлігійных сюжэтаў. Дастаткова сказаць, што менавіта Андрэй Іванавіч Іванаў (дарэчы, бацька Аляксандра Іванава, аўтара "З'яўлення Хрыста народу") прапанаваў Ваньковічу намаляваць на конкурс карціну "Подзвіг маладога кіяўляніна..." (тэма - з часоў княжання Святаслава Ігаравіча) па новай версіі, якую сам прафесар 17 гадоў таму рэалізаваў у сваім палатне пад той жа назвай. Я бачыў іванаўскую кампазіцыю ў Рускім музеі і павінен сказаць: карціны настаўніка і вучня вельмі падобныя.

 (Заканчэнне. Пачатак у №№ 37, 38.)

Яшчэ пецярбургскі перыяд для Ваньковіча знамянальны тым, што тут ён сустрэў шмат цудоўных людзей, прадстаўнікоў культурнай расійскай эліты, а таксама выдатных землякоў - жывапісца Іосіфа Аляшкевіча і графіка-рысавальшчыка Аляксандра Арлоўскага, якія былі своеасаблівай кропкай прыцягнення не толькі эмігрантаў з Беларусі і Польшчы, але і "зорак" рускай літаратуры - А. Пушкіна, В.Жукоўскага, П. Вяземскага, А.Дэльвіга, І.Крылова, братоў К. і М. Палявых, І. Кірэеўскага, Д. Венявіцінава, Я. Баратынскага, кампазітара М.Глінку... У сярэдзіне 1820-х гадоў у сталіцы з'явіліся стары знаёмы мастака па Вільні гісторык М. Маліноўскі і ўрач, пісьменнік, мемуарыст Станіслаў Мараўскі. Менавіта дзякуючы іх успамінам, а яшчэ дзённікам Алены Шыманоўскай, да нас дайшлі некаторыя падрабязнасці прабывання Ваньковіча ў Пецярбургу, асабліва пра творчыя ўзаемаадносіны Ваньковіча, Міцкевіча і Пушкіна.

Што тычыцца паэтаў, іх знаёмства адбылося яшчэ восенню 1826 года ў Маскве і вылілася ў моцнае сяброўства. Князь Пётр Вяземскі расказваў, што Пушкін аднойчы сустрэў Міцкевіча на вуліцы, адступіў у бок і сказаў: "З дарогі, двойка, туз ідзе!" На што Міцкевіч вокамгненна адказаў: "Казырная двойка і туза б'е!" Мала хто ведае, што Пушкін лічыў Міцкевіча больш вялікім паэтам, чым ён сам. Сябра Ваньковіча А. Адынец у лісце да Юліяна Корсака ў маі 1829 года ўспамінаў пра тое, як на адной вечарыне ў гонар Пушкіна, дзе імправізаваў Міцкевіч, Пушкін "сарваўся з месца, і кудлацячы валасы, амаль што бегаючы па зале, усклікаў: "Які геній! Якое свяшчэннае полымя! Што я перад ім?" - і кінуўшыся на шыю Адама, сціснуў яго і стаў цалаваць як брата». Ды і К. Палявой у сваіх "Запісках" кажа, што "па адукаванасці, па шматбаковай вучонасці Міцкевіча Пушкін не мог параўноўваць сябе з ім. І прызнанне ў тым робіць найвялікшы гонар розуму нашага паэта». У сваю чаргу Міцкевіч, ужо пасля гібелі Пушкіна, казаў пра яго: "Я ведаў рускага паэта вельмі блізка і даволі працяглы час; я назіраў у ім характар занадта ўражлівы, а часам - лёгкі, але заўсёды шчыры, высакародны і адкрыты". І нават тады, калі яны сталі, так бы мовіць, антаганістамі ў адносінах да польска-беларускіх падзей 1830-1831 гадоў (узгадаем вершы Пушкіна "Паклёпнікам Расіі" і "Ён між намі жыў..."), Міцкевіч да канца жыцця заставаўся прыхільнікам творчасці свайго колішняга сябра.

І, канешне, менавіта Міцкевіч пры першай магчымасці пазнаёміў Ваньковіча з Пушкіным, як толькі той у маі 1827 года прыбыў з Масквы ў Пецярбург, дзе і знаходзіўся (з кароткімі ад'ездамі) роўна два гады - да ад'езда ў Грузію.

 У снежаньскія дні 1827 года мастак прыступіў да малявання адразу двух партрэтаў знакамітых паэтаў. Станіслаў Мараўскі, які наведаў майстэрню Ваньковіча, піша ў сваіх "Успамінах": "Сярод карцін, паразвешваных на сценах, у вочы кінуліся два вялікія партрэты, якія стаялі на мальбертах побач. Адным з іх быў партрэт Міцкевіча ў бурцы, які абапіраўся на скалу Аю-Даг,- партрэт, які пазней зрабіўся такім жа папулярным, як і сам Міцкевіч. Побач стаяў другі партрэт зусім аднолькавага памеру. Ён адлюстроўваў мужчыну, захутанага ў шырокі плашч-альмавіву з клетчатай падкладкай, які задуменна стаіць у сузіранні пад цяністым дрэвам. Твар вельмі непрыемны, каларыт нейкі дзіўны, аднак неяк інстынктыўна можна было адчуваць, што ён натуральны; рысы твару мала цікавыя, тым больш, што партрэт зроблены быў en face і лез у вочы; блікі з ценямі ад дрэва часткова коўзалі па твары, усё гэта разам прымушала глядзець на палатно з некаторай агідай.

- Хто гэта такі? - спытаў я.

-Ды хіба ты не ведаеш? Гэта Пушкін, і прытым вельмі падобны, як дзве кроплі вады..."

 Чалавек на партрэце не быў яму знаёмы. А калі ў Екацярынгофе, на абедзе, які даваў Пушкін у гонар прыезду Міцкевіча з Масквы, Мараўскі убачыў паэта, адразу ж пазнаў яго па Ваньковічавым партрэтным увасабленні.

19 сакавіка 1828 года Алена Шыманоўская запісала: "Разам з Вяземскім, Пушкіным і Маляўскім мы паехалі на Васільеўскі востраў у майстэрню Ваньковіча. Там стаялі партрэты Міцкевіча і Пушкіна, якія ён зрабіў для выстаўкі ў Варшаве. Адтуль мы паехалі да мастака Арлоўскага. У яго ёсць збор рарытэтаў, сярод іх пісьмы Касцюшкі". Партрэт Пушкіна, аднак, знік бясследна пасля 1863 года пры канфіскацыі маёмасці малодшага сына мастака Яна Эдварда Ваньковіча, які разам з братамі браў актыўны ўдзел у паўстанні. Затое алоўкавы варыянт партрэта захаваўся і сёння знаходзіцца ў Пушкінскім музеі.

 А што да партрэтнай карціны "Адам Міцкевіч на гары Аю-Даг", дык гэты твор з'яўляецца, мабыць, найлепшым у творчасці жывапісца. І сам Міцкевіч пагадзіўся з такой думкай. Нездарма замовіў сябрумастаку тры ці чатыры паўторы і нават некалькі копій знаёмым капіістам. Хаця некаторыя даследчыкі па якасці вы/i/content/pi/cult/288/4700/23-2.jpgканання аддаюць перавагу карціне "Багародзіца Вастрабрамская", якую мастак маляваў незадоўга да сваёй смерці. Можа і так. Арыгінала, на жаль, не бачыў...

У лютым 1828 года ў Пецярбург пераехала Анэля Ваньковіч. З той пары ўстанаўліваюцца сяброўскія стасункі паміж сем'ямі Шыманоўскіх і Ваньковічаў. Яны разам жывуць у Паргалаве на лецішчы. Алена Шыманоўская запісала ў дзённіку: "Надвячоркам усе прыйшлі да нас, і мы спявалі імправізацыі Міцкевіча". Дарэчы, у 1832 годзе Алена бярэ шлюб з Францішкам Маляўскім, а яе сястра Цаліна паехала пасля смерці маці за мяжу і стала ў 1834 годзе жонкай Адама Міцкевіча. А вось на стажыроўку ў Італію мастак так і не паехаў: не аказалася грошай у кішэні Віленскага ўніверсітэта! І 28 лютага Ваньковіч накіроўвае падзячны ліст прэзідэнту Акадэміі мастацтваў А. Аленіну і паведамляе аб сваім ад'ездзе ў Мінск. Аднак сувязей з Акадэміяй не парывае. Захаваўся яго ліст ад 19 снежня 1829 года, дзе ён піша па-руску: "Знак отличия, которым благоволила Императорская Академия художеств удостоить меня (маецца на ўвазе Малы залаты медаль.- Б.К.), весьма для меня лестен и будет питать в моем сердце по конец жизни чувствительнейшую и беспредельную признательность".

21 верасня 1832 года Вучоны Савет Акадэміі за партрэты, "пісаныя з натуры", надаў Ваньковічу званне "прызначанага". Гэта апошняя ступень перад званнем акадэміка. Што гэта былі за партрэты, невядома. Зыходзячы з даты, гаворка ідзе пра бліскучыя вобразы Антона Гарэцкага і слонімскага прадвадзіцеля дваранства Войцеха Пуслоўскага. Ну што казаць, засталася "справа за малым": атрымаць званне акадэміка. 20 сакавіка 1833 года Ваньковіч звяртаецца ў Акадэмію з просьбай "прызначыць яму праграму на званне сапраўднага акадэміка, бо званне прызначанага дае яму сілы і падвоенае жаданне да мастацтва". І Савет пайшоў яму насустрач. Прапанаваў напісаць "сямейную сцэну" і выбраць сюжэт па сваім жаданні. Павінна ў той сцэне быць не менш дзвюх фігур "у натуральную велічыню, пакаленных". Задача для Ваньковіча зусім лёгкая, але штосьці здарылася, і мастак работу так і не напісаў.

Жыў Ваньковіч у сваёй сядзібе Малая Сляпянка, але ў Мінску бываў часта. Гасцяваў у Верхнім горадзе ў Яна Дамеля, свайго колішняга ўніверсітэцкага выкладчыка, шмат часу праводзіў у майстэрні мастакааматара Чэслава Манюшкі, чыя сястра Міхаліна пабралася шлюбам са стрыечным братам Валенція - Эдвардам. А сын Чэслава Стась вучыўся побач у гімназіі: урокі будучаму вялікаму кампазітару даваў Дамінік Стэфановіч. Наогул, два сямействы, Ваньковічаў і Манюшкаў, сябравалі даўно. Родавы маёнтак Валенція- Калюжыцы ў Ігуменскім павеце - знаходзіўся непадалёк ад Смілавіч і Шыпян, якія належылі роду Манюшкаў.

А Смілавічы ў тыя часы, дзякуючы братам Чэслава - Казіміру і Дамініку, былі своеасаблівым культурным цэнтрам гэтага рэгіёна. У іх доме, дарэчы, мелася цудоўная калекцыя жывапісу з творамі вядомых мастакоў, у тым ліку - Валенція Ваньковіча. У прыватнасці, тая самая карціна "Адам Міцкевіч на скале Аю-Даг", таксама партрэты Дамініка Манюшкі і Станіславы Гарноўскай, сястры мастака. Карацей кажучы, у 1830-я гады мастаку не было роўных сярод жывапісцаў Беларусі і Літвы, і аб гэтым ён сам ведаў. Але, на думку сучаснікаў, характар яго пасля вяртання на радзіму з Пецярбурга змяніўся- стаў раздражняльным і нават высакамерным, што і адбілася, перш за ўсё, у адносінах з жонкай і дзецьмі, а таксама - з сябрамі і калегамі.

 Канешне, кожны час мае сваё мастацтва. Пасля задушэння паўстання 1831 года ў Беларусі наступіла глыбокае расчараванне, асабліва сярод інтэлектуалаў. Той час наклаў грунтоўны адбітак на многія чалавечыя адносіны, на мараль і культуру. Усё гэта балюча перажываў і Ваньковіч. Магчыма, "новыя парадкі", якія прыйшлі пры царстваванні Мікалая I, яшчэ больш выявілі яго схільнасць да іпахондрыі. Як усякі чуллівы чалавек, Ваньковіч цягнуўся да ідэалу і маляваў ідэальных з яго пункту гледжання людзей. Гэта, напрыклад, Анджэй і Караліна Тавяньскія, Казімір Пясецкі, Соф'я Пясецкая з дзецьмі, Вікенцій Гечан-Гелевіч, графіня Караліна Сабаньская, родная сястра Евы Ганскай, жонкі Бальзака, якую так кахалі Пушкін і Міцкевіч! Ды што казаць: пры ўсім знешнім дэндызме Ваньковіч не мог не марыць аб дасканалым ладзе грамадства, дзе ўвасобіліся б у жыццё вялікія прынцыпы свабоды і роўнасці людзей, дзе перамагла б гармонія працы і мастацтва.

 У канцы 1830-х Ваньковіч зразумеў: на радзіме краіны мары і прыгажосці, быць не можа, і, пакінуўшы сям'ю, з'ехаў у Германію, каб накарміць душу сваю свежымі ўражаннямі ад сустрэч з еўрапейскім мастацтвам. Перад ад'ездам напісаў сваёй жонцы: "Таму што дзеці ў маленстве... я ўпэўнены, што жонка мая... скіруе іх час да самых карысных заняткаў, прывучваючы іх да спраў і да пераадолення ўсякага роду цяжкасцей". Гэта была эміграцыя. Але калі ў многіх яго сяброў больш прэвалявалі грамадска-палітычныя аспекты, то Ваньковіч, у адрозненне, скажам, ад Міцкевіча, у іх рэалізацыі ўдзелу не прымаў, альбо - не паспеў прыняць. Можа, таму што перашкодзіла цяжкая хвароба, можа, па іншай прычыне...

 Апошнія восем месяцаў жыцця Ваньковіч працаваў практычна без адпачынку, быццам бы адчуваў, што дні яго злічаны. Пісаў карціны пра Напалеона.

 Узяўся за палатно "Святы Ян" і гэтым творам, як успамінаў Міцкевіч, "гразіўся пераўзысці ўсіх мюнхенскіх мастакоў". Але хвароба наступала. 16 сакавіка 1842 года пісьменнік Стэфан Вітвіцкі пісаў з Парыжа ў Галіцыю паэту Юзэфу Залескаму: "Ваньковіч бедны "zapadi na piersi" і падаецца, што смяротна. Вельмі мне шкада бедака, прыстойны хлопец... Сам Адам казаў, /i/content/pi/cult/288/4700/23-3.jpgшто душа яго такая напружаная, што арганізм не вытрымлівае". Праз месяц таму ж адрасату: "Адам і ўсе ў яго здаровыя, акрамя аднаго Ваньковіча, які паступова згасае". Вось такім мастак прадстаўлены на апошнім, вельмі далёкім ад рамантычнага вобраза юнака 1820-х гадоў "Аўтапартрэце" 1842 года: схуднелы, нядбайна прычасаны мужчына з насцярожаным позіркам і рэдкай бародкай...

А ён вельмі хацеў працаваць. Міцкевіч пісаў аб гэтым: "У апошнія хвіліны перад смерцю ён з'явіўся, стогнучы, з вугалем у руцэ, мазануўшы па сцяне". У той жа дзень за некалькі гадзін да смерці Ваньковіча Міцкевіч запісаў апошнюю волю сябра, і той уласнай рукой падпісаў завяшчанне. Прывяду яго амаль цалкам: "Пакінуць сям'і і дзецям маю маёмасць, якая пасля мяне засталася. Хачу яе даверыць аднаму з сяброў, Адаму Міцкевічу, каб дзейнічаў у адпаведнасці з законам і старанна апякаў маю маёмасць, не дазваляючы нікому іншаму ўмешвацца ў яго распараджэнні. Некаторыя карціны падлягаюць продажу на аплату маіх парыжскіх даўгоў, грошы, што застануцца, раздаць тым, хто мае ў іх патрэбу. Вобраз Св.Яна Евангеліста пакідаю Міцкевічу... Вобраз Св. Клары пакідаю Анджэю Тавяньскаму. Папкі і альбомы пакідаю маім дзецям. Вобраз Мадонны можа быць прададзены. Карціны і папкі, якія знаходзяцца ў Берліне, таксама будуць узяты роднымі. Года 1842, мая 12 дня. Партрэт Анджэя пакідаю ў распараджэнне Анджэя. Акварэль пакутніка Св. Яна аддаю Міцкевічам. Валенцій Ваньковіч".

У той жа дзень мастак памёр. Паніхіда адбылася ў адным з бліжэйшых касцёлаў. За труной ішлі Антон Гарэцкі і Роза Высагердава, народжаная Гарэцкая, усе Міцкевічы і знаёмыя парыжане. Сціплы абеліск на могілках Манмартра Сен-Дэні (7 лінія, магіла №20) устаноўлены на сродкі Розы Высагердавай.

 Зразумець да канца, якім быў Валенцій Ваньковіч чалавекам, задача з самых складаных, прынамсі для мяне. Месяцовы ландшафт яго гаротнай душы яшчэ належыць вывучыць гісторыкам мастацтва, хаця вонкавая канва жыцця Валенція Мельхіёравіча больш-менш вядомая. Адно ясна: мастак быў акрыленым рамантыкам, але з пяшчотным, кволым сэрцам. І гэты боль сэрца, памножаны на лятучую мару аб чалавечай свабодзе (пазней падобны боль пранізваў і Багдановіча, і Купалу, і Шагала), якая пачыналася яшчэ на радзіме, зрабіла Ваньковіча тым, кім ён застаўся ў еўрапейскай гісторыі культуры. І ў нашай, нацыянальнай, найперш.

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"