Конкурс для… Гварнеры

№ 39 (959) 25.09.2010 - 01.10.2010 г

Не “топ-мадэль”, а гук і дух стагоддзяў

/i/content/pi/cult/288/4693/6-2.jpg

Днямі ў Мінск дастаўлена скрыпка работы Андрэа Гварнеры, набытая ў Вялікабрытаніі. Інструмент, створаны майстрам у 1673 годзе, быў абраны нашымі спецыялістамі сярод сотні іншых. Іграць на ўнікальным інструменце змогуць самыя адораныя скрыпачы Беларусі. На старонках "К" - гісторыя і перадгісторыя гэтай падзеі, расказаная яе непасрэднымі ўдзельнікамі і сведкамі.

Як набыць рарытэт?

 - Скрыпка набывалася па даручэнні Прэзідэнта нашай краіны Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, - паведаміў намеснік міністра культуры Беларусі Віктар Кураш. - Як вядома, да Кіраўніка нашай дзяржавы звярнуўся сусветна вядомы расійскі скрыпач, дырыжор Уладзімір Співакоў. У сваім лісце ён ухваліў беларускую выканальніцкую школу і заўважыў, што нашы скрыпачы маглі б выступаць яшчэ больш паспяхова, каб ігралі на добрых інструментах старадаўніх майстроў.

У справядлівасці гэтых слоў мог пераканацца кожны, патрапіўшы год таму на канцэрты Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета. На буйны музычны форум было прывезена некалькі рарытэтных інструментаў, і нашы лаўрэаты, стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі Арцём Шышкоў і Улада Беражная змаглі іх апрабаваць: спачатку ў класе на рэпетыцыі, а потым- непасрэдна пад час выступленняў у фестывальных канцэртах на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Так што, можна сказаць, фестываль Башмета таксама падштурхнуў далейшыя падзеі.

Сапраўды, у неабходнасці набыцця добрай скрыпкі ніхто не сумняваўся. Але ажыццяўленне гэтай працэдуры сталася шматэтапным працэсам. Па-першае, трэба было знайсці сам інструмент, які б адпавядаў неабходным патрабаванням. Скрыпка выбіралася, калі можна так сказаць, на конкурснай аснове. Правядзенне тэндара не дало выніку: у абедзвюх з прапанаваных нам скрыпак якасць інструментаў не адпавядала іх кошту. Так што пошукі давялося працягнуць. І, вядома, у самым шчыльным кантакце з Міністэрствам замежных спраў. Яго супрацоўнікі звязваліся з дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі нашай краіны ў замежжы. Тыя, у сваю чаргу, вывучалі наяўнасць адпаведных фірм, іх магчымасці і прапановы, інфармавалі пра гэта нас. У выніку мы спыніліся на трох фірмах: з Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі. Далейшая праца яшчэ больш звузіла кола: Лондан. Бо там аказаўся самы багаты выбар пры даволі вялікай грашовай разбежцы: фірма "Florian Leonhard Fine Violins" магла прапанаваць больш як сотню скрыпак коштам ад дваццаці тысяч да шасці мільёнаў долараў ЗША. Да таго ж, гэтая кампанія забяспечвала поўную сертыфікацыю інструмента і змагла выдаць пасведчанне аб яго сапраўднасці, якое дзейнічае па ўсім свеце. Каб канчаткова выбраць інструмент, у якасці экспертаў у Вялікабрытанію былі камандзіраваны прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Эдуард Кучынскі і ягоны зорны выхаванец Арцём Шышкоў, чыю ігру, дарэчы, у свой час і адзначыў згаданы Уладзімір Співакоў.

Асобная гісторыя - пошукі грошай. Мы вельмі ўдзячны спонсарам, якімі сталі гіганты айчыннай прамысловасці "Белнафтахім" і "Нафтан", а таксама - "Белтрансгаз". Сёння скрыпка ўжо дастаўлена, так што вельмі хутка ўсе не толькі пабачаць яе, але і пачуюць. Мы плануем правесці вечар-прэзентацыю.

- Набыты інструмент, - дадала начальнік аддзела навучальных устаноў і работы з творчай моладдзю Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Наталля Шмакава, - уласнасць дзяржавы. Але ён для таго і набываўся, каб гучаць. Таму яго будуць выдаваць лепшым музыкантам - стыпендыятам і лаўрэатам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. І, вядома ж, не для пастаянных заняткаў, а толькі тады, калі праграма ўжо развучана, падрыхтавана - непасрэдна перад адказнымі конкурснымі і канцэртнымі выступленнямі.

Душа на далонях

 - Кожны музыкант,- філасофскі заўважыў рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Аляксандр Рашчупкін, - вельмі трапятліва ставіцца да свайго інструмента. А скрыпачы - тым больш. Скрыпка невыпадкова параўноўвалася і параўноўваецца з /i/content/pi/cult/288/4693/6-1.jpgдушой, і адбываецца гэта не толькі з-за пэўнага тэмбру. Добры выканаўца аддае скрыпцы часцінку сваёй душы - і яна адказвае яму тым жа. А ў старадаўніх інструментаў, прасякнутых, вобразна кажучы, "духам стагоддзяў", энергетыка ўвогуле асаблівая. З імі заўсёды звязана амаль што нейкая містыка - узгадайце хаця б вядомую тэлестужку "Візіт да Мінатаўра". Інструменты, вырабленыя ў адзіным экзэмпляры, застаюцца нябачна знітаваныя і з тым майстрам, які іх нарадзіў, і з усімі музыкантамі, што да іх дакраналіся. Таму набытая скрыпка, падкрэслю, - гэта не прадмет шоу і не своеасаблівая "топ-мадэль", якая павінна "пазіраваць", удзельнічаць у прыёмах - адно з-за сваёй вонкавай прыгажосці. Куды важней захаваць яе ўнутраную сутнасць, яе душу, а гэта значыць - ставіцца да яе не проста акуратна, а з неабходным піетэтам, як да яркай асобы, што мае не проста "свой голас", але і свой уласны характар. Яна не пацерпіць ні бяздзейнага знаходжання ў скрыні-футарале, ні, тым больш, панібрацкага да сябе стаўлення. Іншымі словамі, набытая скрыпка - інструмент адухоўлены. І патрабуе такой жа адухоўленасці і чыстых, светлых памкненняў ад кожнага, хто апынецца побач і, тым больш, возьме яе ў рукі.

"Любоў з першага погляду" або...

 - Падобныя інструменты, - распавёў прафесар БДАМ Эдуард Кучынскі, - звычайна набываюцца на аўкцыёнах. Сярод пакупнікоў бываюць як прыватныя асобы, так і спецыялізаваныя фірмы, якія, набыўшы інструмент, займаюцца яго рэстаўрацыяй, даводзяць да ладу і потым зноў выстаўляюць на продаж. У адной з такіх фірмаў, у Лондане, мы і пабывалі з Арцёмам Шышковым.

Растлумачу, гэта не "музычная крама" ў яе звыклым выглядзе. Уявіце вялізны асабняк, абнесены металічнай агароджай з сігналізацыяй. Туды нельга ўвайсці проста так, "з вуліцы": неабходна папярэдне дамовіцца, удакладніць час і мэты наведвання. Мы вельмі ўдзячныя і нашаму Міністэрству культуры, і супрацоўнікам Пасольства Беларусі ў Вялікабрытаніі, бо прыехалі ўжо на "падрыхтаваную глебу": з фірмай правялі перамовы, дасягнулі дамоўленасці аб сустрэчы. У Лондане нас суправаджалі прадстаўнікі амбасады, менавіта яны ўстанаўлівалі кантакты. Дый уласна ў "краме" стварылі ўсе ўмовы для спакойнага, цалкам асэнсаванага выбару. Высветліўшы, інструмент якой катэгорыі нам патрэбны, гаспадары прапанавалі сем варыянтаў - на выбар. І пакінулі нас у зале, дзе мы з Арцёмам змаглі апрабаваць інструменты.

Дадам, што ў гэтай лонданскай "краме" - дзве залы, прызначаныя для падобных "прымерак", і працаваць там можна не хвіліну-дзве, а па некалькі дзён, каб канчаткова вызначыцца з пакупкай. Мы з Арцёмам пайгралі на ўсіх інструментах, зрабілі папярэдні прыкід, потым прыйшлі на другі дзень, каб пераканацца ў правільнасці свайго выбару. З сямі інструментаў спыніліся на трох. І на фінальным этапе ўладальнікі фірмы замовілі на пэўны час філарманічную залу, каб мы маглі паслухаць гучанне інструментаў непасрэдна ў канцэртных умовах.

Насамрэч, мы ледзь не адразу пачалі "сімпатызаваць" той скрыпцы, якую ў выніку і абралі. Але, пагадзіцеся, любая інтуіцыя і "любоў з першага погляду" павінна падмацоўвацца разважлівасцю, асэнсаванасцю важнага кроку. Таму пачуць не толькі сам тэмбр і тэхнічныя магчымасці інструмента, але і яго акустычныя якасці, відавочныя ў філарманічных умовах, было папросту неабходна. Дый любая сур'ёзная фірма зацікаўлена не ў спантанных пакупніках, што падпарадкоўваюцца адно рухам пачуццяў, а ў такіх жа сур'ёзных, разважлівых кліентах, якія, перш чым адрэзаць, дзесяць разоў адмераюць. Гэта не кірмаш, дзе могуць падмануць: тут на кожны інструмент маюцца падрабязныя звесткі і пра ранейшых гаспадароў (наша скрыпка, між іншым, "кватаравала" ў Мексіцы, перш чым яе набыла лонданская фірма), і пра тыя рэстаўрацыйныя работы, што праводзіліся. Бо любы інструмент, якому больш за тры стагоддзі, патрабуе не толькі адпаведнага догляду, але і рэстаўрацыі, касметычных працэдур.

Падкрэслю, што ўся гэта інфармацыя абсалютна адкрытая, даступная для любога карыстальніка Інтэрнэта. І робіцца гэта яшчэ і дзеля аховы рарытэтных інструментаў. Прывяду такі прыклад. Пасля смерці Давіда Ойстраха зніклі два інструменты з яго калекцыі. Але праз нейкі час злодзей сам прынёс іх у міліцыю: маўляў, толькі забярыце, бо прадаць іх немагчыма! Нават за самыя "смешныя" грошы: адразу зразумела, адкуль яны ўзяліся ў "новага гаспадара"...

 Дарэчы, на нашых "агледзінах" выбар інструмента не завяршыўся. Бо пасля нас тую лонданскую фірму наведаў расійскі эксперт Міхаіл Гаранок - дырэктар Дзяржаўнай калекцыі ўнікальных музычных інструментаў Дзяржаўнага музейна-выставачнага цэнтра "РОСИЗО" Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі. Ён таксама даў сваю ацэнку, падтрымаў наш выбар.

Дадам таксама, што акрамя скрыпкі, якая каштавала 230 тысяч долараў, быў набыты і смычок - за 18 тысяч долараў. Смычок выраблены французскім майстрам Анры ў другой палове ХІХ стагоддзя. Скрыпка ж, нагадаю, - знакамітым крэмонцам Андрэа Гварнеры, вучнем італьянца Амаці і пачынальнікам цэлага сямейства знакамітых скрыпічных майстроў. Больш вядомы ягоны ўнук- Джузэпэ Гварнеры, менавіта на яго інструменце іграў Паганіні. У параўнанні з дзедам, ва ўнука інструменты набылі больш "гламурнае" аблічча. Але мы не гналіся за знешняй прыгажосцю, аддаючы перавагу ўласна музычным якасцям. На гэта звярнулі ўвагу і ўладальнікі фірмы, яны так і сказалі: "Прыязджаюць кітайцы ды японцы - ім найперш "карцінку" давай, а вы, беларусы, больш цэніце тэмбр, музычнасць". Так і ёсць!

Акрамя таго, кожны музыкант павінен знайсці "свайго" майстра. Той жа Давід Ойстрах, да прыкладу, іграў толькі на скрыпках Страдзівары, а ягоны сын Ігар Ойстрах (як, дарэчы, і Леанід Коган) - на інструментах Джузэпэ Гварнеры. Тут усё залежыць і ад эстэтыкі эпохі, калі вырабляўся інструмент, і ад індывідуальнасцяў майстра і выканаўцы. Скрыпкі Страдзівары - з больш лёгкім, палётным гукам. Гварнеры - з больш моцным, разлічаным на іншую энергетыку, не на камерны салон, дзе чутна кожная дэталь, а на куды большыя канцэртныя залы.

 Мы выбіралі інструмент, калі можна так сказаць, "пад рукі" маіх вучняў, пад маю выканальніцкую школу. Але ў музыцы, як і ў культуры ўвогуле, не можа быць уніфікацыі, чагосьці "лепшага" адразу для ўсіх. Таму, трэба спадзявацца, з цягам часу беларуская дзяржаўная калекцыя, пачатак якой пакладзены зараз, пачне папаўняцца. Гэта нармальная сусветная практыка. Іншым краінам, вядома, прасцей, бо такія фонды складаліся ў іх цягам стагоддзяў. У той жа Расіі ў Доме-музеі Глінкі на сёння захоўваецца некалькі дзясяткаў унікальных інструментаў. Мы ж гэтую працу яшчэ толькі пачынаем. Затое колькі новых мастацкіх адкрыццяў у нас наперадзе!

Фота Юрыя ІВАНОВА

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"