Талаш? Тут характар патрэбны…

№ 39 (959) 25.09.2010 - 01.10.2010 г

Распачаліся здымкі новай стужкі ”Беларусьфільма” паводле “Дрыгвы” Якуба Коласа

20 верасня на "Беларусьфільме" распачаты здымкі чатырохсерыйнай тэлекарціны "Талаш" паводле аповесці Якуба Коласа "Дрыгва". Праца ідзе ў выключна напружаным рэжыме. Звязацца з рэжысёрам і выканаўцам галоўнай ролі папросту немагчыма: "мабільнікі" адключаны. Іхнія жонкі толькі разводзяць рукамі: маўляў, здымачная група адпраўляецца ў Смалявічы зранку, а вяртаецца ледзь не апоўначы. Але пад час здачы н/i/content/pi/cult/288/4697/12-2.jpgумара мы ўсё ж здолелі пагутарыць з трыма асобамі, чыё жыццё так ці інакш звязана з Коласавым творам.

"Асоба, што гарой стаіць за Бацькаўшчыну..."

Міхась МІЦКЕВІЧ, сын Якуба Коласа:

- Я калі даведаўся, што ролю дзеда Талаша выканае Генадзь Гарбук, дык вельмі быў задаволены: лепшага акцёра і не знойдзеш. Тут, пагадзіцеся, характар патрэбны не абы-які, сіла духу, грунтоўнасць і імклівасць у думках і ўчынках... Я сустракаўся з дзедам Талашом, калі ён дзесьці ў сярэдзіне 1930-х прыязджаў у Мінск, а потым і ў Маскве бачыліся. Чалавек незвычайны. Яго вельмі дакладна Якуб Колас апісвае: каржакаваты, невысокі, з моцным поціскам рукі, разумны, хітраваты.... Гэта асоба, што гарой стаіць за Бацькаўшчыну. Чужога не возьме, але і свайго не аддасць. А гэта - нацыянальны характар. І каму, як не Генадзю Гарбуку, яго ўвасабляць... За адзінае перажываю: занадта даўно "Дрыгва" напісана. Але аповесць - адно, а сцэнарый - зусім іншае...

Нацыянальныя рысы

 Сяргей ШУЛЬГА, рэжысёр-пастаноўшчык "Талаша":

- Фільм, можна сказаць, заказаў Генадзь Гарбук. Сцэнарый пісаў менавіта пад яго. На "Белвідэацэнтры" зняў дакументальную стужку "Доўгая дарога да сябе" (адбылося тое ў 2008 годзе - Я.Р.), пасля чаго Генадзь Міхайлавіч сказаў: "Было б добра сыграць Талаша"... Узялі "Дрыгву", звязаліся з Музеем Якуба Коласа, пагутарылі з яго малодшым сынам, атрымалі блаславенне, так бы мовіць, - вось і нарадзіўся сцэ/i/content/pi/cult/288/4697/12-3.jpgнарый, напісаны пад канкрэтнага выканаўцу галоўнай ролі...

 Чаму менавіта "Дрыгва"? Я не бачу іншага твора, які здолеў бы напоўніцу раскрыць гэтага акцёра. А мне падаецца, што яго магутны патэнцыял раскрыты не цалкам. Кіраўнік нашага праекта Генадзь Палока, у якога Гарбук здымаўся ў карціне "Вока за вока", зазначыў вельмі дакладна, што Генадзь Міхайлавіч як акцёр - нароўні з Міронавым, Еўсцігнеевым, Смактуноўскім, з якімі ён, дарэчы, і здымаўся некалі разам... Цалкам далучаюся да гэтага меркавання. Паўтаруся: яго не раскрылі канчаткова. І цяпер, калі акцёру 76 гадоў, "Дрыгва", як мне думаецца, адзіны класічны нацыянальны твор, дзе можна было б ярка паказаць гэтага артыста...

Аператар карціны Сяргей Бондараў, мастак-пастаноўшчык Алег Сыравараў... З 20 верасня мы здымаем сыходзячую натуру. Гэта пачатак фільма: Палессе, 1914 год, пярэдадзень Першай сусветнай вайны, завязка сюжэта. Працуем на натурпляцоўцы пад Смалявічамі... А здымкі будуць доўжыцца да канца лютага. Паедзем у Пружаны, у мясцовы палацык. Здымкі плануюцца і ў Музеі архітэктуры і побыту ў Строчыцы, а таксама - у наваколлях Ракава.

 Жанр фільма - гістарычная трагедыя. Галоўная ідэя карціны - ідэя незалежнасці Беларусі. Гэта спроба паказаць, што ў той час былі такія людзі, як дзед Талаш, Макар Балук, Мартын Лаза, што насуперак усяму імкнуліся захаваць адзінства нацыі, каб не трапіць ні пад чый уплыў. Зазначу: замежных акцёраў у мяне няма, здымаюцца толькі беларускія.

"Ёсць над чым ламаць г

аловы"

Генадзь ГАРБУК, народны артыст Беларусі, выканаўца ролі дзеда Талаша:

 

/i/content/pi/cult/288/4697/12-1.jpg

-Пра ролю гэтую марыў даўно, нават калі яшчэ дакладна не ведаў біяграфію Васіля Ісакавіча. Але калі яе вывучыў, быў яшчэ больш уражаны. Калі Талаш пад час вайны з палякамі пайшоў у партызаны, арганізаваў атрад, змагаўся, яму было ўжо 76 гадоў. Разумееце, у 76 гадоў у чалавека адбыўся ўнутры неверагодны пераварот, бо дагэтуль займаўся ён адно толькі ўласнай гаспадаркай! І раптам - пералом! Больш за тое, калі пачынаецца Вялікая Айчынная вайна, Талашу - 99 гадоў. І ён зноў у шэрагу барацьбітоў, гэтым разам - з фашызмам. Цяжка нават уявіць такое - 99 гадоў...

У мяне прыкмета ёсць: аб тым, як павінна быць роля зроблена, я ніколі не кажу, вось калі зраблю - тады я вам "бочку арыштантаў" нагавару. А я цяпер толькі аб фактах біяграфіі гэтага неверагоднага чалавека. Ён нават у сто гадоў дома ўседзець не мог, працаваў лесніком, а праца - не з лёгкіх! У Талашу, я ўпэўнены, сканцэнтраваліся ўсе лепшыя рысы народа нашага: розум, цвярозы падыход да жыцця, неверагоднае працалюбства, ацэнка людзей, аналіз падзей... І не прыгадаю больш дакладнага ўвасаблення народнага духу. Усё ж перад намі не мастацкі прыдуманы вобраз, а рэальны чалавек...

Сяргей Шульга напісаў цудоўны сцэнарый, арыгінальны, але з захаваннем усёй гістарычнай дакладнасці падзей. Уведзена шмат новых вобразаў. Карацей, акцёрам ёсць над чым ламаць галовы.

 

Фота з кінапроб Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"