Прагматыка і стымул у музейным вымярэнні

№ 39 (959) 25.09.2010 - 01.10.2010 г

Законапраект на разглядзе

 

Пад час чарговай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь плануецца разгляд у першым чытанні Закона "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь "Аб музеях і музейных фондах Рэспублікі Беларусь". - Гэтыя юрыдычныя інавацыі абумовіла сама практыка ў сферы музейнай дзейнасці нашай краіны, - пераканана намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Святлана Сухавей. - Жыццё не стаіць на месцы, і заканадаўства павінна аператыўна рэагаваць на яго актуальныя патрэбы.

Казаць пра істотныя змены ў дачыненні да музейнай сферы, натуральна, не выпадае. Большую частку дакумента займаюць прапановы па ўдасканаленні дзеючага закона - у тым ліку, і чыста тэрміналагічным. Аднак некаторыя інавацыі, акрэсленыя ў законапраекце, павінны закрануць не раўнуючы ўсіх работнікаў галіны.

Адпраўным пунктам распрацоўкі законапраекта можна лічыць выязное пасяджэнне камісіі Палаты прадстаўнікоў, якое адбылося на базе Нацыянальнага мастацкага музея 19 студзеня 2009 года (гл. "К" № 4 за 2009 г.).

 - Тады мы здолелі выявіць і ўсвядоміць шэраг недахопаў, якія тычацца заканадаўчага рэгулявання галіны,- кажа Святлана Сухавей. - А далей сумесна з Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь былі месяцы цікавай і плённай працы. Я і мая калега, намеснік старшыні профільнай камісіі Галіна Юргелевіч, знайшлі поўнае паразуменне са спецыялістамі Міністэрства. І, вядома, чынны ўдзел у распрацоўцы законапраекта ўзялі практыкі ў музейнай сферы і распрацоўшчыкі пастараліся ўлічыць усе іх канструктыўныя прапановы.

Такім чынам, аўтарства законапраекта належыць цэламу шэрагу прафесіяналаў, паміж якімі быў дасягнуты поўны кансэнсус па ўсіх прынцыповых пытаннях.

Што ж такое музей?

 Сёння гэтае пытанне ўжо не падаецца рытарычным. Слова "музей" гучыць вельмі часта, і ўжываецца яно не толькі датычна салідных інстытуцый з "нацыянальным" статусам, але і, скажам, прыватных калекцый антыкварыяту, якія лёгка змяшчаюцца ў адным пакоі. Адпаведна, патрэба ўдакладніць гэты тэрмін - прынамсі, у юрыдычным яго вымярэнні- наспела сама сабою.

 Паводле дзейнага заканадаўства, музеем мае права лічыцца тая ўстанова, якая рэалізуе большую частку ўстаноўленых відаў музейнай дзейнасці- прынамсі 7 з 12. Стваральнікамі законапраекта прапануецца іншая фармулёўка. Імі былі вызначаны тыя найпрыярытэтныя шэсць відаў дзейнасці, без якіх музей - не музей: выяўленне прадметаў музейнага значэння, камплектаванне фондаў, улік, захаванне, вывучэнне і папулярызацыя згаданых прадметаў і музейных калекцый. Калі папраўкі набудуць юрыдычную сілу, права называць сябе музеем атрымаюць толькі тыя арганізацыі, чыя дзейнасць адпавядае ўсім шасці пунктам.

- Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 247 упарадкаваў ужыванне словаў "нацыянальны" і "беларускі" ў назвах арг/i/content/pi/cult/288/4691/4-1.jpgанізацый. Распрацоўшчыкі палічылі патрэбным правесці такую самую карэкціроўку і адносна словаў "музей" і "музейны", - кажа Святлана Сухавей.

У той самы час, гэтая юрыдычная інавацыя можа адбіцца і на тых паўтары тысячы музеяў, якія створаны пры навучальных установах Беларусі. Зразумела, невялічкаму збору, створанаму на энтузіязме настаўнікаў і вучняў вясковай школы, будзе няпроста адпавядаць усім высокім патрабаванням. Адпаведна, ён рызыкуе страціць права на такі статус.

 - Гэтай тэме будзе прысвечана адмысловая нарада, якая, чакаецца, пройдзе 28 верасня на базе музеяў Белдзяржуніверсітэта, - кажа Святлана Сухавей. - Мы ўважліва азнаёмімся з праблематыкай, выслухаем тых, чые інтарэсы могуць закрануць будучыя заканадаўчыя змены. І пастараемся знайсці кампрамісны шлях. Магчыма, у юрыдычны ўжытак будзе ўведзена новае паняцце - прыкладам, "музейны куток".

Іншыя ж юрыдычныя асобы або структурныя падраздзяленні юрыдычных асоб, якія рызыкуюць страціць статус музея, здолеюць адкарэкціраваць сваю дзейнасць.

У сваю чаргу, пералік відаў музейнай дзейнасці, прыведзены ў дзейным сёння законе, мае папоўніцца. Адбудзецца апошняе ў звязку з тым, што многія ўстановы галіны паспяхова практыкуюць правядзенне народных абрадаў ды "ажыўленне" іншых помнікаў нематэрыяльнай спадчыны.

"Страхоўка" ад імя дзяржавы

Прапанаваныя змены тычацца самых розных аспектаў музейнага жыцця. Адзін з іх - забеспячэнне дзяржаўных гарантыйных абавязацельстваў захавання і своечасовага вяртання культурных каштоўнасцяў. Іх у абавязковым парадку патрабуюць замежныя партнёры айчынных музеяў перад тым, як бясцэнныя артэфакты з іх фондаў перасякуць мяжу Рэспублікі Беларусь. Але пакуль такія абавязацельствы айчынным заканадаўствам не прадугледжаны, і гэта стала прычынай зрыву не аднаго маштабнага выставачнага праекта. Прыкладам, творы Сальвадора Далі ў Мінску так і не ўбачылі. Афіцыйныя гарантыі Міністэрства культуры краіны маюць стаць належным грунтам для шэрагу амбітных ініцыятыў музейшчыкаў.

Пэўныя карэкціроўкі спазнае таксама і ўлік музейных прадметаў. На думку аўтараў законапраекта, далёка не ўсе з іх вартыя ўключэння ў Дзяржаўны каталог музейнага фонду Рэспублікі Беларусь. Значную частку складаюць ксеракопіі дакументаў, падшыўкі старых газет, малакаштоўны археалагічны матэрыял... Яго цэнтралізаваны ўлік прыводзіць да значных часавых выдаткаў, якія не заўсёды апраўданыя. Адпаведна, прапануецца пакінуць гэтае патрабаванне толькі для сапраўды значных артэфактаў.

Асобны артыкул законапраекта тычыцца скансэнаў, дзе ўмовы захавання экспанатаў кардынальна адрозніваюцца ад "музеяў пад дахам". Зберагчы артэфакты пад адкрытым небам ад згубнага ўздзеяння надвор'я папросту не ўяўляецца магчымым. Адсюль і патрэба ў юрыдычнай дыферэнцыяцыі.

Увогуле, стварэнню спецыяльных рэжымаў захавання музейных фондаў у новым законапраекце нададзена асаблівая ўвага. Гэта выяўляе нават змена фармулёўкі артыкула 4 дзейнага Закона, які адлюстроўвае асноўныя напрамкі дзяржаўнай палітыкі ў сферы музейнай справы.

У пункце 3 артыкула 10 дзейнага Закона, дзе сказана пра абавязковыя ўмовы для стварэння музеяў, слова "профіль" прапануецца замяніць на тое самае, але ў множным ліку. Таксама было палічана мэтазгодным удакладніць парадак перадачы музейнага фонду ліквідаванай установы іншым дзяржаўным музеям і заканадаўча замацаваць дзейнасць Рэспубліканскай рады дырэктараў музеяў, якая плённа працуе цягам вось ужо 10 гадоў.

План - не догма... І не дамоклаў меч

 Літаральна ў мінулым нумары "К" прагучала думка дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь Сяргея Вечара, які перакананы, што матывацыяй павелічэння аб'ёмаў платных паслуг для музейшчыкаў павінен быць іх прагматычны інтарэс, а не даведзеныя планы. Прапанаваныя змены ў закон аб музеях могуць надаць гэтаму падыходу юрыдычны статус.

Новым законам уводзіцца забарона на ўстанаўленне музеям нарматываў атрымання даходу. Адпаведна, калі праект набудзе сілу, планы платных паслуг гэтай сферы ўжо не будуць тычыцца.

На думку Святланы Сухавей, у асэнсаванні музейнай дзейнасці вельмі важна правільна ўсведамляць прыярытэты. Бо музеі - гэта, у першую чаргу, складнік культурнага і інтэлектуальнага развіцця беларускага грамадства. Той аспект іх дзейнасці, які можна назваць "камерцыйна-забаўляльным", - важны, але не найважнейшы. Аднак сёння наяўнасць плана платных паслуг істотным чынам карэкціруе музейную дзейнасць, і замест папаўнення фондаў, навуковых даследаванняў і стварэння новых выставак, прэрагатыва шмат у якіх установах надаецца зарабленню грошай.

Зразумела, нават не вядзецца і гаворкі пра згортванне вясельных абрадаў, "фота на памяць" у экспазіцыі, начных імпрэз ды ўсіх іншых цікавых ініцыятыў, якія распачалі нашы музеі, кіруючыся не толькі творчымі матывацыямі, але і камерцыйнымі. Проста фінансавыя вынікі гэтай дзейнасці не будуць рэгламентавацца "зверху". І ўжо не яны стануць найважнейшым крытэрыем паспяховай дзейнасці ўстановы.

- Пад час працы над законапраектам мы пачулі нямала аргументаў на карысць такой інавацыі, - кажа Святлана Сухавей. - Прывяду канкрэтны прыклад. Тэрыторыя Дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту нярэдка выкарыстоўваецца кінематаграфістамі ў якасці здымачнай пляцоўкі - што, у сваю чаргу, уплывае на аб'ём платных паслуг. Але ж стабілізаваць попыт на такую паслугу музей ніяк не можа - і, тым болей, стымуляваць яго павышэнне. Сёння строчыцкая "натура" спатрэбілася рэжысёру, заўтра - хто ведае, паслязаўтра ізноў патэлефануюць... А план, тым часам, штогоду расце.

Іншы падобны казус тычыўся ўкаранення на Беларусі сусветнай традыцыі вольнага наведвання музеяў у адзін з дзён тыдня - цудоўнай піяр-акцыі, здатнай істотна пашырыць кола аўдыторыі. Аднак... Супрацоўнікі музеяў скардзяцца на сапраўдны падрыў плана платных паслуг: не дзіва, што многія наведвальнікі абіраюць менавіта "бясплатны" дзень. Так эканамічныя інтарэсы ўступаюць у супярэчнасць з найважнейшымі сацыякультурнымі задачамі.

Як адзначыла Святлана Сухавей, эканамічны эфект ад рэгулявання платных паслуг у музейнай сферы не надта вялікі. А вось грамадска-культурны плён адмены рэгулявання чакаецца куды большы. І на чашы шаляў ён яўна пераважае.

 - Музейныя работнікі шчыра ўразілі мяне сваёй інтэлігентнасцю і бескарыслівай адданасцю справе, - кажа Святлана Сухавей.- Супрацоўніцтва з імі прынесла мне сапраўднае чалавечае і прафесійнае задавальненне. І ў сваіх пачынах гэтыя рупліўцы вымагаюць асаблівай увагі і падтрымкі дзяржавы. Урэшце, мы ўсе павінны ўсведамляць, што беларускія музеі - гэта важны складнік сусветнага іміджу краіны. І менавіта гэты падыход быў найпрыярытэтным пад час распрацоўкі законапраекта.