Акварэльны эксперымент

№ 39 (959) 25.09.2010 - 01.10.2010 г

У галерэі “Акадэмія” Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў нядаўна была прадстаўлена экспазіцыя твораў Мікалая Мішчанкі, напісаных алеем. Зноў імя жывапісца аказалася ў выставачных афішах сталіцы, калі ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча прадэманстравалі амаль тры дзясяткі яго работ, якія адкрываюць гледачу Мішчанку-акварэліста.

/i/content/pi/cult/288/4696/11-3.jpg

Хаця назва для выстаўкі кшталту "Эксперымент" у сучасных рэаліях пасуе хутчэй постмадэрнісцкаму мастацтву, да рэалістычных эцюдаў і замалёвак майстра яно таксама падабрана трапна. Канешне, надзвычайнай экспрэсіяй стыль аўтара не вылучаўся - пейзажы і нацюрморты на яго акварэлях (дарэчы, таксама як і на палотнах алеем) вельмі спакойныя, лірычныя. Аднак месца пошуку ў сваёй творчасці жывапісец таксама адвёў.

Эксперыментуе мастак з тэхнікамі акварэлі: у адной невялічкай зале знайшлі месца і эцюды "па-сырому", і тонка прапісаныя творы, і акварэлі з выкарыстаннем "мазаічнай" тэхнікі накладання мазка, некаторыя і ўвогуле блізкія да пуантылізму.

Празрыста-вытанчаныя і густа-насычаныя, акварэлі Мішчанкі нясуць гледачу пэўны настрой. Аўтар не гуляе з прыёмамі, а свядома падыходзіць да прымянення той або іншай акварэльнай тэхнікі- і мазок добра паддаецца яму, выдатна выяўляе задуманае. Відаць, таму кавун на эцюдах Мікалая Яўгенавіча такі сакавіты, пялёсткі ружы такія вытанчаныя, а пэндзлі, здаецца, яшчэ мокрыя пасля працы мастака. Тонка перадае Мішчанка станы прыроды: ранняя вясна на яго акварэлях слякатна-шэрая, зіма - мякка-светлая, лета - спакойна-радаснае...

Д.Д.