Як пансіянат пераўтварыць у замак?

№ 39 (959) 25.09.2010 - 01.10.2010 г

або Пасадзіць артыста на жывога каня

Пансіянат "Тэатральны" з'явіўся, як той казаў, не ў свой час: урачыста адкрыты напрыканцы 1980-х, навабуд не змог знайсці сваё месца ні ў рэкрэацыйнатурыстычнай, ні ў творчай прасторы рэспублікі. Сёлета ўласніку будынка Рэспубліканскаму грамадскаму аб'яднанню "Беларускі саюз тэатральных дзеячаў" паступіла прапанова стварыць на базе былога пансіяната гісторыка-культурны цэнтр "Рыцарскі замак". Улетку пачалі працаваць першыя аб'екты гэтага маштабнага праекта, і адразу стала зразумела: ён будзе не толькі ядром, якое аб'яднае і ўздыме на новую вяршыню айчынны рух ваенна-гістарычнай рэканструкцыі, але - дапаможа многім культурным мерапрыемствам пановаму заявіць пра сябе. Балазе, самі тэатральныя дзеячы і іх цэхавая арганізацыя не застануцца "па-за гульнёй".

Непадалёк ад... садовага таварыства

Камандзіроўка карэспандэнта "К" да колішняга пансіяната "Тэатральны" непадалёк ад Астрашыцкага Гарадка распачалася... з пошуку дарогі. Некалі велічны будынак сёння згубіўся за шматлікімі лапікамі сотак сталічных дачнікаў. Не заўважыла цягам усяго шляху ніводнага ўказальніка, з цяжкасцю верыла, што разбітая шаша можа вывесці да мэты паездкі.

Аднак патрапіла на месца і адразу забылася на ўсе цяжкасці шляху - так уразілі краявіды. Адразу бачна, што будынак ствараўся канцэптуальна: шыкоўныя камінныя залы, вінтавыя лесвіцы, велічныя холы... На жаль, змяняючыя адзін аднаго арандатары хутка прывялі арыгінальны архітэктурны аб'ект у запусценне. Але сітуацыя, як ужо зазначала, кардынальна змянілася сёлета.

 Яшчэ на пачатку года Беларускі саюз тэатральных дзеячаў і Міжнароднае грамадскае аб'яднанне "Рыцары Утрэмера" стварылі сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасцю. Яно і стала першым крокам да ажыццяўлення ўнікальнага праекта. Гісторыка-культурны комплекс стане з цягам часу свайго роду інтэрактыўным музеем. Дарэчы, падобныя тэматычныя комплексы на еўрапейскай прасторы існуюць усяго ў трох гарадах.

Маштабны праект патрабуе вялікіх укладанняў. Таму было прынята, відаць, самае эфектыўнае рашэнне: грошы на развіццё аб'екта атрымліваць ад прыбытку за кошт арэнды плошчаў, правядзення гістарычных турніраў і фестываляў, спектакляў, канцэртаў, карпаратыўных мерапрыемстваў... Вядома, у працэсе развіцця комплексу мяркуецца прырост прыбытку за кошт яго актыўнай эксплуатацыі. Таму было вырашана не вызначаць пэўную дату здачы ўсяго аб'екта, а ўводзіць яго па частках.

Што ж зроблена на сённяшні дзень? За пяць месяцаў ачысцілі ад смецця і шматгадовых зараснікаў тэрыторыю, збудавалі рысталішча, сцэну для выступленняў пад адкрытым небам, правялі шэраг рамонтных работ у памяшканнях. Дапамагаць прыехалі дзясяткі валанцёраў, выхаванцы Першага мінскага кадэцкага корпуса...

Нават дырэктара новаўтворанага СТАА Дзмітрыя Несцюка я заспела ў рабочай спяцоўцы: ён толькі што вывучаў разам з сантэхніка/i/content/pi/cult/288/4692/5-1.jpgмі праблемны ўчастак каналізацыі.

 - Усе камунікацыі не працавалі амаль 15 гадоў,- зазначыў Дзмітрый. - Многія каналізацыйныя люкі дачнікі ўвогуле пазасыпалі. Даводзіцца ўсё наноў ачышчаць. Наша задача - зрабіць так, каб сюды прыязджалі людзі. Маштабы гэтай работы мо і незаўважныя, аднак усё зробленае дазволіць хутка ўвесці будынак у круглагадовае выкарыстанне.

У пакоях князя Вітаўта

 На тэрыторыі колішняга пансіяната "Тэатральны" работы не спыняюцца ні на хвіліну. Цікава, што асноўную іх частку прадстаўнікі клубаў ваенна-гістарычнай рэканструкцыі выконваюць сваімі рукамі. Мой суразмоўца па-гаспадарску радуецца з'яўленню асабістай піларамы, якая забяспечыць будоўлю неабходнымі матэрыяламі.

- Кожны з прадстаўнікоў рыцарскіх аб'яднанняў валодае прафесіяй, і гэты праект стаў пляцоўкай для таго, каб праявіць сябе, - сцвярджае дырэктар СТАА. - Мы самастойна фарбуем сцены, рамантуем катлы ў кацельні, рыхтуем даспехі і кальчугі для аздаблення інтэр'ераў.

 Апошнія, відаць, найбольш ярка ўразяць на прыкладзе гасцініцы на 125 месцаў, дзе, згодна з канцэпцыяй, плануецца ўвесці як нумары эканом-класа, што аздабленнем нагадаюць келлі манахаў, так і VIP-пакоі. Замест падобных, як дзве кроплі вады, стандартных гатэльных нумароў у хуткім часе з'явяцца "імянныя" спачывальні князя Вітаўта, караля Рычарда... Градацыя ў цане дапаможа зацікавіць кліентаў з рознымі магчымасцямі, а арыгінальны інтэр'ер не дазволіць патэнцыйнаму турысту прайсці міма такой эксклюзіўнай прапановы. Дарэчы, у летні перыяд наведвальнікам цэнтра прапануюць альтэрнатыву ў выглядзе... рыцарскага лагера, для якога ўжо цяпер шыюцца палаткі.

Побач з гасцініцай у будынку былога пансіяната ўзнікнуць памяшканні тэатральнага, экскурсійнага, забаўляльнага характару, адкрыецца невялікі тэматычны музей. Задзейнічаюць нават дах - там плануецца стварыць аглядавую пляцоўку з падзорнымі трубамі і тэлескопамі. А літаральна на маіх вачах узнаўлялі вялікія каміны, што былі сапраўдным упрыгожаннем "Тэатральнага".

 Пакрысе каманда рамантуе асобныя памяшканні будынка і адразу запускае іх у дзеянне: актыўна працуюць сталовая і бар, банкетная зала здаецца для правядзення вяселляў і карпаратыўных вечароў у стылістыцы Сярэднявечча, нумары таксама адразу прапануюцца гасцям. А колішняя кіназала ператварылася ў шыкоўную пляцоўку для масавых культурных мерапрыемстваў, прычым арэнда яе ўжо цяпер распісана на некалькі месяцаў наперад. Пансіянат набывае выгляд сярэдневяковага замчышча, але гэты антураж не замінае аматарам ірландскіх танцаў, дыскатэк... Зрэшты, як казалі мне на будаўнічай пляцоўцы, калі ў Еўропе робяць акцэнт у падобных праектах на Сярэднявечча, дык мы можам дазволіць сабе глядзець куды шырэй:

- Мы вырашылі не стрымліваць сябе нейкімі рамкамі, што надае комплексу вялікую папулярнасць. Натуральныя падмосткі для гістарычнай п'есы

Ідэі, прапанаваныя клубам ваеннагістарычнай рэканструкцыі, прыйшліся даспадобы старшыні Беларускага саюза тэатральных дзеячаў Аляксею Дудараву, які ў праекце адразу ўбачыў яшчэ адну шыкоўную магчымасць выкарыстання былога пансіяната: "Арыгінальныя інтэр'еры, комплексны падыход да ўзнаўлення гісторыі дае тэатралам новую пляцоўку для паказу на гэтых падмостках спектакляў на гістарычныя тэмы. Ці не шыкоўны падарунак айчынным рэжысёрам- пабачыць сваю пастаноўку па тэматыцы Старажытнай Русі, еўрапейскага Сярэднявечча, Вялікага Княства Літоўскага ў атачэнні рыцарскай атрыбутыкі?!"

Ужо сёння зразумела: калі зала атрымае патрэбнае абсталяванне, сюды можна будзе запрашаць замежныя трупы, праводзіць паказы гістарычных п'ес у рамках міжнародных фестываляў ці распачынаць арыгінальныя тэатральныя праекты. Тым больш, што творцаў тут не абмяжоўвае прастора. У летні час пастаноўкі магчыма перанесці на вуліцу, дзе для такой мэты прапануецца як вялікая сцэна, так і шматлікія стылізаваныя пад даўніну аб'екты.

 Перад будынкам, як ужо казала, існуе рыцарскае рысталішча. Пакуль гэта роўная пляцоўка, але хутка там паўстануць трыбуны. З іншага боку з'явіцца вуліца рамеснікаў і гандляроў з мноствам крам і стылізаваных дамкоў. Зразумела, у першую чаргу тут будуць прадаваць сувеніры, старадаўнія адзенне і абутак, даспехі і зброю. Але чым такія дэкарацыі не падыдуць, скажам, для здымак гістарычнай перадачы для тэлебачання ці нават сцэны мастацкай стужкі? Хаця кінематаграфістам, напэўна, прыйдзецца даспадобы палігон лучнікаў і парк асадных машын, куды ўвойдзе тэхніка Х- ХIV стагоддзяў з катапультамі, балістамі, трабушэтамі. А возера, дзе пл/i/content/pi/cult/288/4692/5-2.jpgануецца пабудаваць прычал з сярэднявечнымі лодкамі, зможа стаць натуральным антуражам для фестывалю этнічнай ці класічнай музыкі.

- Дарэчы, клубы ваенна-гістарычнай рэканструкцыі і тэатры цесна супрацоўнічалі задоўга да з'яўлення праекта "Рыцарскі замак", - распавядае Дзмітрый Нясцюк. - Нашы майстэрні часцяком дапамагалі ствараць даспехі для гістарычных п'ес, нашы спецыялісты не раз ставілі пастановачныя баі ў спектаклях. Было б цікава працягнуць сумесную працу ў новых маштабах. Вы толькі ўявіце сабе, якімі фарбамі зайграў бы, напрыклад, дудараўскі "Князь Вітаўт" Купалаўскага тэатра, каб персанажы выехалі да гледачоў на сапраўдных конях у акружэнні некалькіх дзясяткаў рыцараў, прычым - ля падножжа старадаўняга замка! Таму да нашых імпрэз гатовы прыцягнуць мастакоў тэатра.

У пачатку дарогі

 Увядзенне ўсіх аб'ектаў гісторыкакультурнага комплексу "Рыцарскі замак" разлічана на чатыры гады. Літаральна днямі запрацуе сайт, прысвечаны праекту БСТД і рыцарскага клуба. На віртуальных старонках патэнцыйныя турысты змогуць даведацца аб планах на будучае, бягучых работах, а таксама параўнаць новыя інтэр'еры і краявіды з тым, што ўбачыла ў пансіянаце гаспадарлівая каманда, калі распачалася праца.

- Спадзяюся, наша пачынанне знойдзе водгук у рэспубліцы, - зазначае Дзмітрый Нясцюк. - І гаворка тут не толькі пра новую прыступку ў развіцці рыцарскага руху (раней большасць гістарычных выступленняў была прывязана да буйных мерапрыемстваў кшталту Дня горада), але і пра ўзаемадзеянне з тэатральнай грамадой.

- Першым уласна тэатральным праектам, праведзеным у гэтых сценах, стануць урачыстасці, прысвечаныя Міжнароднаму дню тэатра, - дадае Аляксей Дудараў. - Ужо ў наступным сакавіку будзем уручаць "Крыштальную Паўлінку" ў сярэднявечным антуражы. У новым комплексе мы адзначым прафесійнае свята не традыцыйным двухгадзінным канцэртам, а цэлым шэрагам мерапрыемстваў, якія зоймуць некалькі дзён. Мяркую, праект дасць магчымасць тэатралам завязаць яшчэ больш цесныя прафесійныя стасункі, а моладзь бліжэй пазнаёміцца з мэтрамі нашай прафесіі.

Гісторыка-культурны комплекс ужо сёння абяцае стаць запатрабаваным турыстычным аб'ектам. Пасля поўнага запуску плануецца, што ў год яго змогуць наведваць не менш за 40 тысяч айчынных і замежных турыстаў. Канешне, нельга сцвярджаць, што на такую ж колькасць асоб павялічыцца лік прыхільнікаў тэатра і мастацтва наогул, але пастаноўкі, музычныя фестывалі, пленэры дапамогуць стварыць на базе колішняга пансіяната арыгінальны шматвектарны культурны аб'ект. Балазе, ніша пакуль вольная.

 

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"